Пяты раз на базе Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшла штогадовая адкрытая гарадская навукова-практычная канферэнцыя “Другое жыццё рэчаў”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел школьнікі Гомеля і Гомельскага раёна.
Хто з нас не любіць рабіць нешта сваімі рукамі? Менавіта ў працэсе стварэння нараджаецца сапраўднае чараўніцтва. А калі матэрыяламі для творчасці з’яўляюцца старыя кавалкі тканіны, слоікі і газеты, то атрымліваецца нешта зусім унікальнае.
Адкрытая канферэнцыя “Другое жыццё рэчаў” ужо не першы год збірае энтузіястаў з усіх куткоў Гомельшчыны. Дзеці, якія захапляюцца стварэннем арыгінальных вырабаў, у творчай атмасферы аднадумцаў могуць прадэманстраваць свае творы, падзяліцца вопытам. Падобныя мерапрыемствы спрыяюць выпрацоўцы ў іх навыкаў рацыянальнага выкарыстання матэрыяльных каштоўнасцей, усведамлення таго, што з простых і часам зусім непатрэбных рэчаў можна сканструяваць сапраўдныя творы мастацтва.
Канферэнцыя гэтага года прайшла ў чатырох секцыях: “Навуковыя даследаванні і эксперымент”, “Мадэль адзення”, “100 вырабаў з непатрэбных рэчаў”, якія праводзяцца ў форме асабістага першынства, і секцыя “Плакат”, якая праводзілася завочна. У мерапрыемстве ўдзельнічалі хлопцы і дзяўчаты дзвюх узроставых катэгорый: ад 11 да 14 гадоў і ад 15 да 18 гадоў. Па прычыне вялікай колькасці ўдзельнікаў мерапрыемства прайшло ў некалькі этапаў, а пасля адборачнага тура лепшыя работы былі прадстаўлены на суд кампетэнтнага журы. Несумненна, магчымасці чалавечай фантазіі проста здзіўляюць. Конкурсныя работы ўдзельнікаў канферэнцыі былі самымі разнастайнымі — ад свяцільні з водаправодных кранаў да аквапонікі, ад пірацкага фрэгата з адходаў да стварэння трохмернай лазернай выявы ў прасторы. Можна толькі ганарыцца ўменнем падлеткаў бачыць арыгінальныя метады выкарыстання матэрыялаў і ўвасабляць самыя незвычайныя задумы.
Вядома ж, такое мерапрыемства дорыць навучэнцам не толькі ўнікальную магчымасць паказаць свае канструктарскія здольнасці. Канферэнцыя таксама дапамагае ўзбагаціць сацыяльны свет хлопчыкаў і дзяўчынак, паказаць, як эфектыўна можна клапаціцца пра навакольнае асяроддзе.
У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі мелі зносіны адно з адным, дзяліліся новымі задумамі і планамі. Педагогі актыўна ўдзельнічалі ў працэсе, матывуючы канкурсантаў. Падобныя канферэнцыі і добрыя якраз тым, што цесныя зносіны і ўзаемадзеянне навучэнцаў падштурхоўвае іх на дасягненне новых вяршынь, дае станоўчы эмацыянальны зарад для самаўдасканалення і самапавагі, для новых ідэй.
Аляксандра КАМКО.