Дырэктар Лошніцкай гімназіі падзялілася вопытам арганізацыі метадычнага суправаджэння настаўнікаў

- 9:46Образование, Школа управления

Пра тое, што настаўнік жыве да таго часу, пакуль вучыцца, вядома даўно. Метадычнае навучанне педагога павінна быць навукова арганізаваным, сістэмным, мэтанакіраваным, гэта значыць, садзейнічаць яго пастаяннаму асобаснаму і прафесійнаму развіццю.

Як стварыць аптымальную сістэму метадычнага суправаджэння, якая садзейнічае павышэнню прафесійнага ўзроўню развіцця педагогаў без іх перагрузкі, прафесійнага выгарання, розных крызісаў і іншых праблем, і перавесці з рэжыму функцыянавання ў рэжым развіцця?

Улічваючы, што сутнасць метадычнага суправаджэння педа­гогаў як дзейнасці заключаецца ў аказанні сістэмнай практычнай дапамогі ў павышэнні іх прафесійнай кампетэнтнасці ў пытаннях якаснага ажыццяўлення адукацыйнага працэсу, на аснове дыягнастычных даследаванняў намі спраектавана і апрабавана шматузроўневая сістэма метадычнага суправаджэння педагогаў гімназіі. Місію гэтай сістэмы мы бачым у арганізацыі дзейнасці, арыентаванай на прафесійны рост кожнага педагога: ад маладога спецыяліста да вопытнага настаўніка. Пры гэтым кожны новы ўзровень базіруецца на папярэднім.

#1 узровень — персаніфікаваны

Персаніфікаванае суправа­джэнне настаўнікаў разглядаецца як стратэгія і форма задавальнення прафесійных і адукацыйных патрэб педагога на аснове дыягностыкі і маніторынгу прафесійных цяжкасцей педагогаў. Ментарынг (перадача навыкаў або ведаў ад больш вопытнага чалавека да менш вопытнага праз навучанне, дыялог і ролевае мадэляванне), мадэраванне (кант­роль над выкананнем патрабаванняў у якой-небудзь суполцы, групе ў сацсетцы, на форуме або анлайн-канферэнцыі), супервізіі (псіхалагічнае кансультаванне), настаўніцтва, майстар-класы — найбольш эфектыўныя формы ўзаемадзеяння. Зарэкамендавалі сябе ўрок групай, урок удваіх, урок з калегам, праект за адзін урок, сістэматызацыя якіх дазваляе рэалізаваць персаніфікаваны падыход.

#2 узровень — прадметна-метадычны

Актуальным напрамкам гэтага ўзроўню з’яўляецца дзейнасць вучэбна-метадычных аб’яднанняў прадметнай накіраванасці. Тут акцэнт робім на развіцці прадметнага складніка, арганізуючы работу над канкрэтнай метадычнай тэмай у рамках ВМА. Вынік такой работы — метадычны прадукт па выніках навучальнага года: кола навучання, відэакейсы, інтэрактыўны плакат, мабільная экспедыцыя. Працуючы сумесна над стварэннем метадычнага прадукту, настаўнікі актыўна апрабавалі педагагічны падыход Lesson Study (даследаванне ўрока), які дапамагае павышаць свае веды ў галіне настаўніцкай практыкі: настаўнікі назіраюць за ўрокамі калег, аналізуюць убачанае і, дзякуючы гэтаму, удасканальваюць сваё педагагічнае майстэрства і выбудоўваюць супрацоўніцтва ўнутры ВМА.

#3 узровень — праекціровачны

Праекціровачны ўзровень прадстаўлены вочна-дыстанцыйным пастаянна дзеючым семінарам, які распрацоўваецца на навучальны год у сістэме “вучым — робім — абагульняем”. Формы семінара разнастайныя: 2020 год — педагагічны эдутон “Ад ідэі да метадычнага прадукту” (выхад — інтэрактыўная карта вопыту педагогаў гімназіі), 2021-ы — метадычны інтэнсіў “Крок да змешанага навучання” (выхад — ментальная карта), 2022-і — метадычны інфабус “12 натхняльных педагагічных ідэй”, 2023 год — метадычны інтэнсіў “Апгрэйд 45 мінут, або Як развіваць у вучнях навыкі і кампетэнцыі XXI стагоддзя на кожным уроку”, падчас якога адпрацуем усе праблемныя моманты сучаснага ўрока: эфектыўнае мэтавызначэнне праз Блума і смарт-методыку, арганізацыя групавой работы праз сінгапурскую методыку, кантрольна-ацэначная дзейнасць праз кола ацэньвання і маршрутныя карты.

#4 узровень — сеткавы

Сеткавая форма арганізацыі дае магчымасць выбудаваць індывідуальную траекторыю для кожнага педагога. Сабраць настаўнікаў і навучыць калектывам працаёмка, а вось стварыць прадукт і даць час на навучанне — цалкам магчыма. Сеткавы ўзровень функцыянуе па прынцыпе “вызнач праблему — азнаёмся з методыкай — атрымай практычныя навыкі — паспрабуй сам — прапануй калегу”. Віртуальны метадычны кабінет, padlet-дошка, айты, блогі, інтэрактыўныя плакаты трывала ўвайшлі ў сістэму бесперапыннай педагагічнай адукацыі ў гімназіі. З апошніх навацый — навучанне праз чат-бот. Так мы вывучылі сінгапурскую методыку выкладання https://t.me/Educational_potential_bot. Вельмі сучасна, зразумела і, галоўнае, даступна.

#5 узровень — інавацыйны

Інавацыйная (навукова-даследчая) дзейнасць арганізавана праз рэалізацыю каляндарных планаў педагагічных, інавацыйных і эксперыментальных праектаў. Фішкамі даследавання ў педагагічным калектыве сталі педагагічная прафілізацыя, кант­рольна-ацэначная дзейнасць і педагагічнае праектаванне. У выніку праведзенай работы наладжаны выпуск метадычных зборнікаў, у тым ліку ў электронным варыянце (https://lrgymnazia.rooborisov.by/pedagogam/disseminaciya-opyta): анлайн-зборнік “Інавацыі педагогаў гімназіі”, Flash Book настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў ГПД “Нашы STEAM-праекты”, электронныя газеты “Педагагічны праект — аснова дыдактычнага забеспячэння педагагічнай накіраванасці”, “Блог як адна з форм прафесійнага стандарту сучаснага педагога”, метадычная мазаіка “Медыякантэнт як фактар развіцця інфармацыйнай культуры навучэнцаў”. Інавацыйнай формай з’яўляецца адзіны дзень, пры падрыхтоўцы да якога праектуецца ідэя, а вынікам правядзення распрацоўваецца метадычны або адукацыйны прадукт як індывідуальны, так і групавы: адзіны метадычны дзень, адзіны праектны дзень, адзіны медыядзень і г.д.

#6 узровень — канструктыўны

Гэты ўзровень заснаваны на дзейнасці школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, якая пашырае спектр супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі, інстытутамі развіцця адукацыі і іншымі навукова-метадычнымі структурамі.

Мэтай дзейнасці школы-лабараторыі з’яўляецца стварэнне эксперыментальна-інавацыйнага асяроддзя бесперапыннай педагагічнай адукацыі для арганізацыі і забеспячэння дапрофільнай падрыхтоўкі на II ступені і ўдасканалення навучання ў профільных класах на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Тут на першы план выходзіць Event-арганізатарства, калі педагогі гімназіі становяцца мадэратарамі раённых, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемстваў педагагічнай накіраванасці.

На сённяшні дзень гімназія з’яўляецца заснавальніцай адкрытай канферэнцыі класаў педагагічнай накіраванасці “Ад педагагічнай ідэі да педагагічнай прафесіі”, адкрытага конкурсу сярод навучэнцаў класаў педагагічнай накіраванасці “Педагагічны клас — праект магчымасцей”, аздараўленчага лагера з кругласутачным знаходжаннем “9П, або Азбука педагогікі”.

Як бачым, шматузроўневая сістэма суправаджэння педагогаў ва ўмовах бесперапыннай педагагічнай адукацыі даказала сваю практычную значнасць: актуальная, перспектыўная, рацыянальная, надзейная, эфектыўная, якая рэалізуецца і кантралюецца.

Юлія САМАТЫГА,
дырэктар Лошніцкай гімназіі
Барысаўскага раёна