Друкаванымі сцежкамі Скарыны

Хто мы, журналісты, якія пішуць штодня, а часам і бяссоннымі начамі ў газету? Нашы шматлікія аўтары, якія дасылаюць свае лісты ў газету з мэтай надрукаваць іх там? Рэдактары, якія выбудоўваюць агульную рэдакцыйную стратэгію газеты і звяраюць актуальнасць нашых матэрыялаў з патрэбамі сённяшняга дня? Стылістычныя рэдактары і карэктары, якія вывяраюць матэрыялы на прадмет стылістычнай і арфаграфічнай правільнасці? Сістэмныя адміністратары, якія клапоцяцца пра тое, каб наша газета пабачыла свет своечасова без усялякіх камп’ютарных збояў? Бухгалтары, якія налічваюць зарплату супрацоўнікам рэдакцыі? Шафёры, якія вязуць флэшкі з запісанымі на іх палосамі? Друкары, якія запускаюць сучасныя друкарскія машыны? Паштальёны, якія развозяць свежыя газеты, яшчэ з пахам друкарскай фарбы, па кватэрах, арганізацыях, установах?

Дык хто ж мы ўсе? Якое слова можа нас аб’яднаць?

Адказ можа быць толькі адзін: мы ўсе — вялікая сям’я, якая жыве пад адным вялікім дахам. Назва нашага дома — друк.

І ўсе мы штогод 5 мая радуемся нашаму супольнаму святу — Дню друку.

А яшчэ мы радуемся таму шчасліваму факту, што ў першыя майскія дні традыцыйна ў нашай сталіцы адкрываецца спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі” і мы ўсёй журналісцкай сям’ёй можам сабрацца разам, пагутарыць адно з адным у кулуарах, сустрэцца з нашымі чытачамі на стэндах, абмеркаваць сур’ёзныя журналісцкія праблемы на круглых сталах.

Сёлета Дзень друку незвычайны, бо мы святкуем яго ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. 500 гадоў назад наш слаўны Францыск са слаўнага Полацка надрукаваў першую кнігу на нашай слаўнай мове. Мабыць, не было б яго — не было б і нас, сённяшніх. І мы цэнім гэта. Імкнёмся не падвесці нашага слаўнага продка. Стараемся не збочыць з тых слаўных сцежак, якія ён праклаў. Надрукаваных яшчэ ў пачатку ХVI стагоддзя сцежак.

Учора ў Мінску, у выставачным цэнтры па праспекце Пераможцаў, 14, пачала працаваць XXI Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі”, арганізатарамі якой выступілі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, НВЦ “Белэкспа” пры падтрымцы Мінгарвыканкама, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Саюза выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку, Дома прэсы, Беларускага саюза журналістаў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям мерапрыемства, у якім, у прыватнасці, адзначыў: “Гэтая маштабная падзея мае ў нашай краіне вялікі грамадскі рэзананс. Штогадовая дэманстрацыя магчымасцей нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі пераканаўча сведчыць пра іх значны патэнцыял”.

Міністр інфармацыі нашай краіны Лілія Станіславаўна Ананіч, размаўляючы з журналістамі пасля адкрыцця выставы “СМІ ў Беларусі”, падкрэсліла: “Наша выстава адкрываецца ў Сусветны дзень свабоды друку, напярэдадні Дня друку, які адзначаецца ў нас 5 мая… А галоўнае — яна адкрываецца за некалькі дзён да самага значнага свята — Дня Вялікай Перамогі. Усё гэта вельмі сімвалічна. Часам мяне пытаюць журналісты: “Як міністр інфармацыі ацэньвае сёння сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі?” З усёй адказнасцю заяўляю: гэта поўная свабода слова, поўная свабода меркаванняў у поўным аб’ёме, гэта права ўсіх нашых грамадзян на перадачу і атрыманне інфармацыі”.

Каля сотні ўдзельнікаў выставы — рэдакцый газет, інфармацыйных агенцтваў, медыйных выдавецкіх дамоў, прычым не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Літвы, Латвіі, Украіны, Кітая і іншых краін, — сёння і яшчэ два наступныя дні чакаюць сваіх наведвальнікаў.

У праграме XXI МСВ “СМІ ў Беларусі” шмат знакавых мерапрыемстваў агульнанацыянальнага маштабу, такіх як канферэнцыя “Сродкі масавай інфармацыі ў зменлівым свеце: прафесіяналізм і адказнасць”, круглы стол “Роля СМІ ў ідэалагічных працэсах”, цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Ліцера” і інш.

Наведвальнікаў выставы чакае яшчэ і безліч цікавых і неардынарных падзей у, так бы мовіць, асобных эпіцэнтрах інфармацыі. Многія рэдакцыйныя ўстановы сёння хочуць парадаваць сваіх прыхільнікаў цікавымі акцыямі. А на стэндзе ўстановы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” яго наведвальнікаў гэтымі днямі чакае сапраўдны інфармацыйны бум. Так, учора на нашым стэндзе адбылося адкрыццё фотавыставы “Адукацыя ў асобах” (паводле аднайменнай фірменнай рубрыкі, якая ў “Настаўніцкай газеце” існуе ўжо больш за год, змяшчаючы на першай паласе фотаздымкі таленавітых настаўнікаў буйным планам, суправаджаючы іх невялікімі нататкамі і тым самым робячы адкрытую “рэкламную акцыю” ў дачыненні да прэстыжу настаўніцкай прафесіі), інтэрактыўнай выставы “Год навукі: крокі ў вялікую будучыню” з удзелам выхаванцаў Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Таксама прайшлі ўрок-гульня для каманд школьных рэдкалегій, гурткоў юных рэпарцёраў ад газеты “Переходный возраст” “Пакаленне NEXT: журналісцкі квест”, майстар-трэнінг для журналістаў, якія асвятляюць адукацыйную тэматыку, педагогаў і навучэнцаў “Школа для бацькоў: прынцыпы ўзаемадзеяння”, прэзентацыя творчага праекта “Настаўніцкай газеты” “Конкурс юных вакалістаў “Звонкая раніца”.

4 мая а 12-й чакаем на нашым стэндзе на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу самадзейных школьных сродкаў масавай інфармацыі “Проба пяра” ў рамках фестывалю “Пунсовыя ветразі” ад часопіса “Народная асвета”. А 13-й гадзіне вашай увазе будзе прадстаўлены майстар-трэнінг для журналістаў, якія асвятляюць адукацыйную тэматыку, педагогаў, навучэнцаў і бацькоў “Уступная кампанія — 2017: інфармацыйнае суправаджэнне ў сродках масавай інфармацыі”. А палове трэцяй вас запросяць на майстар-трэнінг “Безбар’ернае асяроддзе: інклюзіўная адукацыя ў сродках масавай інфармацыі”.

5 мая будзе наступная праграма на стэндзе “Настаўніцкай газеты”: у 11:30 пачнецца майстар-трэнінг для журналістаў, якія асвятляюць адукацыйную тэматыку, педагогаў, студэнтаў профільных устаноў вышэйшай адукацыі

“10-бальная сістэма ацэньвання ў пытаннях і адказах”; у 13:00 часопіс “Спортtime” правядзе майстар-клас для журналістаў, якія асвятляюць адукацыйную тэматыку, і студэнтаў профільных устаноў вышэйшай адукацыі “Стварэнне медыявобраза спартсмена на старонках газеты/часопіса”; у 14:30 часопіс “Народная асвета” запросіць на майстар-клас “Павышэнне інфармацыйнай культуры педагога: падрыхтоўка матэрыялаў да публікацыі ў навукова-педагагічным часопісе”.

І, нарэшце, 6 мая а 10-й гадзіне пачнецца майстар-трэнінг “Дзіцячая журналістыка: як зрабіць навіну цікавай для дзяцей” для журналістаў, якія працуюць на дзіцячую аўдыторыю, асвятляюць маладзёжную і сацыяльную тэматыку, кіраўнікоў профільных гурткоў юнага журналіста, студэнтаў профільных устаноў вышэйшай адукацыі.

Дарагія сябры! Прыходзьце! Мы будзем вельмі рады бачыць вас, вашы цікаўныя вочы, чуць вашы неардынарныя пытанні.

Пройдземся разам друкаванымі сцежкамі нашага слаўнага Францыска…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.