Дырэктар Лепельскага ЦКРНіР: робім усё, каб дзецям і бацькам хацелася да нас прыходзіць

- 14:10Образование

У выхаванні дзяцей з асаблівасцямі развіцця не бывае нязначных дробязей: трэба кожнаму навыку і ўменню ўдзяліць максімум увагі — толькі так можна падрыхтаваць дзіця да самастойнага жыцця. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У цэнтр мы завіталі ў пахмурны дзень, але сам будынак, пафарбаваны ў сонечны колер, выглядаў радасна і гас­цінна.

— Гэта і ёсць наша мэта — каб дзецям і іх бацькам да нас хацелася прыхо­дзіць, — заўважае дырэктар Лепельскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Таццяна Вайцяховіч. — Каб ім не здавалася, што тут іх будуць ацэньваць ці нават асуджаць (бывае, і такія думкі стрымліваюць людзей ад
наведвання нашага цэнтра). Мы пастараліся, каб тут усім было спакойна і камфортна. Хаця работа наша вельмі сур’ёзная: праводзім індывідуальную дыягностыку кожнага дзіцяці, вызначаем для яго адукацыйны маршрут, аказваем карэкцыйна-педагагічную дапамогу, вядзём базу даных дзяцей з асаб­лівасцямі псіхафізічнага развіцця, а іх сёння ў раёне 516.

Таццяна Уладзі­міраўна праводзіць мяне па памяшканнях цэнтра, каб паказаць, як працу­юць з выхаванцамі, якіх тут сёння 20. Будынак невялікі, аднапавярховы, але ўнутры складваецца адчуванне прасторы:  сцены — светлыя, вокны — вялікія. Усё гэта, па словах педагога-псіхолага Алены Шэпель, пазбаўляе дзіця ад страхаў, дапамагае яму адчуць давер да дарослых, бо ў цэнтры ёсць дзеткі з праблемамі адаптацыі, расстройствамі аўтыстычнага спектра — узрушыць іх спакой можа любая дробязь. З кожным такім маленькім чалавекам у педагогаў наладжаны добры кантакт. Дарэчы, у цэнтры працуюць 3 выхавальнікі па суправаджэнні дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра, а таксама настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг, педагог сацыяльны, 3 настаўнікі, 4 выхавальнікі. Дзейнічае летні лагер, на працягу года праводзяцца экскурсіі, напрыклад, у Лепельскі краязнаўчы музей.

Сёння Лепельскі ЦКРНіР — шматфункцыянальная пляцоўка для сацыяльнай, псіхічнай і фізічнай адаптацыі дзяцей.

— Адзін з прыярытэтных напрамкаў — работа з бацькамі, — адзначае Таццяна Вайцяховіч. — Без заняткаў дома цяжка ажыццяўляць комплекснае выхаванне дзіцяці з парушэннямі ў развіцці, што б мы ў цэнтры ні рабілі. Таты і мамы — нашы першыя памочнікі. Вось глядзіце — гэта стэнд “Люблю маю Беларусь”, малюнкі на тэму роднай зямлі дзеці рабілі сумесна з баць­камі і педагогамі, па тэхналогіі “рука ў руцэ”. Выстава на працягу года пастаянна мяняецца. Дарэчы, у цэнтры створаны баць­коўскі клуб “Надзея”. А работу з дзецьмі з АПФР мы пачынаем ужо ва ўзросце да 3 гадоў. Для іх працуе кабінет ранняй комплекснай дапамогі. Вельмі важна пачаць як мага раней, таму што і бацькі разам з дзеткамі шмат чаму вучацца ад нас, педагогаў: матывацыі, спакою, вытрымцы, розным практыкаванням.

Наша мэта — павышэнне якасці жыцця дзяцей з інваліднасцю. Калі мы не дапаможам гэтым дзеткам, то хто?

Ёсць у цэнтры сенсорны пакой, свая варкаўт-пляцоўка, адаптаваная для інвалідаў-калясачнікаў. Шмат чаго для заняткаў тут створана рукамі педагогаў і баць­коў. Выхавальніца Галіна Канавальчык зрабіла вялікі вязаны куб, які спрыяе развіццю дробнай маторыкі. Самі педа­гогі аформілі і так званы бізіборд — дош­ку з рознымі дробнымі прадметамі. На ім можна папрактыкавацца адмыкаць замок, пагуляць з уключальнікам святла, пакруціць цыферблат гадзінніка, уста­віць шнур у разетку, навучыцца завяз­ваць шнуркі.

— Ёсць у нас шмат дыдактычных гульняў і дапаможнікаў, у тым ліку самаробных, якія прызваны азнаёміць выхаванцаў з навакольным светам, — дэманструе нам адну з такіх распрацовак намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Кацярына Макерава. — Дзеці вучацца разумець, што такое пара года, якія бываюць рабочыя інструменты, адзенне. Нават які бывае настрой, эмоцыі — гэтаму іх таксама трэба вучыць.

— Наш цэнтр каардынуе работу ўсіх педагогаў-дэфектолагаў раёна — у школах, дзіцячых садах, — расказвае Таццяна Вайцяховіч. — Мы ажыццяўляем актыўную метадычную дзейнасць, удзельнічаем у абласных семінарах-практыкумах, тэматычных кансультацыях. Каб добра вучыць, трэба і самім увесь час вучыцца.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара