Дыферэнцыраваны падыход на ўроках геаграфіі

- 12:56Метадычная скарбонка

Усе дзеці розныя — і па здольнасцях, і па тэмпах прасоўвання, і па інтарэсах і патрэбах. Ва ўмовах класна-ўрочнай сістэмы настаўнік арыентуецца на сярэдняга вучня, не даючы дастатковую нагрузку “моцным” і не паспяваючы даступна растлумачыць і дабіцца засваення матэрыялу “слабымі”. Гэтая праблема і вызначыла тэму майго вопыту па рэалізацыі дыферэнцыраванага падыходу на ўроках геаграфіі.

Мэта: забяспечыць кожнаму вучню ўмовы для максімальнага развіцця яго здольнасцей, схільнасцей, задавальнення пазнавальных патрэб і інтарэсаў у працэсе засваення ім зместу адукацыі.

Задачы:

1. Укараняць у практычную дзейнасць прыёмы дыферэнцыраванага навучання з мэтай максімальнага развіцця пазнавальных здольнасцей навучэнцаў.

2. Спрыяць павышэнню паспяховасці па прадмеце шляхам выкарыстання дыферэнцыраваных заданняў.

Дыферэнцыраванае навучанне — сістэма адукацыі, якая забяспечвае развіццё асобы кожнага школьніка з улікам яго магчымасцей, інтарэсаў, схільнасцей і здольнасцей. Арганізацыя дыферэнцыраванага навучання з класам ажыццяўляецца на двух (часам на трох) узроўнях складанасці. Як правіла, настаўнік-прадметнік вылучае групу слабапаспяваючых навучэнцаў і групу “ўсіх астатніх”. Часам у групе “ўсіх астатніх” дадаткова вылучаецца падгрупа “моцных” вучняў. Складанасць работы вызначае настаўнік ці сам вучань. Для слабапаспяваючых вучняў спрашчаюць або памяншаюць колькасць заданняў, павялічваюць час на самастойную работу, аказваюць дапамогу ў выглядзе памятак, алгарытмаў, навадных пытанняў. Навучэнцы з высокай навучальнасцю могуць засвоіць новы матэрыял на аснове вельмі кароткага тлумачэння, якое раскрывае яго істотныя прыметы; рашыўшы 1—2 новыя задачы, яны асвойваюць метад рашэння цэлага класа задач і ў далейшым сама­стойна мадыфікуюць гэты метад пры сустрэчы з ускладненымі варыянтамі такіх задач. Школьнікі, якія засвоілі праграмны матэрыял, маюць магчымасць працаваць над матэрыялам павышанай складанасці, самастойна рашаць адэкватныя іх магчымасцям праблемы. Астатнія навучэнцы атрымліваюць больш падрабязныя тлумачэнні ад настаўніка, рашаюць задачы з паступовым павышэннем узроўню складанасці. Пераадольваючы цяжкасці ў вучэбнай дзейнасці з дапамогай іншых навучэнцаў або настаўніка, яны засвойваюць новы матэрыял, развіваюцца, нярэдка пераходзячы ў групы з больш высокім узроўнем навучальнасці.

Перш чым вызначыць ступень дыферэнцыраванага падыходу, праводжу дыягностыку, якая вызначае ў­зровень ведаў і ўменняў навучэнцаў. Для гэтага аналізую вынікі самастойнага выканання дзецьмі розных заданняў, вусныя адказы ля дошкі, розна­ўзроўневыя праверачныя работы. У выніку атрымліваю педагагічную паспяховасць дзіцяці (аналаг навучанасці). Вынікі прадстаўляю ў выглядзе ўмоўных стандартных адзнак: нізкая, сярэдняя, высокая. На падставе вынікаў дыя­гностыкі фармірую тры тыпа­лагічныя групы.

На аснове сфарміраваных груп размяркоўваю заданні па ўзроўнях складанасці. Вызначаю заданні груп А, Б, В. Заданні групы А накіраваны на запамінанне зместу вучэбнага матэрыялу і ўзнаўленне яго ў аб’ёме стандартных патрабаванняў да засваення. У заданнях групы Б патрабуюцца запамінанне вучэбнага матэрыялу, яго разуменне і ўменне выкарыстоўваць у знаёмай вучэбнай сітуацыі. Заданні групы В носяць творчы характар.

Напрыклад, у 7 класе пры вывучэнні тэмы “Унутраныя воды Афрыкі” прапаную навучэнцам наступныя заданні: групе А — дапоўніць схему “Рачныя басейны Афрыкі”, даць азначэнне паняццю “вадзі”, выкарыстоўваючы тэкст вучэбнага дапаможніка, запоўніць табліцу “Азёры Афрыкі”; групе Б — запоўніць табліцу “Параўнальная характарыстыка рэк Замбезі і Конга”, адказаць на пытанні: чаму возера Чад прэснае, хаця і бяссцёкавае? Чаму рака Конга паўнаводная круглы год? Заданні групе В — растлумачыць прычыны штогадовага вагання воднасці ракі Ніл і даць экалагічную ацэнку будаўніцтву Асуанскай плаціны.

Аднак найбольшы эфект атрымліваецца, калі дыферэнцыраваны сам змест матэрыялу, г.зн. не заданні падзелены на групы, а ў кожным заданні ёсць элементы паступовага ўскладнення. Першыя два пытанні задання  прадугледжваюць узнаўленне ў навучэнцаў наяўных ведаў і ўменняў ці выкананне практыкаванняў па пэўным узоры. Навучэнец, які правільна адказаў на гэтыя пытанні-заданні, можа атрымаць толькі здавальняючую адзнаку. Трэцяе пытанне патрабуе вызначэння і тлумачэння прычынна-выніковых сувязей, умення рабіць высновы. Адказваючы на чацвёртае пытанне, навучэнец павінен умець пераносіць веды ў новыя, больш складаныя ўмовы, вызначаць новыя сувязі, умець прывесці свой прыклад. Выкананне трэцяга і чацвёртага заданняў забяспечвае навучэнцу больш высокую адзнаку. Пятае пытанне патрабуе праяўлення творчай ініцыятывы, даволі глыбокіх ведаў па предмеце. Прыкладам такіх заданняў можа быць складанне крыжаванак, рэбусаў, геаграфічных дыктантаў, тэстаў, віктарын, турыстычных маршрутаў, стварэнне прэзентацый, буклетаў, рэкламных слоганаў, напісанне міні-сачыненняў. У некаторых выпадках яго выкананне можа быць перанесена ў пазаўрочны час. Такая форма работы можа быць выкарыстана як пры актуалізацыі ведаў навучэнцаў, так і пры арганізацыі самастойных работ.

Метад дыферэнцыраванага навучання выкарыстоўваю практычна на кожным уроку і на любым яго этапе.

Пры пісьмовым апытанні выкарыстоўваю рознаўзроўневыя тэсты.

У канцы вывучэння тэмы ці раздзела праводжу тэматычны кантроль з дыферэнцыраванымі заданнямі пяці ўзроўняў складанасці.

На этапе вывучэння новай тэмы таксама прапаную заданні рознай ступені складанасці. Напрыклад, калі праходзім тэму “Унутраныя воды Афрыкі”, высокаматываваным навучэнцам прапануецца наступная сітуацыя.

Рака Ніл — адна з найбуйнейшых рэк Афрыкі. У разгар лета, калі спёка дасягае сваёй мяжы, узровень ракі пачынае падымацца і Ніл выходзіць з берагоў. А ён жа заціснуты з двух бакоў пустынямі і, здавалася б, летам, наадварот, павінен моцна абмялець. У чым прычына яго штогадовых паводак?

Калі дзеці не могуць знайсці правільны адказ, прапаную ім навадныя пытанні:

—         Дзе Ніл бярэ пачатак?

—         Ад зліцця якіх дзвюх рэк ён утвараецца?

—         У межах якіх прыродных зон і кліматычных паясоў працякае?

—         У якіх з іх знаходзяцца вытокі?

—         Якія крыніцы жыўлення прытокаў Ніла?

—         Калі ўзровень вады ў іх максімальны і чаму?

Па тэме “Паняцце аб літасферы. Унутраная будова Зямлі” прапаную нізкаматываваным навучэнцам даць азначэнне паняццю “літасфера”, знайсці і паказаць на карце літасферныя пліты, скласці схему з гатовых элементаў на дошцы, выкарыстоўваючы тэкст вучэбнага дапаможніка. Навучэнцам з сярэднімі здольнасцямі прапаную запоўніць табліцу “Унутраная будова Зямлі” і зрабіць выснову, а высокаматываваным — падрыхтаваць паведамленне “Вывучэнне нетраў Зямлі”, рашыц­ь задачу (вызначыце тэмпературу горных парод на глыбіні 3000 м, калі ля паверхні Зямлі (без уліку залежнасці ад пары года) яна складае + 5°С).

На этапе замацавання матэрыялу навучэнцы таксама выконваюць рознаўзроўневыя заданні. Напрыклад, нізкаматываваныя навучэнцы запаўняюць пропускі ў тэксце, выкарыстоўваючы матэрыял параграфа; высокаматываваным прапаную выправіць памылкі ў тэксце.

З улікам выканання тэстаў на замацаванне новага матэрыялу прапаную дыферэнцыраванае дамашняе заданне: навучэнцам, якія зрабілі 5 памылак і больш, задаю вывучыць толькі параграф, высока­матываваным навучэнцам прапаную заданні павышанага ў­зроўню складанасці, творчыя заданні. Напрыклад, у 6 класе па тэме “Азёры, балоты, вадасховішчы” прапаную праблемнае пытанне: чаму возера Балхаш салёнае толькі напалову? Чаму прэсныя і салёныя воды не перамешваюцца? У 7 класе па тэме “Прыродныя зоны Аўстраліі і Акіяніі. Ахова прыроды” даю творчае заданне: змадэляваць, як зменіцца прырода Аўстраліі, калі мацярык у выніку дрэйфу зойме становішча на 20° паўночней?

Вопыт работы па тэме “Выкарыстанне дыферэнцыраванага падыходу ў навучанні на ўроках геаграфіі” дае станоўчыя вынікі: узрасла матывацыя навучэнцаў да вывучэння геаграфіі, у высокаматываваных навучэнцаў атрымалася рэалізаваць навыкі даследчай дзейнасці, у нізкаматываваных навучэнцаў з’явілася ўстойлівая цікавасць да прадмета, сфарміраваны ўменні самастойна працаваць над заданнем або з вучэбным праграмным матэрыялам. Дыферэнцыраваны падыход у навучанні садзейнічае лепшаму засваенню тэмы ўрока і выкананню вялікага аб’ёму работы.


7 клас

Рознаўзроўневы тэст па тэме “Тэктанічная будова. Рэльеф. Карысныя выкапні Афрыкі”

Узровень 1

На якой платформе ляжыць Афрыка?

а) Аўстралійская платформа;

б) Афрыкана-Аравійская платформа;

в) Афрыканская платформа.

Узровень 2

Афрыканская платформа разбіта разломамі. У выніку ўтварыўся __________________________.

Узровень 3

Якая існуе ўзаемасувязь паміж тэктанічнай будовай, рэльефам і карыснымі выкапнямі? Прывядзіце прыклад.

Узровень 4

Чаму на паўночным захадзе мацерыка ўтварыліся горы Атлас?

Узровень 5

Ва Усходне-Афрыканскіх рыфтах зямная кара рассоўваецца з хуткасцю 4 мм/год. Зрабіце прагноз: да чаго прывядуць тэктанічныя разломы праз 100 млн гадоў?


6 клас

Тэматычны кантроль па тэме “Атмасфера. Надвор’е і клімат”

Варыянт 1

Узровень 1

Выберыце правільны адказ.

1. Вецер — гэта:

а) сіла, з якой атмасфернае паветра цісне на зямную паверхню;

б) гарызантальнае перамяшчэнне паветра з вобласці высокага атмасфернага ціску ў вобласць нізкага;

в) паветраная абалонка Зямлі.

2. Надвор’е — гэта:

а) стан прыземнага слоя атмасферы ў пэўны момант ці прамежак часу на пэўнай тэрыторыі;

б) шматгадовы рэжым, характэрны для пэўнай мясцовасці;

в) змены тэмпературы, атмасфернага ціску, колькасці ападкаў на працягу года.

Узровень 2

1. Знайдзіце адпаведнасць:

1. пастаянныя вятры;              а) брыз, фён, сарма, норд, бора, містраль;

2. сезонныя вятры;                  б) пасаты, заходнія вятры, усходнія вятры;

3. мясцовыя вятры;                 в) мусоны.

Узровень 3

Як і чаму мяняецца атмасферны ціск на працягу сутак і на працягу года?

Узровень 4

Чаму адносная вільготнасць паветра высокая ў экватарыяльных і палярных шыротах?

Узровень 5

Змадэлюйце сітуацыю ў выпадку, калі ўздоўж заходняга ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі будзе праходзіць не халодная плынь, а цёплая. Як зменіцца клімат заходняга ўзбярэжжа мацерыка?


Апавяданне-правакацыя. Знайсці памылкі ў тэксце.

 Большая частка Аўстраліі знаходзіцца ў экватарыяльным кліматычным поясе, таму там пераважае сухі клімат. У субэкватарыяльных лясах сярод высокіх траў разам з іншымі дрэвамі (пальмамі, фікусамі) растуць своеасаблівыя дрэвы баабабы з тоўстымі стваламі бліжэй да зямлі, якія рэзка звужаюцца ўверсе. Самая вялікая рачная сістэма Аўстраліі — Дарлінг з буйным прытокам Мурэй. Рэчкі, што часова перасыхаюць, на гэтым мацерыку называюць ва­дзі. Рэльеф Аўстраліі, як і Афрыкі, параўнальна просты. У падмурку яе ляжыць складкаватасць. На ў­сходзе мацерыка знаходзіцца Аўстралійская платформа. Жывёльны свет своеасаблівы. Тут жывуць яхідны, качканосы, якія выво­дзяць дзіцянят з яек. Часта сустракаюцца бегемот, слон, іншыя буйныя жывёлы. Шмат сумчатых.

Уставіць у тэксце прапушчаныя словы.

Аднародныя па складзе і структуры рэчывы называюцца ________. Мінеральныя рэчывы, якія складаюц­ь зямную кару, — гэта __________. Горныя пароды па спосабе іх утварэння дзеляцца на ________, _________, ________. Пры застыванні магмы ў нетрах Зямлі або на яе паверхні ўтвараюцца __________ горныя пароды. Напрыклад, _________, _________. Пароды, утвораныя шляхам назапашвання і ўшчыльнення прадуктаў разбурэння парод і арганічных рэшткаў, называюцца ________. Яны дзеляцца на _______, _______, ________. Асадкавыя абломкавыя горныя пароды ўтварыліся ў выніку _________. Напрыклад, _______, _______, _______. Асадкавыя пароды арганічнага паходжання ўтвараюцца ў выніку __________. А асадкавыя пароды хімічнага паходжання ўтвараюцца ў выніку __________. Напрыклад, _________. У нашай мясцовасці сустракаюцца такія горныя пароды, як ________, ________, _________.

Аксана ДУБАК,
настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 14 Ліды.