Друкар, мысляр, творца

- 10:50Культура

Нацыянальны інстытут адукацыі запрашае прыняць удзел у адкрытым вочна-дыстанцыйным фестывалі творчых праектаў “Францыск Скарына — друкар, мысляр, творца”.

У акцыі, накіраванай на развіццё цікавасці да гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”, могуць прыняць удзел дашкольнікі, вучні 1—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, выхаванцы ўстаноў дадатковай адукацыі, а таксама іх педагогі і ўсе жадаючыя. Работы могуць быць як індывідуальныя, так і калектыўныя. Удзельнікі праекта атрымліваюць унікальную магчымасць прадставіць сваю творчую інтэрпрэтацыю гісторыка-культурнай спадчыны нашага народа на інтэрнэт-рэсурсе па суправаджэнні алімпіяд, турніраў і конкурсаў па вучэбных прадметах olimp.unibel.by, старонках нацыянальнага адукацыйнага партала, афіцыйных старонках нацыянальнага адукацыйнага партала ў сацыяльных сетках Facebook, “УКантакце”.

Фестываль праводзіцца па намінацыях “Спадар Скарына” (віртуальны альбом беларускай цацкі, якая дэманструе непаўторнасць традыцыйнага лялечнага мастацтва), “Кніжнае свята” (віртуальны альбом вокладак і старонак першых друкаваных кніг, вырабленых у розных тэхніках і аздобленых арнаментам, малюнкамі і інш.); “Шляхамі першадрукара” (віртуальны альбом памятных месцаў, даведнікаў па мясцінах жыцця і друкарскай дзейнасці Ф.Скарыны, па краязнаўчых маршрутах, музеях), “Эпоха творцы” (віртуальны альбом твораў пра жыццё, кнігавыдавецкую дзейнасць першадрукара, яго эпоху), “Спадчына ў нашай памяці” (віртуальны альбом сюжэтных кампазіцый, прысвечаных постаці Ф.Скарыны, яго жыццю і дзейнасці), “Калекцыянер.net” (віртуальны альбом эскізаў памятных марак, юбілейных манет і медалёў, прысвечаных знамянальным датам і падзеям — 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, Дню беларускага пісьменства і інш.).

Аўтары лепшых работ дыстанцыйнага этапу стануць удзельнікамі вочнага этапу. Пераможцы вочнага этапу будуць адзначаны дыпломамі і каштоўнымі прызамі ад генеральнага партнёра мерапрыемства ІП “Роберт Бош” ТАА.

Інфармацыйны ліст і Палажэнне аб правядзенні фестывалю, а таксама ўзор заяўкі на ўдзел у ім можна знайсці па спасылках, змешчаных на Нацыянальным адукацыйным партале (www.adu.by).

УВАГА! Дэдлайн дыстанцыйнага этапу правядзення фестывалю — 7 мая 2017 года. Вочны этап (падвядзенне вынікаў і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў) адбудзецца 19 мая 2017 года (у канферэнц-зале Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханеса Рау).

Падрыхтаваў Мікола ЧЭМЕР.