Дырэктар Аляксандр Лічык са сваім інавацыйным поглядам стварае сучаснае адукацыйнае асяроддзе

- 14:18Интервью, Образование

Кіраўнік гімназіі № 2 Ваўкавыска — унікальны прадстаўнік дырэктарскага корпуса. Аляксандр Лічык — адзін з нямногіх прадстаўнікоў школьнай адміністрацыі, хто з’яўляецца настаўнікам-метадыстам. Ці спрыяе гэты факт развіццю ўстановы, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася ў  Аляксандра Анатольевіча.

— Як даўно вы дырэктар і як адчуваеце сябе ў гэтай ролі?

— Дырэктарам гімназіі быў прызначаны ў 2017 годзе. А вось даўно ці нядаўна — тут больш скажуць людзі, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі гімназічнай супольнасці, і гэта не толькі дзеці, настаўнікі і бацькі, але і жыхары мікрараёна, горада ў цэлым. Хацелася, каб яны ацанілі, як “даўно”. Гімназія сёння — гэта своеасаблівая авангардная зона адукацыйнай супольнасці Ваўкавышчыны, дзе ажыццяўляецца трансляцыя сучасных адукацыйных практык, акумуляцыя, падтрымка і развіццё дзіцяча-дарослых ініцыятыў, рэалізацыя рэспубліканскіх і міжнародных адукацыйных праектаў.

Не буду пералічваць усе дасягненні і інавацыі, але, менавіта дзякуючы ім, у 2004 годзе школа набыла статус гімназіі (дырэктарам была Тамара Васільеўна Федарэнкава). У 2023 годзе гімназіі № 2 Ваўкавыска прысвоены статус “Школа міру”. Як і ўсе гімназіі, мы рэалізуем дзяржаўныя патрабаванні да адукацыі ў спалучэнні з павышаным узроўнем навучання, шырокай гуманітарнай і агульнакультурнай падрыхтоўкай навучэнцаў. Місію гімназіі бачым у фарміраванні чалавека-даследчыка, стварэнні школы развіцця на аснове тэхналогій, якія забяспечваюць бесперапынную адукацыю і стварэнне ўласных траекторый развіцця асобы навучэнца.

Зрабіць місію рэальнасцю без высокапрафесійнага калектыву педагогаў немагчыма.

— Сапраўды, самым важным фактарам павышэння якасці адукацыі з’яўляецца кадравы патэнцыял. На сённяшні дзень адукацыйны працэс у гімназіі ажыццяўляюць 74 педагогі, з якіх трое — настаўнікі-метадысты, 82% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Нашы педагогі 12 разоў былі ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. 62 настаўнікі ўзнагароджаны граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і граматамі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. А настаўніца іспанскай мовы Юлія Уладзіміраўна Касталомава стала абсалютнай пераможцай у намінацыі “Замежная мова” на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2017”.

Высокі прафесіяналізм педагогаў і створаныя ўмовы дазволілі выбудаваць сістэму работы са здольнымі і адоранымі навучэнцамі. Напрыклад, у 2022 годзе 88 чалавек сталі прызёрамі раённай, абласной і рэспубліканскай алімпіяд. На абласным этапе алімпіяды заваявана 25 дыпломаў, а на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па замежнай мове ў нас дыпломы I, IІ, III ступені па іспанскай мове, а таксама дыплом I ступені па рускай мове.

За час дзейнасці гімназіі стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў быў удастоены 21 гімназіст, абласной прэміі імя А.В.Дубко — 9, прэміі абласнога аддзялення Беларускага фонду міру — 8.

— Аляксандр Анатольевіч, наколькі важныя інавацыі для адукацыі? Як яны паўплывалі на вас і вашу гімназію?

— Напрыклад, уключэнне ў праект “Апрабацыя эксперыментальных інтэграваных вучэбных планаў і вучэбных праграм пры арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання” дазволіла мне і кожнаму з настаўнікаў-удзельнікаў стаць распрацоўшчыкамі ўласных эксперыментальных праграм па вучэбным прадмеце, ацаніць важнасць якаснага планавання ў працэсе арганізацыі навучання па вучэбным прадмеце.

Увогуле, у гімназіі былі рэалізаваны рэспубліканскія інавацыйныя праекты “Укараненне мадэлі комплекснай падтрымкі педагагічных ініцыятыў”, “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў”.

Работа педагагічнага калектыву гімназіі ў рамках інавацыйных і эксперыментальных праектаў спрыяе развіццю станоўчай дынамікі дасягненняў вучняў. Адбываецца паступовае фарміраванне сацыяльнай паспяховасці ўсіх удзельнікаў гімназічнай супольнасці, развіваюцца ўменні вызначаць прыярытэты і недахопы ўласнай адукацыйнай дзейнасці. Павышаецца якасць кіравання інавацыйнымі працэсамі развіцця самой установы адукацыі. Ажыццяўляецца актыўная трансляцыя назапашанага вопыту на ўзроўні раёна, вобласці, рэспублікі, пашыраецца геаграфія партнёрства.

Мы першымі ў раёне арганізавалі работу гімназічнага тэлебачання (youtube-канал “Гимназия.TV”), заявілі пра сябе на міжнародным узроўні праз праект “Мэты ўстойлівага развіцця для ўсіх”, станавіліся пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Лідар года” ў намінацыі “Дуэт лідараў”, сталі ўдзельнікамі міжнароднай канферэнцыі “Этыкетная культура як інструмент стварэння этычных зносін у сацыяльных сетках”, пераможцамі фестывалю, ініцыіраванага ПРААН “Стварэнне ўмоў для праўлення і рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў”.

Гордасцю гімназіі з’яўляюцца гімназічны музей жанчыны-маці, узорны тэатр-студыя “Лицедеи” (і іспанамоўны тэатр-спадарожнік AVENTURA), пастаянны пераможца раённых і неаднаразовы прызёр абласных аглядаў-конкурсаў тэатральных калектываў. Удзельнікамі тэатра-студыі на сёння з’яўляюцца больш за 50 навучэнцаў.

— Наконт партнёрства. На базе гімназіі працуе цэнтр вывучэння кітайскай мовы і культуры РІКК БДУ. Як гэта і іншыя праекты па супрацоўніцтве паўплывалі на развіццё вашай установы?

— З 2021 года ажыццяўляецца супрацоўніцтва гэтага цэнтра і гімназіі з сярэдняй школай № 1 Хэбі (Хэнань, КНР). Ключавым напрамкам сумеснай дзейнасці стала папулярызацыя кітайскай і беларускай моў у кантэксце прасторы абедзвюх краін, а таксама вывучэнне кітайскай, беларускай і рускай мовы навучэнцамі ўстаноў адукацыі. Акрамя таго, у гімназіі працягваецца работа па развіцці партнёрскіх адносін з установамі адукацыі Расійскай Федэрацыі, Кыргызстана. З 2022 года гімназія — член Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь.

Супрацоўніцтва з каардынацыйным цэнтрам БДПУ “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” дазволіла надаць новы імпульс рабоце абласнога рэсурснага цэнтра комплекснай падтрымкі сацыяльна актыўнай дзейнасці гімназіі, які стаў ініцыятарам правядзення міжнародных праектаў (“Падарожжа Цурыка ў Беларусі і свеце”, “Тэатр без меж” і інш.).

Актуальнай, у тым ліку і асабіста для мяне, з’яўляецца работа па папулярызацыі педагагічнай прафесіі ў вучнёўскім асяроддзі і соцыуме. З’яўляюся пастаянным арганізатарам і ўдзельнікам заняткаў з навучэнцамі педагагічных класаў гімназіі, дзе гаворым пра ролю асобы педагога ў соцыуме, станаўленне і развіццё вучня як паўнапраўнага члена грамадства.

Часта абмяркоўваецца роля штучнага інтэлекту ў адукацыі, новыя прафесіі ў жыцці выпускніка сёння і многае іншае. Калектыў гімназіі знаходзіцца на стадыі завяршэння напісання інавацыйнага праекта “Уцягнутасць старшакласнікаў у каэвалюцыю “чалавек — прырода” і “чалавек — штучны інтэлект” на аснове фарміравання вопыту стваральнай дзейнасці навучэнцаў.  

Кампетэнцыі дырэктара школы сёння вельмі разнастайныя. Якія яго функцыі, на ваш погляд, зяўляюцца вызначальнымі?

— Усведамляючы ролю асобы кіраўніка ў станаўленні і развіцці арганізацыі, можна з упэўненасцю пагадзіцца з вялікім савецкім педагогам В.А.Сухамлінскім у тым, што “дырэктар школы — ёсць настаўнік настаўнікаў”. У чым з пазіцыі дырэктара праяўляецца НАСТАЎНІК для настаўнікаў? Напэўна, ва ўсім — пачынаючы ад складу мыслення, паводзін, дзеянняў, хуткасці і якасці прыняцця рашэнняў і заканчваючы ўспрыманнем сваёй суб’ектнай ролі ў прафесіі, служэннем на карысць грамадству і дзяржаве.

Дырэктарства — гэта пастаянны пошук, пастаянны баланс паміж укладзеным рэсурсам і вынікам. На сваім прыкладзе пакажы тое, што патрабуеш ад падначаленых. І асноўнае патрабаванне — гэта прафесіяналізм. Многія скажуць, што няма крытэрыяў вымярэння прафесіяналізму, і будуць часткова мець рацыю. Але яны ёсць. Распрацоўваючы праграму развіцця гімназіі, сумесна з калектывам мы вызначылі, што ключавым напрамкам нашай дзейнасці з’яўляецца прафесіяналізм настаўніка, які ўключае патрабавальнасць да сябе, павышэнне майстэрства праз удзел у публічных прафесійных мерапрыемствах, работу ў рамках інавацыйных і эксперыментальных праектаў, уменні абагульніць свой вопыт і прадставіць для распаўсюджвання.

На сёння ў галіне маіх прафесійна-навуковых інтарэсаў знаходзіцца пытанне стварэння індывідуальных прафесійных адукацыйных траекторый настаўнікаў, аказанне падтрымкі ў падрыхтоўцы да праходжання кваліфікацыйнага экзамену на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”. Актуальным з’яўляецца далучэнне педагогаў да арганізаванай праектнай дзейнасці ў кантэксце арганізацыі супрацоўніцтва (семінары, канферэнцыі, сустрэчы і г.д.). Я сам праводзіў семінар “Мадэрацыя — эфектыўная тэхналогія кіраўніцкай дзейнасці” для дырэктараў краіны яшчэ на базе АПА (цяпер Акадэміі адукацыі). Увогуле, на маім рахунку больш за 50 публікацый на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, больш за 15 — у прафесійных выданнях па методыцы выкладання хіміі, кіраўніцкай дзейнасці, выхаваўчай рабоце.

— А якія дакументы для дырэктара школы самыя важныя?

— Настольнымі кнігамі дырэктара ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляюцца Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Працоўны кодэкс. На пастаянным кантролі кіраўніка знаходзяцца пытанні Дырэктывы № 1 ад 11 сакавіка 2004 года (у рэдакцыі Указа № 420 ад 12 кастрычніка 2015 года) “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, Палажэнне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі і інш. Задачай кіраўніка сёння з’яўляецца не толькі данесці асноўныя палажэнні Дзяржаўнага школьнага стандарту да вучняў, бацькоў і педагогаў, але і ажыццявіць належны кантроль іх выканання.

Ці трэба быць ідэйным натхняльнікам для свайго калектыву (у пэўным сэнсе гуру)?

— Тут хочацца працягнуць папярэдняе пытанне і сказаць, што, акрамя дзяржаўных нарматыўных дакументаў, дырэктар павінен мець і асабіста-прафесійныя нарматыўныя дакументы — гэта працы вядучых педагогаў, класікаў педагогікі, якія ён будзе перачытваць шмат разоў і натхняцца. Для мяне гэта працы нашага земляка Л.С.Выгоцкага, прадстаўнікоў гуманнай педагогікі В.А.Сухамлінскага, Ш А.Аманашвілі, спецыяліста ў галіне эўрыстычнага навучання доктара педагагічных навук, рэктара БДУ Андрэя Караля, а таксама пытанні ўкаранення ў адукацыйнае асяроддзе школы тэхналогіі стваральнай дзейнасці (тут больш за ўсё арыентуюся на працы А.Н.Тубельскага).

— Як будуеце адносіны з бацькамі вучняў?

— Мы хочам быць сучаснымі, таму, акрамя традыцыйных бацькоўскіх сходаў, штомесячных мерапрыемстваў шостага школьнага дня, актыўна наладжваем інтэрнэт-камунікацыі з бацькамі. Сёння, акрамя гімназічнага інтэрнэт-канала, сайта, у нас развіваецца акаўнт гімназіі ў сацыяльных сетках @gimnvolk. Усё гэта і многае іншае ў першую чаргу накіравана на своечасовае інфармаванне бацькоў як паўнапраўных удзельнікаў адукацыйнай супольнасці аб жыцці гімназіі, ідэях і новых праектах.

— І апошняе. Ці існуе для вас такое паняцце, як ідэальная школа?

— Сваю ідэальную школу я часткова апісаў у артыкуле міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай напрыканцы мінулага года БПА на базе БДПУ, дзе разгледзеў мадэль школы з пазіцыі кіравання прафесійным развіццём настаўнікаў (на прыкладзе школы А.М.Тубельскага). Калі коратка, то ідэальная школа — гэта школа, якая знаходзіцца ў развіцці і пошуку неабходных інструментаў і практык для адукацыі будучыні. Будучыня — гэта не эфімерны выраз, не аддаленая філасофская катэгорыя, а нашы дзеці, якія ўжо сёння могуць, а заўтра проста будуць абавязаны ствараць рэаліі новага часу. Сёння, як ніколі раней, нам, настаўнікам, неабходна акумуляваць свае намаганні на пераходзе ад адукацыі ведаў да адукацыі разумення — сістэмы гуманітарнай падрыхтоўкі, накіраванай на развіццё разумення суб’екта мэты дзейнасці, на пераход прыярытэтаў гуманітарнай адукацыі з рэгістра перадачы ведаў па прадметах у рэгістр фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці, што азначае фарміраванне сістэмы ідэнтычнасці грамадзяніна сваёй краіны. У адваротным выпадку, калі дзіця/чалавек не разумее, што робіць, значыць, няправільна ацэньвае свет, няправільныя мэты ставіць, расстаўляе няправільныя каштоўнасныя акцэнты.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва гімназіі