Духоўна-маральнае выхаванне стала адным з вядучых напрамкаў дзейнасці 12-й сярэдняй школы Светлагорска.
З даўніх часоў на плошчах і вуліцах гарадоў і сёл Беларусі праходзілі традыцыйныя паказы батлейкі. Гэта народны лялечны тэатр, гісторыя якога на тэрыторыі Беларусі налічвае больш за 5 стагоддзяў. Узнікненне тэатра і яго назва цесна звязаны з каляднымі святамі. Назва паходзіць ад слова “бэтлеем” — так у Беларусі называюць Віфлеем, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Традыцыйна сюжэты беларускай батлейкі былі заснаваны на біблейскіх гісторыях.
Батлейка — важная частка нацыянальнай культуры і традыцый, яна далучае да духоўна-маральных каштоўнасцей народа. Сюжэты аб барацьбе дабра са злом і сёння не страчваюць актуальнасці, прыцягваючы мноства гледачоў, асабліва дзяцей.
Традыцыя батлеечных паказаў актыўна адраджаецца. У нашай школе гэтую традыцыю працягвае бібліятэкар і кіраўнік школьнага пакоя-музея “Беларуская хатка” Алена Дзмітрыеўна Паўлюкова.
Да падрыхтоўкі першага спектакля падышлі з усёй адказнасцю. У старых падшыўках праваслаўных газет “Царкоўнае слова” і “Нядзельная школа”, у інтэрнэце знайшлі апісанні батлеечных паказаў. З розных фрагментаў склалі сцэнарый першага спектакля “Цар Ірад, або Калядная драма”, адаптаваны для дзіцячай аўдыторыі. Гледачы здзяйснялі незвычайнае падарожжа ў гісторыю нараджэння сына Божага, знаёміліся з біблейскімі падзеямі, суперажывалі драматычным паваротам каляднай містэрыі. Сярод гледачоў быў і ганаровы госць — настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла айцец Уладзімір.
Гэтая пастаноўка стала рэканструкцыяй старажытных батлеечных паказаў у Парычах. З дапамогай бацькоў былі ўзноўлены народныя беларускія касцюмы, што дазволіла гледачам паглыбіцца ў атмасферу старажытнага тэатральнага дзейства.
Летась юныя акцёры падрыхтавалі і паказалі вучням малодшай школы інсцэніроўку казкі беларускага пісьменніка Сяргея Кавалёва “Хохлік і чароўная скрыпачка” — гісторыю дабра, любові і сяброўства.
У 2023 годзе тэатр прыняў удзел у Рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі і быў узнагароджаны дыпломам ІІ ступені ў абласным туры. На конкурсе мы прадстаўлялі інсцэніроўку беларускай народнай казкі “Не зыч ліха другому”.
Праз 3 гады творчай дзейнасці школьнага тэатра-батлейкі можна сцвярджаць, што знойдзена эфектыўная форма духоўна-маральнага выхавання дзяцей у духу народнай педагогікі і праваслаўных каштоўнасцей. Кожная лялечная пастаноўка — гэта захапляючы паказ, які абуджае ў душы маленькіх гледачоў міласэрнасць, суперажыванне, глыбіннае разуменне важнасці асобаснага і духоўнага росту, імкненне стаць лепшым. Наш тэатр карыстаецца ў дзяцей вялікім поспехам.
Батлейка дазваляе даносіць гледачам ідэі дабра і міру, наглядна, у вобразах, паказваць сюжэты з Бібліі, трансліраваць жыццёвую мудрасць праз сцэнкі з народнага жыцця, а таксама знаёміць з вуснай народнай творчасцю продкаў праз інсцэніроўку беларускіх народных казак і легенд.
Марына ТУШЫНСКАЯ,
дырэктар сярэдняй школы № 12 Светлагорска