Я прыйшоў на сустрэчу з Вікторыяй Сяргееўнай Багданавай у Маларыцкую дзіцячую школу мастацтваў трошкі раней назначанага тэрміну. Па тэлефоне дамовіліся, што педагог будзе мяне чакаць каля свайго кабінета на другім паверсе. Толькі нумар яго чамусьці не спытаў.
Хадзіў па другім паверсе школы, не ведаючы, куды пастукаць і зайсці. Дзверы ў адзін кабінет былі прыадчынены. Адтуль даносіліся гукі чароўнай музыкі. Увайшоў. Быў упэўнены, што прыйшоў туды, куды трэба. Так іграць мог толькі сапраўдны віртуоз. І не памыліўся.
— Заходзьце, я вас ужо чакаю, — прывітаўшыся, сказала Вікторыя Сяргееўна. — Заняткі раней скончыліся, таму вырашыла сыграць любімы класічны твор “Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам № 2” Сяргея Рахманінава. А вам ён падабаецца?
Паколькі ў класічнай музыцы я не моцна падкаваны, В.С.Багданава пачала праводзіць для мяне музычны лікбез па гэтым творы. Уразілі энцыклапедычныя веды педагога і дасканалае веданне творчасці рускіх кампазітараў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.
— “Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам № 2” Сяргея Рахманінава — гэта музыка рэдкай прыгажосці, адна з жамчужын рускай класікі. Яна ўвасабляе такі стан спакою, які, здаецца, цягнецца бясконца, — расказала Вікторыя Сяргееўна.
В.С.Багданава нарадзілася і вырасла ў Мінску. Там жа скончыла музычную школу, а затым — музычнае вучылішча і Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па спецыяльнасці “Цымбалы”.
— Я з музыкай расла. Што стану музыкантам, была ўпэўнена з 8 гадоў. Ніякія іншыя прафесіі мяне не цікавілі. Так склалася, што жыла і жыву музыкай, — адзначыла В.С.Багданава.
Вікторыя заўсёды выдатна вучылася. З 9 гадоў паспяхова выступала на розных конкурсах і фестывалях. А дзеля замацавання поспеху праводзіла за фартэпіяна штодзень па 2—3 гадзіны. Гэта прыносіла сапраўднае задавальненне і асалоду.
— У нашай сям’і музыкантаў не было, хаця ў бацькоў добры музычны слых. Думаю, усё вырашыў выпадак у дзіцячым садку, куды прыйшлі педагогі, каб адабраць дзяцей для заняткаў у адну са сталічных музычных школ. Маёй маме параілі абавязкова аддаць мяне ў музычную школу. Сказалі, што ў мяне доля такая — быць музыкантам. Мама да парад прыслухалася. Так я стала займацца музыкай. Імкнулася наведваць усе заняткі. Іх пропуск па хваробе быў сапраўднай катастрофай. Пасля музычнай школы педагогі сказалі маме, каб я не кідала заняткаў. Ды і я супраць не была. Куды ісці вучыцца, дылемы не было: Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, — расказала В.С.Багданава.
Жыццёвыя абставіны склаліся так, што з мінулага года Вікторыя Сяргееўна працуе ў Маларыцкай дзіцячай школе мастацтваў.
— Ніколі не думала, што давядзецца калісьці працаваць так далёка ад роднага Мінска, — прызналася педагог. — Але адчуваю сябе шчаслівай. Добра, што так усё склалася. Музыка вельмі дапамагае ў жыцці: прымушае верыць, марыць, сябраваць, кахаць… З музыкай радуюся, сумую і смяюся. Яна аднаўляе страчаную за дзень раўнавагу і ўнутраны спакой. Гэта, напэўна, самае лепшае і светлае, што прыдумаў чалавек.
Настаўніца па класе цымбалаў В.С.Багданава карыстаецца павагай і аўтарытэтам у калектыве. Па словах дырэктара Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў І.Э.Пятрухінай, гэта чалавек творчы, ініцыятыўны і энергічны, які адказна ставіцца да любой даручанай справы.
Сёння Вікторыя Сяргееўна з’яўляецца кіраўніком цымбальнага і фальклорнага ансамбляў педагогаў установы адукацыі, а таксама часовым дырыжорам узорнага баяннага дзіцячага аркестра.
— Мне падабаецца займацца тым, што раблю, — адзначыла В.С.Багданава. — У акадэміі музыкі я набыла некалькі спецыяльнасцей: педагога і дырыжора народнага аркестра, артыста ансамбля аркестра і канцэртнага выканаўцы. Не ведаю, чаго ў мяне больш — прафесійнага музыканта ці настаўніка музыкі. Падабаецца займацца і тым, і другім. З нецярпеннем чакаю на занятках сваіх чатырох выхаванцаў, якіх вучу іграць на цымбалах. Акрамя таго, яшчэ чатырох дзяцей далучаю да чароўных гукаў балалайкі.
З усёй музыкі Вікторыя Сяргееўна аддае перавагу класічным творам. Спакойная і ўмераная музыка супакойвае і дапамагае разабрацца ў сваіх адчуваннях, думках і марах.
Месца работы В.С.Багданава мяняць не збіраецца. Педагога задавальняе ўсё: заробак, калектыў, вучні… Маларыцкая дзіцячая школа мастацтваў — месца станаўлення Вікторыі Сяргееўны як прафесійнага музыканта. У будучыні яна хацела б іграць у прафесійным аркестры на цымбалах ці на іншым народным інструменце.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.