Дырэктар гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра — аб інавацыях у адукацыі і педагагічных дасягненнях калектыву

- 12:16Интервью

Гімназію імя Янкі Купалы Мазыра ведаюць не толькі на Гомельшчыне, але і далёка за яе межамі. Пра тое, чым яна адметная, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў дырэктар Міхаіл Ранчынскі.

— Міхаіл Міхайлавіч, як даўно вы дырэктар і як адчуваеце сябе ў гэтай ролі?

— Дырэктарам гімназіі працую амаль 14 гадоў (са жніўня 2010 года). На гэтую пасаду ішоў свядома, бо ўжо меў пэўны кі­раўніцкі вопыт і ўсведамляў, чаго ад мяне чакаюць на новым месцы. У дырэктарскай дзейнасці мне вельмі дапамагае набыты за гады работы ў сістэме адукацыі вопыт: быў старшым піянерважатым у сельскай школе, нас­таўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, па вучэбнай рабоце ва ўстановах адукацыі Мазыра, дырэктарам сярэдняй школы. Многія ганарацца тым, што ўвесь час працавалі ў якой-небудзь адной установе адукацыі, а я лічу вельмі карысным папрацаваць у розных установах, у розных педкалектывах. За 30 гадоў работы ў педагогіцы я не шкадую аб выбранай прафесіі, не ўяўляю сябе ў іншых сферах дзейнасці. Як адчуваю сябе на гэтай пасадзе? Па-рознаму. Бываюць моманты, калі хочацца больш спакойнай дзейнасці. Але калі гімназія развіваецца, калі ёсць добрыя вынікі, калі ў адрас педкалектыву гучаць словы падзякі, тады атрымліваеш задавальненне і радасць ад сваёй працы.

— Якія функцыі дырэктара, на ваш погляд, з’яўляюцца вызначальнымі?

— Функцыянальныя абавязкі кіраўніка ўстановы адукацыі вельмі шырокія і разнастайныя. Дырэктар павінен валодаць шматлікімі, часам дыяметральна процілеглымі кампетэнцыямі: методыкай выкладання ўсіх вучэбных прадметаў, сучаснымі падыходамі да арганізацыі выхаваўчай і прафілактычнай работы, асновамі справаводства, працоўнага заканадаўства, фінансава-гаспадарчай дзейнасці, ведаць патрабаванні па пытаннях аховы працы, санітарныя правілы і нормы, патрабаванні да арганізацыі харчавання навучэнцаў і многае іншае. Сёння дырэктар — гэта і метадыст, і псіхолаг, і юрыст, і інжынер-будаўнік, і тэхнолаг. І многія кампетэнцыі даводзіцца спазна­ваць праз практычны вопыт, пас­таянна сама­ўдасканальваючыся. Вылучыць асноўныя немагчыма, бо калі якому-небудзь кірунку ўдзяліць менш увагі, то гэта абавязкова паўплывае на ўсю сістэму работы ўстановы. Таму даводзіцца ўвесь час быць у тонусе.

— Сярод дакументаў якія лічыце самымі важнымі?

— Усе дакументы патрабуюць да сябе сур’ёзнага стаўлення і ўвагі. Па-першае, дырэктар павінен максімальна валодаць зместам нарматыўных прававых дакументаў, мець іх пад рукой. Па-другое, неабходна вельмі сур’ёзна падыходзіць да стварэння лакальных дакументаў, каб яны працавалі на ўстанову, на вынік. Гаворка пра статут установы, правілы ўнутранага працоўнага распарадку, калектыўны дагавор, сістэму кіравання аховай працы, палажэнні па розных напрамках дзейнасці, службовыя інструкцыі і г.д. Але на першы план сярод лакальных дакументаў я вынес бы гадавы план работы ўстановы. І, вядома ж, сістэму сама­кантролю, якая дазваляе выяўляць поспехі, патрэбныя вынікі, а таксама своечасова купіраваць праблемы ў рабоце калектыву.

— Ці трэба быць ідэйным натхняльнікам для свайго калектыву (у пэўным сэнсе гуру)?

— Я не прымаю прынцып аднаасобнага кіравання, вітаю калегіяльнасць у прыняцці важных рашэнняў па розных напрамках дзейнасці. Таму заўсёды адкрыты для прапаноў і ідэй. Калектыў гімназіі пра гэта ведае і пры неабходнасці звяртаецца. І гімназісты ведаюць, што я іх заўсёды выслухаю, падтрымаю, дам параду. Я заўсёды гавару, што падтрымаю любую ідэю, калі яна спрацуе на пазітыўны вынік. Наогул, мой прынцып — ва ўсім і ўсюды працаваць з поўнай аддачай, таму нацэльваю на гэта і свой калектыў, асабліва намеснікаў дырэктара.

— Што параіце пачынаючаму дырэктару?

— Найперш ісці на кіруючую пасаду ўсвядомлена, ацаніўшы свае сілы, здольнасці і магчымасці, разумеючы ўвесь цяжар адказнасці. У свой час, калі я адпрацаваў адзін год на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, мне было прапанавана стаць дырэктарам сярэдняй школы. Я тады адмовіўся, аргументуючы, што яшчэ не гатовы, і толькі праз тры гады прыняў такую прапанову. Калі паго­дзіцеся, часу на раскачку не будзе. Так, вам акажуць падтрымку і аддзел адукацыі, і калегі, але з першага дня менавіта на вас кладзецца ўся адказнасць за даручаную ўстанову.

А парады пачынаючаму кі­раўніку, напэўна, будуць стандартнымі: вывучыць нарматыўныя прававыя дакументы і пастаянна кіравацца імі, арганізаваць работу кіраўніцкай каманды, не ла­маць усё, што было напрацавана ва ўстанове, лепшае заха­ваць, пры­множыць, новае прыўно­сіць паступова, наладзіць кантакт з кожным работнікам, каб ведаць, як працаваць, браць на ўзбраенне лепшы вопыт, лепшыя кіраўніцкія практыкі, быць пастаянна ў пошуку, прыслухоўвацца да парад спецыялістаў з аддзела адукацыі, раённага метадычнага кабінета, калег, наведваць семінары, курсы павышэння кваліфікацыі, напрошвацца ў госці да дасведчаных кіраўнікоў.

Мне, напрыклад, у станаўленні як кіраўніка дапамаглі тры рэчы. У тых установах, дзе працаваў, дырэктарамі былі сапраўдныя прафесіяналы, і я шмат у чым кіруюся іх падыходамі. Яшчэ вельмі цаню дапамогу і падтрымку з боку кі­раўніцтва аддзела адукацыі, спецыялістаў раённага вучэбна-метадычнага цэнтра. І трэцяе — работа ў складзе камісій Дэпартамента кантролю якасці ведаў па акрэдытацыі (пацвярджэнні акрэдытацыі) гімназій у розных рэгіёнах нашай краіны. Ажыццяўляючы кантроль дзейнасці розных напрамкаў у гэтых установах, мы, члены камісіі, абменьваліся вопытам, наладжвалі кантакты. З многімі ўстановамі і цяпер падтрымліваем сувязь.

— Наколькі важныя інавацыі для адукацыі? Як яны паўплывалі на вас і вашу ўстанову?

— Інавацыі адыгрываюць ключавую ролю ў развіцці адукацыі. Яны ўзбагачаюць адукацыйны працэс і ствараюць новыя магчымасці для навучэнцаў і педагогаў, дапамагаюць адаптавацца да зменлівага свету, стымулююць творчае мысленне і павышаюць матывацыю.

Педагагічны калектыў гімназіі актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі інавацыйных і эксперыментальных праектаў. Мы паспяхова рэалізавалі такія, як “Укараненне мадэлі фарміравання фінансавай адукаванасці як адной з кампетэнцый навучэнцаў з дапамогай стварэння інфармацыйнага адукацыйнага медыяасяроддзя”, “Апрабацыя варыянтаў выкарыстання 3D-прынтараў у адукацыйным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. У гэтым годзе заканчваеццца рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметнай кампетэнтнасці навучэнцаў ва ўмовах інфарматызацыі адукацыі (другая ступень агульнай сярэдняй адукацыі)”.

Пасля паспяховай рэалізацыі інавацыйных праектаў на базе гімназіі былі створаны раённыя метадычныя фарміраванні: прафе­сійная навучальная супольнасць “Эканамічнае выхаванне” і рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій для педагогаў агульнай сярэдняй адукацыі. На гэтых пляцоўках педагогі гімназіі разам з калегамі з іншых школ абменьваюцца вопытам, распрацоўваюць новыя методыкі выкладання і інтэгруюць інавацыйныя падыходы ў адукацыйны працэс.

— Раскажыце пра вашых настаўнікаў, пра іх педагагічныя дасягненні ў гэтым навучальным годзе. Ці ёсць у вас крытэрыі ацэньвання педагога?

Педагагічны калектыў гімназіі складаецца з творчых, таленавітых і высокакваліфікаваных педагогаў. У гімназіі — тры настаўнікі-метадысты. Педагогі смела прадстаўляюць вопыт сваёй работы на раённым, абласным, рэспуб­ліканскім узроўнях: праводзяць адкрытыя ўрокі, майстар-класы, удзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, семінарах. Толькі ў гэтым годзе ў педагогаў гімназіі больш за 80 пуб­лікацый, 11 вядуць свае прадметныя сайты. Нашы настаўнікі ўваходзілі ў склад экспертных груп і распрацоўшчыкаў вучэбных матэрыялаў адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, маршрутных лістоў вучэбных заняткаў для вэб-настаўніцкай сайта ГАІРА, працавалі над вучэбнымі дапаможнікамі па біялогіі, геаметрыі, гісторыі.

Педагогі гімназіі з’яўляюцца абласнымі трэнерамі па падрыхтоўцы вучняў да рэспубліканскай алімпіяды: А.А.Сарока — па кітайскай мове, В.Ф.Арлова — па анг­лійскай. Абедзве маюць узнагароды за якасную работу.

У гімназіі ёсць пэўныя крытэрыі ацэньвання работы настаўнікаў. Гэта прафесійныя веды і навыкі (настаўнікі павінны валодаць глыбокімі ведамі ў сваёй галіне, са­чыць за апошнімі тэндэнцыямі ў адукацыі, а таксама ўмець прымяняць сучасныя метады навучання і тэхналогіі), вынікі навучання (ацэнка поспехаў вучняў, прагрэс на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці), арганізацыйныя здольнасці (планаванне і структураванне ўрокаў, работа з класам, арганізацыя пазаўрочнай дзейнасці і мерапрыемстваў), камунікацыя і адносіны з навучэнцамі і іх бацькамі (эфектыўнасць, стварэнне атмасферы ўзаемаразумення і павагі), калегіяльнасць і супрацоўніцтва (здольнасць працаваць у каман­дзе, дзяліцца вопытам, падтрымліваць калег і дапамагаць ім).

Каб забяспечыць зладжаную работу педагагічнага калектыву, стараемся арганізаваць спрыяль­ную рабочую атмасферу, падтрымліваем творчыя ініцыятывы. Таксама ў гімназіі забяспечваецца прафесійнае развіццё праз правядзенне майстар-класаў, трэнінгаў, семінараў па павышэнні кваліфікацыі, стымуляванне самаадукацыі і абмену вопытам. Праводзім агульныя сходы, гутаркі, нарады, сумесныя мерапрыемствы для ўмацавання сувязей у калектыве. Практыкуем дакладнае дэлегаванне абавязкаў і адказнасці (згодна з талентамі і здольнасцямі). Абавязкова ажыццяўляем падтрымку і за­ахвочванне: прызнанне дасягненняў, стымуляванне лепшых педагогаў, забеспячэнне магчымасцей для прафесійнага і асобаснага росту.

— Гімназія імя Янкі Купалы Мазыра — гэта…

— Таленавітыя і працавітыя вучні. Сёння ў гімназіі вучыцца 910 чалавек. На працягу пяці гадоў захоўваецца станоўчая дынаміка сярэдняга бала паспяховасці вучняў і якасці ведаў па вучэбных прадметах, што сведчыць аб высокай матывацыі гімназістаў да вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, мэтанакіраванай і сістэмнай рабоце ўсяго педагагічнага калектыву. Апошнія тры гады сярэдні бал атэстата гімназістаў складае 9,5. 14 навучэнцаў 9-х класаў у гэтым навучальным го­дзе атрымалі пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай, 14 адзінаццацікласнікаў па выніках вучобы атрымалі атэс­таты асаблівага ўзору з узнагаро­джаннем залатым медалём.

Сярэдні бал выпускнікоў 2023 года па цэнтралізаваным экзамене і цэнтралізаваным тэсціраванні склаў 77,4 бала. Ужо сталі вядомы вынікі ЦЭ 2024 года. Мы рады поспехам нашых дзяцей: сярэдні бал ЦЭ па ўсіх прадметах — 85, у арсенале гімназістаў — сем стабальных сертыфікатаў!

За апошнія тры гады гімназіс­тамі ў рэспубліканскай і абласной алімпіядах заваявана 355 дып­ломаў раённага, 54 — абласнога, 6 — рэспубліканскага ўзроўняў. У гэтым навучальным годзе на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды навучэнец 11 класа Яраслаў Ляшок атрымаў дыплом ІІІ ступені па англійскай мове, навучэнцы 9 класа Аляксандра Карнавушанка — дыплом ІІІ ступені па беларускай мове, Іван Кошман — дыплом І ступені па інфарматыцы.

За тры гады гімназісты завая­валі больш за 500 дыпломаў на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. У прыватнасці, у мінулым годзе Уладзіслаў Дудкоўскі, будучы дзесяцікласнікам, стаў двухразовым пераможцам суперфіналу і прызнаны лепшым інтэлектуалам сярод дзесяцікласнікаў краіны на праекце тэлеканала “Беларусь 1” “Я ведаю”. У гэтым годзе ў яго стабальны сертыфікат ЦЭ па грамадазнаўстве.

Восем лепшых гімназістаў у гэтым навучальным годзе прайшлі адбор і ўдастоіліся права вучыцца ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Брэндам гімназіі з’яўляецца клуб інтэлектуальных гульняў “Міг”, якім нязменна больш за 30 гадоў кіруе педагог-псіхолаг гімназіі Расціслаў Маркавіч Міневіч. За 2023/2024 навучальны год у арсенале дасягненняў клуба — больш за 30 узнагарод абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

У гімназіі на працягу многіх гадоў актыўна функцыянуе літаратурны музей “Янка Купала і гімназія яго імя”. На базе музея вядзецца пошукава-даследчая работа, экскурсійная дзейнасць. З 2012 года гімназія з’яўляецца пляцоўкай для правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне нацыянальных традыцый, папулярызацыю роднай мовы, культуры і гісторыі беларускага народа. Стаў традыцыйным адкрыты конкурс творчых і даследчых работ навучэнцаў “Купалаўскія чытанні”. Штогод расце колькасць удзельнікаў чытанняў, роўна як і іх геаграфія: у лютым 2024 года на гэты конкурс паступіла амаль 800 творчых работ з усіх раёнаў Гомельскай вобласці.

У лістападзе 2023 года наша ўстанова стала базай для стажыроўкі творчых педагогаў з Рэс­публікі Татарстан Расійскай Федэрацыі. У выніку абмену вопытам паміж гімназіяй і ліцэем № 9 імя А.С.Пушкіна Зеленадольскага му­ніцыпальнага раёна Рэспублікі Татарстан заключаны дагавор аб супрацоўніцтве. А ў сакавіку 2024 года падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі паміж гімназіяй і школай Давань горада Чэнду з мэтай раз­віцця і папулярызацыі кітайскай мовы і культуры.

Вынікі работы гімназіі не застаюцца незаўважанымі. На працягу трох гадоў мы — на трэцім месцы сярод гімназій Гомельскай вобласці. Ганарымся, што традыцыйна становімся пераможцамі раённага конкурсу па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна сярод устаноў адукацыі з уручэннем пераходнага сцяга і занясеннем на раённую Дошку гонару.

— Як будуеце адносіны з бацькамі вучняў?

— Для нас бацькі гімназістаў — гэта паўнавартасныя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу. На ўсіх сходах, сустрэчах адзначаю, што мы адна дружная сям’я, што мы робім агульную справу. З законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў стараемся будаваць адносіны ўзаемапаважлівыя, роўныя і адкрытыя. У цэлым лічу, што ў гімназіі выбудавана добрая сістэма ўзаемадзеяння з бацькоўскай грамадскасцю.

— І апошняе. Паспяховая школа — паспяховы кіраў­нік?

Сёння паспяховы кіраўнік установы адукацыі — гэта чалавек, які мадэлюе гнуткую сістэму ўзаемаадносін, умее ў гэтай сістэме арыентавацца і ведае, як дзейнічаць для дасягнення аптымальнага выніку. Нягледзячы на ўсе намаганні тэарэтыкаў, універсальных мадэлей кіравання да гэтага часу не прыдумалі. Так, сфармуляваны агульныя прынцыпы, эфектыўнасць прымянення якіх залежыць ад асобы кіраўніка і асаблівасцей канкрэтнай школы. Кіраўнік, які імкнецца да таго, каб яго ўстанова не проста функцыянавала, а паспяхова развівалася, ішла ў нагу з часам, задавальняла чаканні ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу і соцыуму, павінен дакладна вызначыць са сваёй камандай эфектыўную ма­дэль кі­равання і мэтанакіравана ісці наперад. На сёння наша гімназія — сучасная ўстанова адукацыі са сваімі традыцыямі, дасягненнямі, перспектывамі. Гімназія забяспечвае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, накіраванай на фарміраванне творчай, інтэлектуальна і фізічна развітой асобы, здольнай удзельнічаць у сацыяльных пераўтварэннях гра­мадства. Але мы не спыняемся, таму нашы лепшыя дасягненні яшчэ наперадзе.

— Вялікі дзякуй за цікавую размову і поспехаў вам і вашай установе!

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва гімназіі