Дом утульнасці і цеплыні

- 11:19Навіны рэгіёнаў, Рознае

У вялікім утульным доме, што на завулку Калгасным у Кіраўску, ніколі не змаўкаюць звонкія дзіцячыя галасы. Тут жыве сям’я Калінкіных — бацькі-выхавальнікі Ларыса Дзмітрыеўна і Леанід Уладзіміравіч, а таксама іх васьмёра дзяцей, сем з якіх — прыёмныя.

Дзіцячы дом сямейнага тыпу Калінкіных існуе не так даўно: яго адкрылі ў 2008 годзе. Але да гэтага Ларыса Дзмітрыеўна даволі працяглы час была прыёмнай маці. Толькі не ў Кіраўску, а ў Чэрыкаве. Менавіта на малой радзіме жанчына ўпершыню паспрабавала падарыць мацярынскую любоў дзецям-сіротам.

— Пра тое, што калі-небудзь вазьму на выхаванне сірату, я думала яшчэ ў студэнцтве. Падчас вучобы ў Рослаўльскім медыцынскім вучылішчы мы часта наведвалі дзіцячыя бальніцы, дзе чакалі размеркавання ў прытулкі кінутыя роднымі бацькамі малыя. Тады і вырашыла ўсяляк дапамагаць гэтым дзецям, — успамінае Ларыса Калінкіна.

Атрымаўшы дыплом медыцынскай сястры, яна вярнулася ў Чэрыкаў. Неўзабаве сустрэла будучага мужа, стварыла сваю сям’ю. Адзін за другім у маладой сям’і з’явіліся дзеці: Дзмітрый, Ірына, Алег. Нягледзячы на тое, што клопатаў у маладой жанчыны хапала, дадзенае самой сабе ў юнацтве абяцанне Ларыса Дзмітрыеўна выконвала. На летнія канікулы яна рэгулярна брала да сябе ў сям’ю некалькіх дзяцей-сірот. Прычым рабіла гэта на бязвыплатнай аснове.

У дзевяностых у іх шчаслівую сям’ю прыйшло гора. Памёр горача любімы муж і бацька.

— Перажыць гэтую страту было складана. Але неўзабаве я сустрэла чалавека, які дапамог і мне, і дзецям перажыць тыя няпростыя часы. Леанід Уладзіміравіч стаў маёй надзейнай апорай і падтрымкай ва ўсім, — расказвае Ларыса Дзмітрыеўна.

У сям’і Калінкіных марылі пра яшчэ адно дзіця, але жыццё складвалася так, што гэтае жаданне не здзяйснялася. Тады і ўмяшаўся ў іх лёс выпадак.

— Мы глядзелі тэлеперадачу, у якой распавядалі пра дзяцей-сірот. І неяк аднагалосна вырашылі ўзяць на выхаванне практычна нованароджаную дзяўчынку. Хутка сабралі ўсе неабходныя дакументы, паехалі ў Магілёўскі дом дзіцяці і сталі прыёмнымі бацькамі, — распавядае Ларыса Калінкіна.

Маленькая Наташа толькі цешыла ўсю сям’ю. А потым высветлілася, што дзяўчынка цяжкахворая.

— Здавалася, дыягназ быў прысудам. Наташа атрымала статус “інвалід дзяцінства”. Мне прапаноўвалі адмовіцца ад яе, — з горыччу ўзгадвае прыёмная мама.

Аднак пайсці на гэты крок жанчына не змагла. Не змагла яшчэ раз кінуць малую адну. Прайсці прыйшлося праз многае: пастаянныя прыступы хваробы, бальніцы, медыцынскія цэнтры. Але сямейная згуртаванасць, усеагульны клопат пра Наташу дазволілі дасягнуць станоўчых зрухаў. Калі дзяўчынцы было каля дзевяці месяцаў, стан яе здароўя значна палепшыўся. А потым адна радасць у сям’і Калінкіных нечакана змянілася другой: у іх нарадзілася родная дачка Настачка.

Калі дзяўчынкі падраслі, у сям’ю вырашылі ўзяць яшчэ аднаго абяздоленага малога. Зноў паехалі ў Магілёў — у дом дзіцяці. Прыйшлі ў кабінет дырэктара, куды неўзабаве прывялі трохгадовага хлопчыка.

— Мама! Мама мая знайшлася! — закрычаў малы і кінуўся на рукі да Ларысы Дзмітрыеўны.

— У маім сэрцы тады нешта абарвалася. Іншых дзяцей мы глядзець не сталі, адразу забралі Сярожу дадому, — адзначае Ларыса Калінкіна.

Праз некаторы час іх вялікай сям’і прапанавалі пераехаць у Кіраўск і стаць дзіцячым домам сямейнага тыпу. Добра ўсё ўзважыўшы, яны з мужам адважыліся на кардынальныя жыццёвыя перамены. І ні разу пра гэта не пашкадавалі, хоць першапачаткова і давялося сутыкнуцца з некаторымі цяжкасцямі. Вялікі дом быў не да канца пабудаваны. Утульнасць прыйшлося наводзіць сваімі сіламі. Затое сёння і ўнутры, і вакол дома ўсё добраўпарадкавана.

4-copy-jpg%d1%81%d0%b0%d0%b9%d1%82Адразу пасля пераезду сям’я Калінкіных папоўнілася новымі членамі. Ларыса Дзмітрыеўна і Леанід Уладзіміравіч ўжо выпусцілі ў дарослае жыццё, чацвярых прыёмных дзяцей а зараз выхоўваюць Яну, Сяргея, Карыну, Артура, Юлю, Данііла і Жанну. У кожнага з выхаванцаў лёс склаўся няпроста. У юным узросце ім давялося перажыць страшнае — здраду самых родных у свеце людзей.

Адзінаццацігадовага Сярожу мама, знаходзячыся ў нецвярозым стане, забылася на прыпынку грамадскага транспарту. Родная мама Жанны і Данііла таксама пастаянна кідала дзяцей, з’язджаючы ўладкоўваць асабістае жыццё. З апошняй такой паездкі іх маці так не вярнулася. А дзеці, да таго як іх прызначылі ў прытулак, больш як тры тыдні жылі адны.

Па словах Ларысы Дзмітрыеўны, адагрэць дзіцячыя душы, поўныя недаверу і болю, не заўсёды было лёгка. Малыя, якія ад самых блізкіх людзей ніколі не чулі добрага слова, часта замыкаліся ў сабе. Але, дзякуючы бязмежнай любові, бацькоўскаму клопату і ласцы, у вялікім доме Калінкіных малыя зноў пачынаюць цешыцца часам дзяцінства. Дзеці, якія трапляюць у гэты цёплы, утульны дом на выхаванне, хутка становяцца жыццярадаснымі і шчаслівымі. За гэта яны адплачваюць прыёмным бацькам узаемнасцю, якіх кожнае дзіця называе не інакш як “мама” і “тата”.

— Мы вельмі любім і маму, і тату, бо яны самыя лепшыя і любяць нас, — упэўнена кажуць Карына і Сяргей.

Цяперашніх выхаванцаў, як і ўжо дарослых сваіх дзяцей, Ларыса Дзмітрыеўна і Леанід Уладзіміравіч стараюцца гадаваць добрымі, працавітымі людзьмі, законапаслухмянымі, дастойнымі грамадзянамі. Дзеці выхоўваюцца на аснове любові і павагі адно да аднаго, узаемаразумення, самастойнасці, ім прывіваюць любоў да працы і здаровы лад жыцця.

— Фарміруем гэтыя карысныя навыкі ненадакучліва. Усе дзеці далучаюцца да ўдзелу ў хатняй гаспадарцы, да догляду жывёл, раслін. У кожнага з іх ёсць свае абавязкі. А фізкультурай і спортам мы займаемся разам, усёй сям’ёй, — адзначае Леанід Уладзіміравіч.

За доўгія гады ў гэтым доме сямейнага тыпу склаліся свае традыцыі. Тут любяць збірацца разам за сумесным чаяваннем, а яшчэ арганізоўваюць вясёлыя святы, пастаянна прымаюць удзел у масавых спартыўных і культурных мерапрыемствах, вандруюць па краіне.

Усіх сваіх выхаванцаў Калінкіны бясконца любяць, але пры гэтым ніколі не перашкаджаюць іх зносінам з біялагічнымі бацькамі. Наадварот, яны самі імкнуцца выйсці з тымі на сувязь, спрыяючы наладжванню іх адносін з дзецьмі, ці дапамагаюць прыёмным дзецям знайсці сваіх родных. У некаторых выпадках гэтая работа прыносіць станоўчы вынік.

Менавіта так здарылася з Уладзіславам. Хлопчык нарадзіўся з паталогіяй, і родная маці адмовілася ад яго ў раддоме. Апынуўшыся на выхаванні ў Калінкіных, малы перанёс пяць складаных аперацый. Пакуль жыў у дзіцячым доме сямейнага тыпу, яму было зроблена яшчэ некалькі аперацый. Уладзік стаў амаль здаровым, яго знайшла родная маці, і пасля доўгай работы над сабой ёй дазволілі аднавіць правы на сына.

Даволі шчасліва склаўся лёс і ў першай прыёмнай дачкі Калінкіных — Наташы. Ларыса Дзмітрыеўна і Леанід Уладзіміравіч знайшлі ў Бабруйскім сацыяльна-педагагічным прытулку яе родную малодшую сястру Яну, якую яны выхоўваюць і зараз. А вось Наташа ўжо стварыла ўласную сям’ю. І так здарылася, што, атрымаўшы сацыяльнае жыллё, яна знайшла яшчэ сваіх брата і сястру.

Многія дзеці Калінкіных ужо выраслі, некаторыя і сем’ямі свае маюць. Астатнія таксама рэалізоўваюцца ў жыцці, набываюць прафесію, працуюць на карысць грамадства. І непаўналетнія дзеці маму з татам толькі радуюць. Ва ўсведамленні таго, што ў дзяцей усё добра, іх галоўнае бацькоўскае шчасце.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.