Сталічная гімназія № 28 імя Уладзіміра Караткевіча мае сваю гісторыю і традыцыі. У гэтым годзе навучальная ўстанова стала фіналістам гарадскога конкурсу “Лідар сталічнай адукацыі”. Пра лідарства і будні ў кіраўніцкай дзейнасці карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыла з дырэктарам Алесяй Зяневіч.
— Алеся Мікалаеўна, як адчуваеце сябе ў ролі дырэктара? Працаваць стала прасцей ці складаней?
— Я адчуваю сябе на сваім месцы і вельмі люблю сваю работу. А калі любіш, то працаваць радасна, але няпроста. Няпроста таму, што хочаш зрабіць лепшым тое месца, дзе працуеш, і дапамагчы тым людзям (дарослым і дзецям), з якімі працуеш. Гімназія мне вельмі блізкая па духу, бо адна з яе місій — захоўваць і распаўсюджваць беларускую культуру, гісторыю і традыцыі. Будучы настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, востра адчуваю неабходнасць быць прадаўжальніцай назапашанага да мяне вопыту: гімназія з беларускай мовай навучання. Акрамя таго, у нас на паглыбленым узроўні вывучаецца французская мова, якая з’яўляецца прыярытэтнай.
— Сёння кампетэнцыі дырэктара школы вельмі разнастайныя. Якія яго функцыі, на ваш погляд, з’яўляюцца вызначальнымі?
— Улічваючы выклікі часу, галоўная функцыя кіраўніка — арганізаваць бяспечнае адукацыйнае асяроддзе, якое будзе спрыяльным і з пункту гледжання псіхалогіі. І дзецям, і педагогам павінна быць камфортна. Яшчэ адна вызначальная функцыя кіраўніка — забеспячэнне развіцця і стабільнасці. Мы былі вельмі рады, калі на раённай жнівеньскай нарадзе нашу гімназію адзначылі як пераможцу ў намінацыі “У рэжыме развіцця”. Насамрэч ні адна ўстанова, якой бы паспяховай яна ні была, не можа быць кансерватыўнай і не знаходзіцца ў развіцці.
Развіццё — канстанта пастаянная. Як, зрэшты, і стабільнасць таго, што маем. Важнымі для нас з’яўляюцца інавацыі і творчасць, бо сучасны настаўнік не можа не адгукацца на тыя змяненні, якія адбываюцца ў псіхалогіі дзяцей, іх вучэбных запытах, а таксама ў грамадстве. І сваю работу як настаўніка-прадметніка, класнага кіраўніка ён павінен мяняць, каб заставацца цікавым і запатрабаваным.
Яшчэ адной важнай функцыяй кіраўніка і яго каманды з’яўляецца забеспячэнне поспеху кожнаму вучню гімназіі. І гаворка не пра аднаразовы поспех на алімпіядзе або на ўроку, а пра поспех у жыцці. Чалавека трэба навучыць не страчваць цікавасці да пазнання новага, дапамагчы яму вызначыцца прафесійна і проста стаць шчаслівым.
— Якія дакументы для дырэктара школы самыя важныя?
— Першым у спісе стаіць Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, які з’яўляецца настольнай кнігай. Увесь час узнікаюць пытанні (бываюць і неардынарныя), адказы на якія заўсёды знаходзяцца ў кодэксе. Важнае для кіраўніка і Палажэнне аб агульнай сярэдняй адукацыі. Думаю, што ў кожнай установе краіны на стале дырэктара заўсёды ляжыць школьны адукацыйны стандарт і правілы педагагічных работнікаў. Да апошніх звяртаемся рэгулярна, бо мая кіраўніцкая дзейнасць уключае і дапамогу ў прафесійным станаўленні кожнага настаўніка. Усе павінны адчуваць сябе паспяховымі, атрымліваць асалоду ад сваёй працы і мець жаданне развівацца. Што да дакументаў, то яшчэ ў спісе важных — гадавы план работы навучальнай установы, які дазваляе бачыць перспектывы для развіцця, фарміруе стратэгію росту.
— Ці трэба быць ідэйным натхняльнікам для свайго калектыву? Якіх правіл прытрымліваецеся, кіруючы педагагічным і вучнёўскім калектывамі?
— Лічу, што трэба. Калектыў — гэта механізм, дзе ў кожнага свая роля, важная і непаўторная. І калі нейкая частка перастае працаваць, то механізм можа спыніцца. А кіраўнік — у пэўным сэнсе рухавік, які заводзіць гэты механізм. Прычым рухавік і ў ідэйным плане, бо задае пэўны тон, пачынае рэалізацыю новых ідэй і задум. Канечне, разам з усімі, але ад настрою кіраўніка, яго актыўнасці і здольнасці аб’яднаць калектыў залежыць агульны поспех.
“Кожны чалавек — гэта цэлы свет”, — гаварыў Кузьма Чорны. І кожны заслугоўвае павагі — і настаўнікі, і вучні. Разам з тым добры кіраўнік — патрабавальны кіраўнік. Без кантролю немагчыма дабіцца жаданых вынікаў. Яшчэ важна своечасова паказаць чалавеку перспектыву яго развіцця. І зноў-такі, гаворка як пра вучня, так і пра педагога. Кожны павінен верыць у сябе і рухацца наперад. Задача дырэктара — дапамагчы адчуць перспектыву росту.
— Наколькі важныя інавацыі для адукацыі? Як яны паўплывалі на вас і вашу школу?
— Інавацыі неабходны сістэме адукацыі. Мы штодзень у пошуку. Прагучыць пафасна, але для настаўніка кожны ўрок — адкрыццё. Я таксама выкладаю беларускую мову ў 11 класе на павышаным узроўні, таму ведаю, пра што гавару. Нягледзячы на салідны педагагічны стаж, усё роўна хвалююся. Разам з тым, ведаючы сучасныя вучнёўскія запыты, хачу ім адпавядаць. І, канечне, трымаць руку на пульсе дапамагаюць інавацыі. У гімназіі рэалізуюцца інавацыйныя праекты як рэспубліканскага ўзроўню, так і лакальнага. Прынамсі, цяпер з’яўляемся ўдзельнікамі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі самаадукацыі вучняў у кампетэнтнасна-арыентаваным адукацыйным асяроддзі на аснове метадаў стратэгіі фарсайта”.
Яшчэ з’яўляюся адным з кіраўнікоў раённага праекта “Педагагічны кластар будучыні”. Праект быў створаны для прафесійнага суправаджэння маладых настаўнікаў, пачынаючы з педагагічных класаў і да атрымання другой кваліфікацыйнай катэгорыі. У камандзе са мной працуюць дырэктары сярэдніх школ № 134 і № 54. Значнасць праекта заключаецца і ў сумеснай дзейнасці па станаўленні асобы маладога педагога, яго навучанні ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, якія маюць асаблівасці, наладжваць прафесійныя зносіны з вучнямі і бацькамі.
— Якія парады можаце даць пачынаючаму дырэктару?
— Перавага маладога кіраўніка ў тым, што ён установу, у якую прызначаны, можа ўбачыць абсалютна з іншага ракурсу. У яго вока, як кажуць, яшчэ не замылена, таму ён бачыць усё, як насамрэч і ёсць. Для яго гэта пункт адліку ў фарміраванні стратэгічных і тактычных мэт. Канечне, працаваць будзе вельмі складана, калі не вывучана дакументацыя, таму гэтаму пытанню трэба ўдзяліць пэўны час і ўвагу. Не менш важна пазнаёміцца з кожным настаўнікам і вучнем. Вучнёўска-педагагічны калектыў — гэта цэлае, але кожны ў ім з’яўляецца асобай. І ведаць асаблівасці кожнай — абавязковая ўмова паспяховага кіраўніцтва.
— Ці існуе для вас такое паняцце, як ідэальная школа? Да чаго імкнецеся на сённяшні дзень як дырэктар?
— Для мяне не існуе. Бо калі заходзіш, напрыклад, у музейную прастору гімназіі, разумеш, што яна не статычная. Гэта тая прастора, дзе ўсё развіваецца і рухаецца. Таму ідэальнай школы не існуе. Ёсць падыходы ў развіцці школы. Кожны выбірае свой шлях развіцця ў залежнасці ад умоў і магчымасцей. Але ўсіх аб’ядноўвае адна мэта — падрыхтаваць годных людзей, шчаслівых і паспяховых, карысных для грамадства, сапраўдных патрыётаў сваёй краіны. Дзейнасць установы адукацыі вымяраецца не штодзённымі дасягненнямі вучняў і педагогаў, а якасцю падрыхтоўкі выпускніка. І мне, дарэчы, вельмі прыемна, што ў гімназіі працуюць 5 яе выпускнікоў. Каля 20 працэнтаў нашых выпускнікоў прывялі да нас вучыцца сваіх дзяцей.
Анастасія Копасава з вучнямі ў музеі
— Як будуеце адносіны з бацькамі вучняў?
— На ўзаемапавазе і адкрытасці. Запрашаем на ўсе нашы мерапрыемствы. Імкнёмся наладжваць канструктыўны дыялог. І ўдзячны, што яны адгукаюцца на ўсе нашы ініцыятывы.
— Алеся Мікалаеўна, хочацца, каб вы пазнаёмілі са сваімі калегамі-аднадумцамі, тымі педагогамі, якія робяць гонар гімназіі.
Наталля Штанюк і Валянціна Арлова
— У нашым калектыве працуюць выдатныя настаўнікі, сапраўдныя прафесіяналы, адданыя сваёй справе. Вельмі ўдзячна намеснікам дырэктара і ўсім педагогам. Асобна хочацца сказаць пра настаўніцу французскай мовы Валянціну Віктараўну Арлову і настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Наталлю Аляксандраўну Штанюк. Гэта педагогі, якія не першы год рыхтуюць пераможцаў алімпіяд і стабальнікаў. Яны маюць уласны стыль работы і сістэму падрыхтоўкі да алімпіяд, ЦЭ і ЦТ.
Вольга Ярошка з навучэнцамі
Настаўніца французскай мовы Вольга Дзмітрыеўна Ярошка — выпускніца нашай гімназіі — з’яўляецца кіраўніком творчай групы педагогаў па інфармацыйных тэхналогіях. Дзякуючы ёй, нашы настаўнікі вучацца працаваць са штучным інтэлектам, воблачнымі тэхналогіямі. Вольга Дзмітрыеўна — аўтар электроннай кнігі, вядзе блог, з’яўляецца ініцыятарам правядзення ўсіх SMART-праектаў і рэгулярна перамагае ў профільных конкурсах.
У гімназіі працуюць два настаўнікі-метадысты: я і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Юр’еўна Аброськіна, якая з’яўляецца адным з аўтараў вучэбнага дапаможніка “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” для 2 класа. У мінулым годзе стала ўладальніцай прэміі Мінгарвыканкама.
Яшчэ хочацца адзначыць настаўніцу французскай мовы Мілану Сяргееўну Будзько — вельмі творчага педагога, ініцыятара і ўдзельніка ўсіх нашых творчых праектаў (інтэлектуальнага і мастацкага профілю). Дарэчы, партрэты піьменнікаў, якія вы бачылі падчас наведвання экспазіцыі, прысвечанай Уладзіміру Караткевічу, зроблены ёй.
Такой жа творчай з’яўляецца і кіраўнік нашага музея, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ганна Пятроўна Давідоўская. Яна вядзе і аб’яднанне па інтарэсах “Музейная справа”. Дарэчы, вучні, якія наведвалі гэтае аб’яднанне, здалі гісторыю Беларусі і грамадазнаўства на больш чым 95 балаў. І двое з іх цяпер вучацца ў БДУ, дзе атрымліваюць спецыяльнасць, звязаную з музейнай справай.
— Дзякуй за цікавую размову і поспехаў вам і вашаму калектыву.
Даведка
Алеся Мікалаеўна Зяневіч у педагогіцы ўжо 30 гадоў. Пачынала свой шлях у прафесіі настаўніцай пачатковых класаў у гімназіі № 21 Мінска, пасля была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, а потым і намеснікам дырэктара па вучэбнай дзейнасці ў сярэдняй школе № 43. На пасадзе дырэктара гімназіі № 28 шосты год. За плячыма педагога і кіраўніка багаты прафесійны вопыт: у 2010 годзе была пераможцай гарадскога конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, “Мінскі майстар”, атрымала званне “Мінчанін года”. З’яўляецца настаўнікам-метадыстам, рэцэнзентам шматлікіх вучэбна-метадычных дапаможнікаў, вядзе гарадскую дыялогавую пляцоўку “Урокі майстра”, раённы кластар “Педагагічны кластар будучыні”. Неаднаразова была пераможцай гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”.
Мінская гімназія № 28 імя Уладзіміра Караткевіча — тэрыторыя для развіцця і асобаснага росту. Для фізічнага развіцця абсталяваны стадыён, скаладром. Актыўна праяўляюць сябе ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага атрада “Айчына”, створаны ваенна-патрыятычныя групы ў 10 і 11 класах. Навучэнцы дэманструюць 100-бальныя вынікі па беларускай, французскай і англійскай мовах.
На базе гімназіі дзейнічае філіял кафедры лічбавай эканомікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. Акрамя таго, наладжана супрацоўніцтва з БДУ, МДЛУ, БДАС, БДПУ. Функцыянуе навуковае таварыства “Дыямент”. Створаны музей “Традыцыям верныя”, дзе прадстаўлены звесткі пра ВАВ, Афганскую вайну, генацыд беларускага народа. Ёсць экспазіцыі “Беларуская хатка” і “Уладзімір Караткевіч — славуты зямляк”. На свае пастаноўкі не першы год запрашае тэатр “Сюрпрыз”. З гэтага навучальнага года запрацаваў медыяцэнтр.
Рэалізуюцца гімназічныя праекты “Беларускія пісьменнікі”, “Квестбук як сродак фарміравання культурна-гістарычнай кампетэнцыі”, “Стварэнне музейнай прасторы”. Навучальная ўстанова стала пераможцай гарадскога конкурсу “Формула саду”, рэспубліканскага “Упрыгожым Беларусь кветкамі”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА