Кожная ўстанова адукацыі мае свае адметнасці. Вось, напрыклад, Жлобінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж мае свой непаўторны водар і смак. Гэта густы, салодкі, дурманлівы водар зёлак і духмяны, мядовы смак гарбаты. Чаму менавіта так? Таму што ва ўстанове ёсць унікальны гадавальнік лекавых, чайных і рэзкіх культур. Ужо амаль трыццаць гадоў тут вырошчваюць духмяныя зёлкі, а яшчэ вучаць дзяцей працаваць на зямлі і шанаваць традыцыі сваіх продкаў. І гэты гадавальнік унікальны — ні ў адной установе прафесійнай адукацыі краіны такога больш не знойдзеш.
Гісторыя з зёлкамі
Нашы продкі здаўна ставіліся да зёлак з увагай і павагай. Збор зёлак суправаджаўся сапраўднымі, часам таямнічымі, рытуаламі, на якіх заснаваны цэлы шэраг традыцый. Ва ўсім гэтым сканцэнтравана народная мудрасць. І галоўнай ідэяй стварэння гадавальніка ў каледжы было далучэнне падлеткаў да гэтай мудрасці, вывучэнне і адраджэнне нацыянальных беларускіх традыцый, звычаяў, культуры, звязаных з земляробствам.
Гадавальнік лекавых, чайных і рэзкіх культур знаходзіцца ў вучэбнай гаспадарцы Жлобінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Ён быў закладзены амаль 30 гадоў назад — у 1992 годзе. Ідэю стварэння прапанавала намеснік дырэктара Ларыса Мікалаеўна Канцавая. За гэты час духмяная гаспадарка стала неад’емнай часткай, візітоўкай каледжа. Гэта знайшло сваё адлюстраванне нават у гербе каледжа: на выяве перапляліся ў вянку розныя лекавыя расліны. Ды і ўвогуле зёлкі арганічна ўвайшлі ў жыццё і гісторыю ўстановы.
Калі ў каледжы вырашылі ствараць гадавальнік, то да справы падышлі сур’ёзна і па дапамогу звярнуліся да вучоных батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дзякуючы спецыялістам, удалося правільна падабраць расліны і арганізаваць іх догляд, што дало добрыя вынікі.
І ўжо амаль тры дзесяцігоддзі гадавальнік квітнее і разрастаецца. Сёння на плошчы 0,7 га сабрана ўнікальная калекцыя раслін. Навучэнцы ўмела вырошчваюць элеўтэракок калючы, жэньшэнь, лімоннік кітайскі, радыёлу ружовую, аксаміт амурскі, мацярдушку, лакрычны корань голы, ісоп лекавы, некалькі відаў актынідыі, свідзіны, мяту, шалфей і іншыя расліны. Калекцыя лекавых раслін складае 74 найменні, чайных культур — 19 найменняў, рэзкіх раслін — 9.
Завіхаюцца на духмяных градах
Даглядаюць духмяную гаспадарку навучэнцы. Калі гадавальнік толькі ствараўся, ва ўстанове сярод прафесій,
па якіх вялася падрыхтоўка, была прафесія кветкавода, і догляд лекавых раслін трапляў у кола іх прафесійных інтарэсаў. Сёння кветкаводаў ужо не рыхтуюць, аднак актуальнасці для прафесійнага развіцця навучэнцаў гадавальнік не страціў.
Зараз да работы ў гадавальніку далучаюцца навучэнцы, якія атрымліваюць усе спецыяльнасці, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў каледжы. А вучаць тут слесараў па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання; трактарыстаў-машыніс-
таў сельскагаспадарчай вытворчасці, вадзіцеляў, кухараў. І для кожнага гэтая работа карысная, яна пашырае прафесійныя ўменні і навыкі. Для навучэнцаў, якія атрымліваюць спецыяльнасці сельскагаспадарчай накіраванасці, гэта дадатковыя веды па апрацоўцы глебы і вырошчванні разнастайных культур. А для будучых кухараў — магчымасць пашырыць свае веды ў выкарыстанні духмяных зёлак падчас гатавання ежы і напіткаў. Тут можна прымяніць на практыцы атрыманыя прафесійныя навыкі: будучыя трактарысты і вадзіцелі, напрыклад, на сельскагаспадарчых машынах, што ёсць у аўтапарку каледжа, апрацоўваюць глебу, вывозяць грузы. Ды і ўвогуле для кожнага работа ў гадавальніку — гэта выхаванне любові да зямлі, працавітасці, дысцыпліны і адказнасці.
Для выканання ўсяго комплексу агратэхнічных работ на гадавальніку лекавых, чайных і рэзкіх культур ствараюцца валанцёрскія сельскагаспадарчыя атрады. Звычайна гэта каля 40 навучэнцаў першых і другіх курсаў. Вось і зараз юнакі і дзяўчаты ўсё яшчэ завіхаюцца на духмяных градах.
Работы, звязаныя з гадавальнікам, пачынаюцца задоўга да таго, як той зазелянее. Трэба скласці план, што дзе будзе расці ў гэтым годзе, адабраць насенне, падрыхтаванае з мінулага года, вырасціць, калі трэба, расаду, пасадзіць новыя расліны. На працягу сельскагаспадарчага сезона навучэнцы займаюцца праполкай, перасадкай раслін, зрэзкай надземнай часткі раслін, зборам кветак і лісця, сушкай і пакаваннем высушанай сыравіны.
Усе работы выконваюцца пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання. Шмат гадоў у гадавальніку рупліва працавала Надзея Рыгораўна Кулыгіна. Яна назапасіла багата ведаў, а потым сваім вопытам падзялілася з калегамі. Зараз яна на пенсіі, а з дзецьмі ў гадавальніку працуюць майстры вытворчага навучання Таццяна Іванаўна Кавалёва і Святлана Уладзіміраўна Васільчанка.
Гарбата як уласны брэнд
Штогод аб’ём нарыхтаванай прадукцыі складае больш за 600 кілаграмаў у сухім выглядзе. Што ж потым робяць з гэтым багаццем?
Вырашчаную лекавую сыравіну здаюць фармацэўтычным прадпрыемствам. Дарэчы, ураджай зёлак заўсёды адпавядае санітарным нормам — гэта штогод пацвярджаюць даследаванні Жлобінскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Лекавыя расліны ў гадавальніку пры неабходнасці вырошчваюць практычна ў прамысловых маштабах. Так, некалькі гадоў назад у каледжы займаліся вырошчваннем і зборам кветак календулы. Сабралі каля 3 тон кветак. Уся вырашчаная прадукцыя была рэалізавана.
Чайныя і частка лекавых раслін становяцца інгрэдыентамі фірменных гарбат. Пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў батанічнага саду НАН Беларусі распрацаваны рэцэптуры чайных напіткаў “Смак лета”, “Купальскі”, “Любімы”, “Для ўсёй сям’і”. І кожны збор непаўторны сваім смакам, складам і карысным уздзеяннем на арганізм. У гарбату “Для ўсёй сям’і”, напрыклад, уваходзяць меліса, свідзіна, зуброўка, кацямятка, мацярдушка, бадан, лофант і іншыя зёлкі.
На працягу ўсяго навучальнага года ў вольны ад заняткаў час навучэнцы фасуюць чайныя напіткі. Высокая якасць высушанай сыравіны дазваляе паспяхова рэалізоўваць атрыманую прадукцыю. Прадаюць гарбату на кірмашах і выставах, розных мерапрыемствах, у кафетэрыі ўстановы. І, канечне, смачныя і карысныя напіткі прапануюць у сталоўцы навучэнцам. Гарбата вытворчасці каледжа стала добра вядомай сярод мясцовых жыхароў, можна сказаць, брэндам установы адукацыі.
Кмену хапіла на ўсю вобласць
У каледжы займаюцца раслінаводчымі эксперыментамі. Так, напрыклад, некалькі гадоў назад у вучэбнай гаспадарцы вырошчвалі кмен. І рабілі гэта ў сур’ёзных маштабах — на плошчы 2 га.
Ідэя вырасціць кмен з’явілася пасля вывучэння патрэбы прадпрыемстваў харчовай прамысловасці вобласці ў гэтай культуры. Высветлілася, што кмен патрэбны многім, аднак у вобласці ён не вырошчваецца, а закупляецца ў замежных вытворцаў. Вырашана было заняцца вырошчваннем кмену і адначасова імпартазамяшчэннем. Для гэтага вывучылі вопыт вырошчвання культуры ў Беларусі, атрымалі кансультацыі спецыялістаў-навукоўцаў. Сельскагаспадарчы атрад навучэнцаў на працягу двух гадоў займаўся вырошчваннем кмену, бо гэта двухгадовая культура.
У выніку атрымалі прамысловы ўраджай больш за 2 тоны! Спецыялісты правялі лабараторныя даследаванні якасці кмену. Згодна з вынікамі аналізу, вырашчаная прадукцыя мела больш высокія якасныя характарыстыкі, чым імпартныя аналагі.
Кмен, вырашчаны ў каледжы, поўнасцю задаволіў патрэбу хлебазаводаў Гомельшчыны ў гэтай прыправе. Такім чынам, уся вобласць ласавалася хлебам са жлобінскім кменам.
Вырошчванне кмену дазволіла навучэнцам каледжа паглыбіць веды аб агратэхніцы двухгадовых раслін, навучыцца выконваць практычныя аперацыі, звязаныя з падрыхтоўкай і апрацоўкай глебы, разлікам нормы пасеву насення, унясення ўгнаенняў, падкормкі і сродкаў аховы раслін. Важна, што навучэнцы на практыцы пераканаліся, што ў беларускіх умовах можна займацца вырошчваннем не толькі традыцыйных сельскагаспадарчых культур. На прыкладзе вырошчвання кмену атрымалі вопыт рэалізацыі ініцыятывы, звязанай з іх далейшай прафесійнай дзейнасцю.
У зямлі — наша сіла і карані
Вырошчванне зёлак у гадавальніку натхняе навучэнцаў на вывучэнне нацыянальных беларускіх традыцый, звычаяў выкарыстання лекавых, чайных і рэзкіх культур для захавання і ўмацавання здароўя. Яны вывучаюць старадаўнія рэцэпты гатавання напіткаў, адвараў, страў, у склад якіх уваходзяць расліны, што можна знайсці ў гадавальніку. Асабліва цікава гэта будучым кухарам. Шмат цікавага па тэме моладзь даведваецца і на занятках па інтарэсах “Прырода. Здароўе. Мы”. Свае даследаванні навучэнцы адлюстравалі ў маладзёжным праекце “У зямлі — наша сіла, у зямлі — нашы карані”.
Ведамі і знаходкамі моладзь актыўна дзеліцца. Так, навучэнцы каледжа праводзяць дэгустацыі напіткаў з лекавых траў, чайных напіткаў на раённых святах і кірмашах, сустрэчах у працоўных калектывах. Заўсёды цікава праходзяць майстар-класы па прыгатаванні адвараў, масак, мазей з лекавых раслін. Адначасова навучэнцы расказваюць удзельнікам мерапрыемстваў аб карысных раслінах і іх якасцях, знаёмяць з прынцыпамі беражлівага стаўлення да багаццяў прыроды, заклікаюць клапаціцца аб захаванні карысных для чалавека раслін, правільна выкарыстоўваць жыватворныя сілы прыроды для ўмацавання ўласнага здароўя.
Навучэнцы і супрацоўнікі каледжа на працягу некалькіх гадоў актыўна займаліся закладкай гадавальнікаў у навучальных установах, экалагічных цэнтрах Жлобінскага, Хойніцкага і Кармянскага раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У працэсе стварэння гадавальнікаў, экалагічных куткоў валанцёры кансультавалі педагогаў навучальных устаноў, навучэнцаў па пытаннях агратэхнікі, нарыхтоўкі і захоўвання раслін.
Таксама многія ўстановы адукацыі раёна набываюць у гадавальніку саджанцы для ўпрыгожвання сваіх тэрыторый. Так што, дзякуючы гадавальніку, не толькі каледж, але і іншыя ўстановы сталі прыгажэйшымі.
Гадавальнік стаў яшчэ і цікавым экскурсійным аб’ектам, які абавязкова наведваюць госці не толькі каледжа, але і горада.
У розныя гады тут пабывалі дэлегацыі з Кітая, Італіі, Расіі, Украіны.
Навучэнцы сабралі цікавы матэрыял пра расліны, якія тут можна сустрэць. Гэты матэрыял пакладзены ў аснову экскурсій, для правядзення якіх створана экскурсійная група. Экскурсіі па гадавальніку абавязкова праводзяцца для юнакоў і дзяўчат, якія толькі сталі навучэнцамі каледжа. Частыя госці тут і вучні ўстаноў адукацыі горада.
У каледжы плануюць захоўваць і развіваць гадавальнік, які стаў адметнасцю ўстановы і натхненнем для яе работнікаў і навучэнцаў. Няхай расце і квітнее духмяная гаспадарка і каледж!
Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены ўстановай адукацыі.