Ухіл на лінгвістыку і мастацкае выхаванне: пра тое, як зрабіць установу адукацыі канкурэнтаздольнай, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар сеніцкай сярэдняй школы № 2 Алена Буцэнка.
— Алена Леанідаўна, хто паспрыяў вашаму прафесійнаму самавызначэнню? Якім быў шлях да пасады кіраўніка ўстановы адукацыі?
— Перада мной заўсёды быў прыклад цудоўнага педагога. Мая бабуля Зоя Дзмітрыеўна Кляшчонак працавала настаўніцай пачатковых класаў. Але не магу сказаць, што, гледзячы на яе, з дзяцінства марыла атрымаць такую ж прафесію. Аб тым, што хачу стаць настаўніцай, зразумела, калі вучылася ў старшых класах. Пасля заканчэння школы паступіла ў БДПУ на факультэт беларускай філалогіі. Калі атрымала дыплом, спачатку працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Жабярыцкай сярэдняй школе Крупскага раёна. Дырэктар гэтай установы Марыя Васільеўна Рогава стала для мяне тым прафесіяналам, на якога хацелася быць падобнай. Яе стыль выкладання, чалавечнае стаўленне да калег і навучэнцаў, уменне лавіраваць у калектыве і ўзаемадзейнічаць з бацькамі вельмі падабаліся, і ўсяму гэтаму я вучылася менавіта ў яе.
Пасля абавязковай адпрацоўкі перайшла ў Траскоўскую сярэднюю школу Мінскага раёна. У гэты час паспрабавала сябе ў розных ролях: выкладала беларускую мову і літаратуру, была педагогам-арганізатарам і нават вяла гурток па харэаграфіі. Праз чатыры гады была назначана на пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Такія ж абавязкі выконвала ў Чачкаўскай сярэдняй школе. У Сеніцкай сярэдняй школе імя Янкі Купалы таксама спачатку была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, затым на працягу васьмі гадоў — намеснікам па вучэбнай рабоце. У 2016 годзе стала дырэктарам гэтай установы адукацыі. У 2023 годзе я ўзначаліла сеніцкую сярэднюю школу № 2.
Сёння я вучуся ў магістратуры Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, працую над дысертацыяй “Удасканаленне дзяржаўнага кіравання сістэмай агульнай сярэдняй адукацыі”.
— Ці ёсць у вас сваё залатое педагагічнае правіла, якому адпавядаеце самі і вучыце калектыў?
— У сваёй дзейнасці заўсёды прытрымліваюся аднаго прынцыпу: калі нешта рабіць, то толькі якасна. Для таго каб наша школа пачала працаваць 1 верасня 2023 года, мы прыклалі шмат намаганняў. Каб наладзіць адукацыйны працэс, зрабіць яго бездакорным, урэгуляваць арганізацыйныя пытанні, якіх вельмі многа, сёлета я не выкладаю беларускую мову. Нельга рабіць нешта ва ўрон іншаму. Але з наступнага навучальнага года планую заходзіць да вучняў у класы і як настаўніца роднай мовы і літаратуры.
Я доўгі час працавала ў Сеніцкай сярэдняй школе імя Янкі Купалы. Як у яе кіраўніка ў мяне была мэта захаваць традыцыі, якія ўжо існавалі ва ўстанове адукацыі, і стварыць новыя, якія будуць працаваць на яе імідж. Дзякуючы дакладна пастаўленым задачам, а таксама камандзе прафесіяналаў, якія былі побач, гэтага ўдалося дасягнуць.
Сёння я кірую новай установай, у мяне новы калектыў педагогаў, многа новых навучэнцаў і бацькоў. Мне хочацца зрабіць школу ўнікальнай, непаўторнай, каб у нас таксама былі свае традыцыі і адметнасці і пры гэтым мы ўкаранялі інавацыі. Менавіта таму я захавала класы музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, мастацкага кірункаў, якія працавалі ў Сеніцкай сярэдняй школе імя Янкі Купалы і ў якіх займаліся многія з нашых сённяшніх вучняў.
У мінулым навучальным годзе больш як 700 дзяцей з Сеніцы ездзілі на вучобу ў Мінск. Адзіную на той момант школу ў аграгарадку наведвалі 1500 навучэнцаў пры праектнай магутнасці ўстановы адукацыі ўсяго 500 чалавек. Школа была перагружана ў тры разы. Новая ўстанова адукацыі дапамагла вырашыць гэтую праблему. Сёння мы выйшлі на поўную праектную магутнасць і вучым 745 навучэнцаў, сярод іх 80 першакласнікаў, якія сфарміравалі тры першыя класы. Выпускны пакуль толькі адзін, у 11 класе вучацца 12 хлопчыкаў і дзяўчынак. Мікрараён расце, і ў наступным навучальным годзе да нас прыйдзе ўжо больш як 1000 дзяцей.
Адукацыйны працэс арганізуюць 80 педагогаў, у тым ліку 17 маладых спецыялістаў, 7 з якіх — выпускнікі Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы.
— На чым робіце акцэнт пры арганізацыі адукацыйнага працэсу?
— Акрамя эстэтычнага кірунку, вялікую ўвагу ўдзяляем замежным мовам. У якасці асноўнай для вывучэння прапануем англійскую альбо кітайскую, у якасці дадатковай — іспанскую, французскую альбо нямецкую мову. Лінгвістычны кірунак плануем развіваць і далей, бо бачым, што ён вельмі запатрабаваны ў дзяцей і іх бацькоў.
Сёння англійскую мову на павышаным узроўні вывучаюць 135 вучняў 5—9 класаў. Частка дзевяцікласнікаў была залічана ў прававы клас. Для больш якаснай юрыдычнай падрыхтоўкі школа заключыла дагавор са Следчым камітэтам. У наступным навучальным годзе на базе 10 класа збіраемся адкрываць пракурорскі клас. Яго навучэнцам на павышаным узроўні будуць выкладаць грамадазнаўства. Гэта дазволіць ім добра падрыхтавацца да паступлення ў профільныя УВА краіны.
У ваенна-патрыятычным класе, які таксама дзейнічае ва ўстанове, займаюцца 27 хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны дадаткова наведваюць факультатыў “Мая Айчына”. Таксама ў нас наладжана супрацоўніцтва з 50-й змешанай авіяцыйнай базай, з Інстытутам пагранічнай службы.
На трэцяй ступені навучання адкрыты інжынерны клас — дзеці асвойваюць на павышаным узроўні фізіку і матэматыку. Тыя, хто аддаў перавагу гэтаму кірунку, наведваюць факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”. У гэтым напрамку супрацоўнічаем з БДТУ і Мінскім дзяржаўным абласным каледжам. Таксама на трэцяй ступені на павышаным узроўні вывучаецца руская, англійская мовы, хімія і біялогія. Але і гэта яшчэ не ўсё: для тых дзяцей, якія вучацца на базавым узроўні, прадугледжана магчымасць асвойваць спецыяльнасць “Кандытар”. Для гэтага ў школе створаны выдатныя ўмовы.
Папулярнай у многіх установах адукацыі застаецца робататэхніка. Наша школа таксама не выключэнне. Для змястоўнай падрыхтоўкі дзяцей у гэтым кірунку мы пачалі супрацоўнічаць з ІТeen-Аcademy. Ставім перад сабой мэту, каб нашы вучні атрымалі грунтоўныя веды ў галіне робататэхнікі, якія дазволяць ім станавіцца навучэнцамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.
У школы ёсць асабісты сімвал — васілёк. Ён адлюстраваны не толькі на фасадзе будынка, але і ў элементах дэкору ўстановы адукацыі, а таксама ў школьнай форме навучэнцаў.
Мы імкнёмся да таго, каб школа давала рознабаковыя веды. Натхніць дзяцей на вучобу дапамагае ў тым ліку створаная галерэя “Знакамітыя людзі Міншчыны”. У ёй сабрана інфармацыя пра тых асоб, на каго трэба раўняцца і кім мы ганарымся.
У найбліжэйшы час будзем рэалізоўваць праект, для якога збяром інфармацыю пра вытворчасць, што знаходзіцца побач з Сеніцай. Мэта ідэі — паказаць вучням тыя прадпрыемствы, якія спрыяюць развіццю эканомікі краіны.
— Як удзел у інавацыйных праектах уплывае на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў?
— У структуры прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў адным з вядучых складнікаў з’яўляецца гатоўнасць да праектнай дзейнасці. Сёння наш калектыў удзельнічае ў рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Гуляем у футбол”, у абласным праекце “Развіццё асобаснага патэнцыялу навучэнцаў праз арганізацыю работы школьнай асацыяцыі Senica Smart 2”, а таксама ў раённай ініцыятыве “Школьнік аднаго дня”.
Што тычыцца новых ідэй, то ўстанова адукацыі рыхтуецца далучыцца да рэалізацыі педагагічных праектаў, такіх як “Укараненне мадэлі карэкцыйна-педагагічнай работы па фарміраванні сістэмы асобасных, метапрадметных і прадметных кампетэнцый у навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. Акрамя гэтага, будзем займацца інавацыйнай распрацоўкай “Укараненне мадэлі навукова-метадычнага суправаджэння дзейнасці педагогаў па педагагічнай прафілізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.
Павышаць педагагічныя кампетэнцыі педагогам раёна дапамагаюць рэсурсныя цэнтры, якія дзейнічаюць у нашай школе. Так, рэсурсны цэнтр па вывучэнні кітайскай мовы і культуры аказвае метадычную падтрымку шляхам арганізацыі і правядзення семінараў, а таксама дзякуючы трансляцыі перадавога вопыту па згаданай тэме.
Рэсурсны цэнтр асноў эканамічных ведаў і фінансавай пісьменнасці акумуліруе і трансліруе прадукцыйны педагагічны вопыт, пашырае сферу супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння з сацыяльнымі партнёрамі, спрыяе канцэнтрацыі рэсурсаў па вывучэнні асноў эканамічных ведаў і фінансавай дасведчанасці. Яшчэ адзін рэсурсны цэнтр працуе па эстэтычным кірунку.
— Алена Леанідаўна, сёлета да вас прыйшлі працаваць маладыя спецыялісты. Перш чым прыняць іх у калектыў і даверыць дзяцей, на што звярталі ўвагу?
— У першую чаргу настаўніку трэба быць не проста ўрокадаўцам. Ён павінен працаваць на вынік, бачыць мэту, імкнуцца да яе. Што тычыцца нашых маладых спецыялістаў, то яны вельмі самастойныя, адукаваныя і бачна, што прыйшлі ў педагогіку невыпадкова. З першага дня работы я даверыла ім класнае кіраўніцтва. За ўсімі маладымі настаўнікамі, якія папоўнілі наш калектыў, замацаваны вопытны педагог, які дапамагае, калі гэта трэба. Нягледзячы на тое, што мы працуем толькі паўгода, у школу папрасіліся ўжо сёлетнія выпускнікі УВА, якія хочуць далучыцца да нашай каманды.
Калі гаварыць пра калектыў у цэлым, то ўсе педагогі пастаянна самаўдасканальваюцца, прычым не толькі на курсах павышэння кваліфікацыі. Яны шукаюць дадатковыя магчымасці павысіць сваё майстэрства. Я ў гэтым падаю ім прыклад, бо ўпэўнена, што ў адукацыйным працэсе роля дырэктара з’яўляецца ключавой. Але караля робіць яго світа. У нашай школе створана каманда, якая ўмела праходзіць праз усе цяжкасці.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА