Дырэктар гімназіі Драгічына Людміла Філанюк: «Настаўніцтва з дзяцінства прыцягвала высакароднасцю і павагай»

- 14:53Образование

Дырэктар гімназіі Драгічына Людміла Філанюк — яркі прыклад кіраўніка, здольнага захапіць і павесці за сабой падначаленых, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

А ўсё таму, што яна ўмее не толькі натхніць калег уласным прыкладам (настаўніцкім і арганізатарскім), але і правільна вызначыць прыярытэты на перспектыву. Усе ініцыятывы і творчыя задумы згуртаванага педкалектыву заўсёды знаходзяцца пад пільнай увагай дырэктара, якая ўсвядомлена выбрала педагагічную прафесію і змагла ў ёй цалкам самарэалізавацца.

Настаўніцтва з дзяцінства прыцягвала высакароднасцю і павагай, — гаворыць Людміла Іванаўна. — Педагог вучыць добразычлівым адносінам да навакольнага свету, дапамагае зразумець і прыняць жыццёвыя каштоўнасці, правільна арыентавацца ў розных сітуацыях, знаёміць з захапляючым светам розных навук, у тым ліку і любімай рускай філалогіі.

Настаўніцкая прафесія для Людмілы Філанюк — гэта крыніца радасці і чалавечых зносін, якія дазваляюць дзяліцца ведамі і вопытам, даюць прастору для творчасці і развіцця розных здольнасцей. Нездарма дырэктар знаходзіцца ў пастаянным педагагічным і эксперыментальным пошуку, актыўна падтрымлівае ўсё перадавое і перспектыўнае, дапамагае ўкараніць яго ў адукацыйны працэс.

З 2016 года гімназія з’яўляецца рэс­публіканскай інавацыйнай пляцоўкай па рэалізацыі цікавых праектаў: “Укараненне мадэлі фарміравання лічбавых кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу”, “Укараненне мадэлі фарміравання функцыянальнай пісьменнасці вучняў шляхам інтэграцыі педагагічных і лічбавых тэхналогій” і інш. Гэта падштурхнула да прафесійнага і творчага росту педагогаў. Так, за апошнія 6 гадоў 51 настаўнік здаў экзамен на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Педагогі паспяхова выкарыстоўваюць у сваёй рабоце інфармацыйныя тэхналогіі, займаюцца даследчай дзейнасцю. 

Шмат увагі Людміла Іванаўна ўдзя­ляе развіццю высокаматываваных вучняў. Гімназісты вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, навукова-практычных канферэнцыях, творчых, інтэлектуальных і літаратурных конкурсах. Штогод драгічынскія вучні становяцца прызёрамі абласнога конкурсу “Упрыгожым Беларусь кветкамі”.

Вопыт установы па рэалізацыі рэс­публіканскага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” ўвайшоў у дзясятку лепшых у краіне і размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале. Пад кіраўніцтвам Людмілы Філанюк ажыццяўляецца прафілактычны праект “Гімназія — тэрыторыя здароўя”. Амаль 20 гадоў ва ўстанове дзейнічае кабінет-музей этнаграфіі Драгічыншчыны, на базе якога працуе клуб “Нашчадкі”. Яго члены — актыўныя ўдзельнікі краязнаўчых канферэнцый і абласнога фальклорнага фестывалю “Радавод”.

Сістэмная і мэтанакіраваная работа педагогаў з адоранай моладдзю прыно­сіць плён. Кожны год больш за 80% выпускнікоў гімназіі працягваюць адукацыю ва ўніверсітэтах.

У полі зроку кіраўніка — умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, завяршэнне рэканструкцыі музея народнай адукацыі Драгічынскага раёна, адкрыццё музейнага пакоя, прысвечанага генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, арганізацыя эфектыўнай работы з высокаматываванымі вучнямі, іх якасная падрыхтоўка да цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання.

Клопатаў у дырэктара шмат. Усюды трэба паспець. Але дзякуючы эрудыцыі, вопыту і дысцыплінавасці ёй гэта ўдаецца. Кіраўнік умее выслухаць і пачуць калег, своечасова і эфектыўна вырашыць канфліктныя сітуацыі. Менавіта за прафесіяналізм, інтэлігентнасць, добразычлівасць, аптымізм і душэўную чуласць Людміле Іванаўне ў 2011 го­дзе даверылі кіраваць яшчэ і раённым вучэбна-метадычным аб’яднаннем дырэктараў устаноў адукацыі. І яна гэты давер апраўдвае штодзённай самаадданай
працай.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ