«Добрыя справы трэба рабіць ціха», упэўнена начальнік аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама Надзея Здрок

- 13:09Интервью

Начальнік аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама Надзея Здрок — дачка настаўніцы з Люсінскай сярэдняй школы. Яна ж праўнучка той Кацярыны Цялушкі, якая асабіста ведала Канстанціна Міцкевіча ў Люсіне як настаўніка, сябравала з Ядвісяй, вобраз якой адлюстраваны ў кнізе “У палескай глушы” трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

Слава папярэднікаў дае стымул для творчага росту. Для сябе ж Надзея Здрок даўно зразумела: найперш, каб самарэалізавацца, трэба стаць прафесіяналам у сваёй справе, цалкам аддавацца ёй — тады шчасце, як кажуць класікі, само цябе знойдзе. І слава, калі каму суджана ў яе промнях пакрасавацца, не абміне працавітых. На­дзея Здрок была прызнана пераможцай абласнога этапу конкурсу “Жанчына года — 2022” у намінацыі “Актыўная грама­дзянская пазіцыя”.

З разваг пра тое, што фарміравала Надзею Уладзі­мі­раўну як асобу, дзе набывала вопыт, і пачалася наша размова.

З Люсінскага радаводу

— У каго вучылася?.. Перш-наперш у бацькоў. Мая мама Яўгенія Мікалаеўна Кухарэнка 44 гады працавала ў Люсінскай сярэдняй школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Родам была з Сіняўкі, гэта Клецкі раён, у Ганцавічах скончыла педвучылішча (раней тут было) ды ў Люсіна размеркавалася. Тата быў з мясцовых: працаваў кіраўніком у лясгасе ўсё жыццё.

— І ад мамы ў вас у спадчыну — настаўніцкая прафесія, ад таты — уменне кіраваць людзьмі?

— (Усміхаецца.) З настаўніцт­вам, відаць, раней завязаліся родавыя сувязі. Прабабуля мая, Кацярына Андрэеўна Цялушка, пражыла больш за 100 гадоў, ведала ў юнацтве будучага Якуба Коласа, сябравала з Ядвісяй — дачкой аб’ездчыка Ігната Баранцэвіча. Калі ў Люсіне ў 1982 годзе адкрывалі музей, да 100-годдзя песняра, то прабабуля была з люсінцаў адзінай жывой сведкай, хто памятаў Міцкевіча як настаўніка мясцовай школы. Працаваў ён там, нагадаю, у 1902/1903 на­вучальным годзе. Мы з яе дапамогай удакладнілі: дзе ж быў Целяшоў дуб? Нехта сцвярджаў: нібыта ля Дубаўскога возера. “Не, дзеці, — казала, — Колас ніколі там не бываў. Той дуб рос пры дарозе на Малькавічы, калі ад Люсіна рухацца”. У прабабулі добрая памяць была, зберагала яркія ўспаміны пра мінулае. Расказвала: не адразу настаўніка мясцовыя людзі прынялі. Дый Колас пісаў недзе, што “жывуць там палешукі, а не людзі”. Вельмі насцярожана паставіліся да чужога чалавека і спачатку, казала прабабуля, “дзявок сваіх у школу не пушчалі…” У светапогля­дзе палешукоў на той час вучоба была не самай важнай справай, найперш дзяўчыне трэба ўмець прасціткаць, іншую сялянскую работу рабіць. Люсінцы першыя месяцы прыглядаліся да настаўніка, потым-такі прынялі яго: запрашалі ўжо на вяселлі і радзіны, ці калі хлопцаў адпраўлялі ў войска.

— Пра дуб удакладніце: знайшлі вы яго з прабабулінай “наводкай”?

— Знайшлі! Дакладней, адшукалі, што ад Целяшова дуба засталося. Раней Аляксандр Свірыд быў тут старшынёй райвыканкама, і яму цікава ўсё, што тычыцца Якуба Коласа. Цяпер Аляксандр Уладзіміравіч на пенсіі… І мы з ім паехалі неяк шукаць знакаміты дуб. Прабабуля казала, што ў яго ўдарыла маланка, дуб занямог і ўрэшце ссох. Знайшлі яго парэшткі: павалены таўшчэзны ствол, парослы мохам. Паставілі там памятны знак і малады дубок паса­дзілі побач: нібы ўнук ён ужо ў коласаўскага дуба. Цяпер педагогі Люсінскай сярэдняй школы, якой прысвоена імя Якуба Коласа, зрабілі туды турмаршрут: кіламетраў сем у адзін бок. І пешшу вучні ходзяць у вандроўку, і на машыне можна даехаць. Прабабуля расказвала яшчэ: на той час у Люсіне царквы сваёй не было, і калі вянчацца ці дзіця хрысціць людзі ездзілі ў Малькавічы, то даязджалі да таго месца прыгожага — называецца Яшукова гара. Там спыняліся, коней распрагалі, адпачывалі. Так што гэта знакавае, гістарычнае месца!

У кожнай установе адукацыі мы стварылі і вядзём летапісы. Падкрэслю: у кожнай! Цяпер у раёне 32 установы адукацыі, з іх 11 дзіцячых садоў і школ-комплексаў. Летапісы вядзём не толькі ў электронным фармаце: робім стэнды з фотаздымкамі, альбомы.

— Ваш асабісты настаўніцкі лёс як пачынаўся?

— Калі з аглядкай на гісторыю гаварыць, то я мала­дзейшай была, чым Канстанцін Міхайлавіч, калі ў школу прыйшла не як вучаніца: у 17 гадоў пачала працаваць піянерважа­тай. Тады ж паступіла ву­чыцца завочна — і адразу з галавой у практыку. Мне хацелася хутчэй стаць падмогай бацькам, у іх на шыі не сядзець.

Маміны ўрокі

— Значыць, вы педагагічную мудрасць найперш на практыцы засвойвалі. А з піянерважатых куды пайшлі?

— Стала ў Люсіне намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Калі адкрываліся сацыяльна-педагагічныя цэнтры, узначаліла адзін з іх, у Ганцавічах. Потым адкрыўся пры ім дзіцячы прытулак. Часам больш за 20 сацыяльных сірот было там, якіх па розных прычынах забіралі з сем’яў. Далей закінуў мяне лёс на дзесяць гадоў дырэктарам школы ў вайсковую часць, пасля дырэктарам 3-й школы. На сённяшняй паса­дзе працую амаль 10 гадоў.

— Каго з вашых настаўнікаў згадваеце з удзячнасцю?

— Пра маму я ўжо казала. Яшчэ станоўча паўплываў на мяне Мікалай Фёдаравіч Высоцкі: першы дырэктар школы, у якой працавала. У яго быў дэмакратычны, як цяпер кажуць, стыль кіравання, і я ў яго гэта пераняла. (Усміхаецца.) Мне імпануе, калі атрымліваецца кіраваць добрым словам, з душой, а не жалезам у голасе, вокрыкам ці кулаком. Больш пернікам, чым пугай. На Палессі яшчэ ў нас кажуць: не гані каня калом, а гані аўсом…

— А мама перадавала вам свой педагагічны вопыт? Можа, давала парады, як абыходзіцца з гультаямі, абібокамі, недысцыплінаваны­мі вучнямі?

— Так, маміны ўрокі для мяне — аснова, і я іх засвоіла. Галоўнае ў жыцці настаўніка, не раз казала яна мне, — гэта любіць дзяцей. Прычым лю­біць не толькі мякенькіх ды беленькіх, як кажуць, а розных і ўсякіх. І калі хлопчык альбо дзяўчынка любоў тваю адчувае, то самы кепскі, непаслухмяны з дзяцей альбо падлеткаў будзе зусім па-іншаму сябе паво­дзіць. Я ў тым не раз пераконвалася. Відаць, наша любоў дапамагае чалавеку адчуць, адкрыць у сабе добрыя, лепшыя бакі натуры. І як усе расліны да сонца цягнуцца, гэтак і кожная душа — да любові, да святла, да цеплыні.

— Было ў вас такое, што мамін рэцэпт спрацаваў не часова — на доўгі час?

— Найбольш запушчаных дзетак было сярод тых, хто ў прытулак трапляў. На нейкі час іх забіралі з той сям’і, дзе была сямейная нядобранадзейнасць. Як правіла, бацькі злоўжывалі алкаголем. Сярод тых няшчасных быў хлопчык гадоў 13, якога, як ка­жуць, пабіла жыццё. У нас ён закрыўся ў сабе, да таго ж быў вельмі агрэсіўны. І я ўсяляк спрабавала яго з той “уласнай турмы” вызва­ліць. Нават забірала некалькі разоў да сябе дадому. І гэта спрацавала! Нам удалося наладзіць кантакт, да гэтага часу ў нас дружалюбныя адносіны, хоць хлопец вырас і ў яго ўжо свая сям’я. Але ж нівод­нае свята ён і цяпер не прапусціць, заўсёды павіншуе. І называе мяне Надзеечка Ула­дзіміраўна.

У нас ёсць такі каштоўны вопыт: мы штогод перад Днём настаўніка збіраем-звозім усіх ветэранаў-педагогаў — да 150 чалавек! — на ўрачыстасць у 3-ю школу. З-за пандэміі, праўда, тры гады сустрэчу не праводзілі, але традыцыю адновім абавязкова.

— А вашы дзеці не раўнавалі, што прыводзіце ў дом чужога?

— Не, дзякуй богу, мае дочкі — разумніцы. Я меншую нават брала з сабой у так званую дапаможную школу. Заўсёды сваім тлумачыла: ёсць тыя, каму цяжка, хто пражывае няпросты перыяд. Паказвала канкрэтна тых, каму наша матэрыяльная падтрымка патрэбна: скажам, падарункі на Новы год. І таму, казала, давядзецца табе, дачушка, больш сціплы падарунак купіць: бо ты ў сям’і, з мамай і татам, а гэтыя не. І яны пагаджаліся недаатры­маць, таму што мы разам прымалі рашэнне: дапамагчы вось гэтаму хлопчыку, дзяўчынцы… Дочкі заўсёды раслі з пачуццём спагады да іншых, з пачуццём эмпатыі да нямоглых, старых, інвалідаў, хворых — да тых, у каго па жыцці ўсё складваецца не лепшым чынам. І мяне ж гэтак бацькі выхоўвалі.

“Добрыя справы трэба рабіць ціха”

— Надзея Уладзіміраўна, баць­кі былі з вамі ў пару нямогласці, старасці?

— Пакуль маглі, яны самі спраўляліся. Маму, калі ёй патрэбна была дапамога пасля інсульту, даглядаў тата, і мы яму дапамагалі. Потым, калі і тата занямог, мы яго да сябе забралі, ён ад нас ужо сыхо­дзіў…

— Такія вашы клопаты, ві­даць, найлепшы прыклад і для дзяцей. Бо ні кнігі, ні чужы вопыт так моцна, як свой уласны, не засвойваюцца малодшымі…

— Мы імкнёмся такую спагадлівасць, міласэрнасць абудзіць і ў іншых. Я ўзначальваю раённую арганізацыю Беларускага саюза жанчын. Працуем даволі актыўна. Па розных нагодах наведваемся ў дом сястрынскага догляду — гэта ў Дзяніскавічах. Там 25 бездапаможных людзей, у асноўным старых і адзінокіх, з рознымі лёсамі, хваробамі, характарамі… Яшчэ ў Малькавічах працуе падобная ўстанова. У Дзяніскавічы мы ехалі пад Новы год і ўзялі з сабой старшакласніц. Яны рыхтаваліся: хто шкарпэткі звязаў, хто ёлачкі-сувеніры змайстраваў. Мы, старэйшыя, з выпечкай, з булачкамі-падарункамі ехалі. Што цікава: туды ехалі — моладзь усю дарогу “ха-ха, ха-ха”, жартавалі-весяліліся. Адтуль яны ўжо ехалі моўчкі… Як прыехалі, пытаюся: “А што ж вас так уразіла?” Яны мне пытанне: “А ў іх дзеці ёсць?” Так, адказваю, у многіх дзеці ёсць. “А чаму ж гэтыя людзі там?..” Вось так, гавару, яны сваіх дзяцей выхавалі. Аднак пры тым імкнулася гэты асуджальны тон згладзіць. Бо мы ж ведаем, з гадамі разумеем: розныя быва­юць сітуацыі. Аднак ёсць святы абавязак у кожнага з нас: дагледзець нямоглых бацькоў. І ніяк інакш! Якія б ні былі ўмовы ў падобных казённых установах, гэта не сям’я. Такія паездкі, можа, яшчэ больш патрэбны гэтым дзяўчатам-старшакласніцам, чым тым, хто на старасці гадоў апынуўся там.

— Розныя валанцёры ба­чаць такую праўду жыцця ці адны і тыя ж?

— Розныя. У нас ёсць у суполцы БСЖ і маладзёжнае крыло: у асноўным гэта маладыя спецыялісты. А старшакласніц мы запрашаем, каб нейкая пераемнасць традыцый была. І яны набываюць найкаштоўнейшы жыццёвы вопыт. Перад Вялікаднем выязджаем, каб дагледзець-прыбраць некаторыя магілы. Бывае, што чалавек шмат працаваў на ка­рысць грамадства, памёр, а дзяцей, ро­дзічаў няма ці яны недзе ў замежжы. Магілы закінутыя. Асаблівая ўвага ў нас да магіл ветэранаў вайны. Мы іх усе бяром на ўлік і імкнёмся час ад часу там наводзіць парадак. Ціха, без паказухі — а так, я лічу, і трэба рабіць добрыя справы. Школьнікаў да іх далучаем. І яны разумеюць, што і чаму робім. Калі не мы, то хто ж гэтую памяць пра дастойнага чалавека зберажэ?

У кожнай установы адукацыі — свой летапіс

— І ва ўстановах адукацыі таксама ёсць нейкія сацыяльныя механізмы, каб дзеці, школьнікі падтрымлівалі ветэранаў педагагічнай працы?

— Так, ёсць. У кожнай установе адукацыі мы стварылі і вя­дзём летапісы гэтых устаноў. Падкрэслю: у кожнай! Цяпер у раёне 32 установы адукацыі, з іх 11 дзіцячых садоў і школ-комплексаў. Летапісы вядзём не толькі ў электронным фармаце: робім стэнды з фотаздымкамі, альбомы. Па выніках кожнага года абнаўляем інфармацыю: уносім значныя дасягненні, факты, фота­здымкі. Адзна­чаем тых, хто на карысць установы найбольш папрацаваў. Ёсць у нас і музей сістэмы адукацыі Ганцавіцкага раёна, у 3-й школе. І гэта не мёртвы архіў экспанатаў, музей увесь час працуе. Там і ўрокі праводзяцца, пазакласныя імпрэзы, экскурсіі, прычым праводзяць іх самі старшакласнікі. У 3-й школе не першы раз выпусціўся педагагічны клас, педгрупа. І нашы будучыя калегі на чале з кіраўніком музея вядуць работу. Мы сабралі ў музеі звесткі, матэрыялы пра ўсе педагагічныя дынастыі раёна і пра сямейныя пары настаўнікаў.

— У вас жа таксама ўжо дынастыя?

— Так, у нас тры пакаленні педагогаў: мама, я і старэйшая дачка. Яна, Таццяна Валер’еўна Кулан, працавала шэсць гадоў тут, у 3-й школе, цяпер — педагог у Мінску, лагапед-дэфектолаг. Як і я, Таццяна пачынала піянерважатай, скончыла педуніверсітэт імя Максіма Танка.

— Ці ёсць асобны летапіс у вашага аддзела па адукацыі?

— Ёсць, і нават асобныя стэнды тут, у будынку райвыканкама, у калідоры. Мы прасілі спецыя­лістаў-пенсіянераў, якія раней тут працавалі, паехаць у архівы, там звесткі пашукаць. Лідзія Іванаўна Лыганоўская, Святлана Мікалаеўна Хуніцкая (памерла ўжо), Наталля Канстанцінаўна Яромчык, Ганна Іванаўна Бордак больш чым хто для летапісу зрабілі. Ездзі­лі ў архіў праца­ваць, у Баранавічах падымалі матэрыя­лы. Удалося знайс­ці звесткі пра ўсіх, хто кіраваў сістэмай адукацыі ў раёне, іншых спецыялістаў, пра агульную колькасць педагогаў, вучняў, устаноў адукацыі па гадах. Звярсталі ўсё прыгожа, з фотаздымкамі, раздрукавалі як каштоўны фаліянт. Я заўсёды кажу: пра лю­дзей мы павінны памя­таць — тады і пра нас не забудуць. У ваколіцах Вялікіх Круговіч, напрыклад, закрыліся школы ў вёсках Гута, Нача, Лактышы… І ветэранаў працы Круговіцкая школа, як кажуць, забрала пад сябе.

— Яшчэ я чуў, нібыта ў раёне на Дзень настаўніка заўсёды ладзіце вялікае свята…

— Ладзім! У нас ёсць такі каштоўны вопыт: мы штогод перад Днём настаўніка збі­раем-звозім усіх ветэранаў-педагогаў — да 150 чалавек! — на ўрачыстасць у 3-ю школу. З-за пандэміі, праўда, тры гады сустрэчу не праводзілі, але традыцыю адновім абавязкова. Спачатку ідзе ўрачыстая частка з уручэннем узнагарод. Потым цэнтр падзеі перамяшчаецца ў школьную сталовую: частуем нашых ветэранаў. Прычым заўсёды і кіраўніцтва раёна ў нашых сустрэчах удзельнічае. І вы б толькі бачылі, якія ўсе ветэраны шчаслівыя! Там і танцы, і песні, і розныя гісторыі-ўспаміны… Адным словам, свята! Такія традыцыі будзем усяляк зберагаць і прымнажаць. На іх, як і на ведах, на глыбокай павазе да настаўнікаў, трымаецца наша супольнасць, у якой маем за гонар мець і самога Якуба Коласа.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота Алы ПЯТЛІЦКАЙ