Як выхаваць сапраўднага грамадзяніна і патрыёта? Якія найбольш аптымальныя формы работы з навучэнцамі і студэнтамі? Для педагогаў-гісторыкаў сёння гэтыя пытанні з’яўляюцца, мабыць, самымі актуальнымі. Выпускаючы навучэнцаў i студэнтаў з устаноў адукацыі, мы, педагогі, павінны быць упэўнены, што ў якой бы сферы дзейнасці ні былі заняты нашы выпускнікі, гэта будуць годныя грамадзяне нашай роднай Беларусі.
У школе выкарыстоўваюцца разнастайныя формы работы для грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Нядаўна мы паспрабавалі новую для сябе — дыскусійны клуб з удзелам школьнікаў і студэнтаў. Адбылася сустрэча навучэнцаў вядучай педагагічнай установы вышэйшай адукацыі краіны з педагогамі і вучнямі сярэдняй школы № 2 Смалявіч у рамках дыскусійнага клуба БДПУ “Белая Русь”.
Ідэю аб арганізацыі дыскусійнага клуба не раз выказваў дырэктар школы І.А.Юшкевіч, і так супала, што супрацоўніцтва ў рамках дыскусійнага клуба БДПУ прапанаваў дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі В.В.Старычонак. Прапанова была вельмі цікавай, толькі мы хваляваліся, як сябе будуць адчуваць школьнікі ў дыскусіі са студэнтамі? Але нашы асцярогі былі дарэмнымі, сустрэча атрымалася жывая, эмацыянальная і карысная для інтэлекуальнага ўзбагачэння навучэнцаў.
Тэма пасяджэння — “Падзеі 1917 года ў гісторыі Беларусі: перамога ці паражэнне?” — была прымеркавана да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. БДПУ прадстаўлялі Валянцін Васільевіч Старычонак і студэнты другога і трэцяга курсаў гістарычнага факультэта. Удзельнікамі дыскусіі ад сярэдняй школы № 2 былі дырэктар Ігар Андрэевіч Юшкевіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Пятроўна Мекка, настаўніца гісторыі Святлана Паўлаўна Сліжанкова і навучэнцы 10—11 класаў.
Сустрэча дазволіла абмяняцца думкамі па адной з самых складаных тэм гісторыі найноўшага часу. Што такое Кастрычніцкая рэвалюцыя для Беларусі, якія яе наступствы для нашай краіны, яе пазітыўныя і негатыўныя аспекты з пункту гледжання студэнтаў і навучэнцаў? Гэта быў каласальны вопыт спробы ўласнай ацэнкі гістарычнай падзеі з пазіцыі маладога чалавека, які жыве ў ХХІ стагоддзі.
Падчас правядзення мерапрыемства мы ўпэўніліся, што падобны фармат з’яўляецца магутным і эфектыўным сродкам рэалізацыі пазнавальных здольнасцей навучэнцаў і студэнтаў. Ён спрыяе фарміраванню іх творчых, інтэлектуальных інтарэсаў, патрыятычнай, грамадзянскай пазіцыі, вучыць публічным выступленням і трэніруе ўменне выказваць свае погляды прадметна і канкрэтна. Было вырашана і далей праводзіць такія сустрэчы. Наступнае пасяджэнне дыскусійнага клуба пройдзе ў лютым на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Зараз ідзе актыўнае абмеркаванне тэмы наступнай сустрэчы. Новай форме работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні быць!
Святлана СЛІЖАНКОВА,
настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Смалявіч.