Дыспансерызацыя па новых правілах: падрабязнасці

- 10:16Новости, Школа управления

Інструкцыя аб парадку правядзення дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва Рэспублікі Беларусь зацверджана пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 30 жніўня 2023 года № 125. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З 1 студзеня 2024 года зменіцца парадак правядзення дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва Беларусі.

Правядзенне дыспансерызацыі накіравана на:

  • правядзенне медыцынскай прафілактыкі;
  • прапаганду здаровага ладу жыцця;
  • выхаванне адказнасці грамадзян за сваё здароўе;
  • выяўленне хранічных неінфекцыйных захворванняў на ранніх стадыях.

Вызначаны наступныя групы дыспансернага назірання, у якіх праводзіцца дыспансерызацыя:

  • дарослае насельніцтва — з 18 гадоў да 39 гадоў і з 40 гадоў і старэй;
  • дзіцячае насельніцтва — да 1 года і з 1 года да 17 гадоў.

Праходзяць дыспансерызацыю на працягу:

  • аднаго працоўнага дня:

асобы ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў (адзін раз у тры гады);

асобы, якія дасягнулі ўзросту 40 гадоў (адзін раз у год);

  • двух працоўных дзён адзін раз у год:

асобы, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту;

  • асобы на працягу пяці гадоў да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту.

Дыспансерызацыю праводзяць:

  • дарослага насельніцтва — медработнікі ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях аховы здароўя па месцы жыхарства (месцы знаходжання), месцы працы (вучобы, службы) і (або) іншых арганізацыях, якія разам з асноўнай дзейнасцю таксама ажыццяўляюць медыцынскую дзейнасць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку;
  • дзіцячага насельніцтва — урач-педыятр участковы ці ўрач агульнай практыкі, які абслугоўвае дзіцячае насель­ніцтва ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях і (або) іншых арганізацыях аховы здароўя.

Для яе правядзення могуць выкарыстоўвацца выязныя формы работы, у тым ліку з прымяненнем перасовачных фельчарска-акушэрскіх пунктаў.

У ходзе дыспансерызацыі медработнікамі:

  • аналізуюцца медыцынскія дакументы пацыента;
  • праводзіцца анкетаванне пацыентаў з афармленнем анкеты выяўлення фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў;
  • праводзіцца ацэнка фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў;
  • праводзіцца медыцынскі агляд пацыента і прымаецца рашэнне аб правядзенні дадатковай дыягностыкі;
  • афармляецца карта ўліку правядзення дыспансерызацыі дарослага або карта ўліку правядзення дыспансерызацыі дзіцяці;
  • кансультуюцца пацыенты па пытаннях медыцынскай прафілактыкі, прапаганды здаровага ладу жыцця і выхавання адказнасці грамадзян за сваё здароўе;
  • ажыццяўляюцца іншыя функцыі, звязаныя з правя­дзеннем дыспансерызацыі.

Паводле інструкцыі пры правядзенні дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва ўлічваюцца вынікі медыцынскіх аглядаў, праведзеных урачамі-спецыялістамі, медыцынскіх умяшанняў, зробленых на працягу 12 месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу, у якім праводзіцца дыс­пансерызацыя. Дыспансерызацыя дзяцей ажыццяўляецца пераважна ў месяц іх нараджэння.

Прававым актам устаноўлены таксама:

  • схемы правядзення дыспансерызацыі:

– дарослага насельніцтва;

– дзяцей ва ўзросце да 1 года;

– дзяцей ва ўзросце ад 1 года да 17 гадоў;

– дзяцей ва ўзросце да 1 года, якія маюць групы рызыкі развіцця захворванняў (станаў);

  • пералікі захворванняў (станаў), якія падлягаюць медыцынскаму назіранню ў амбулаторных умовах, для дарослага і дзіцячага насельніцтва;
  • крытэрыі эфектыўнасці дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва.

Ведамасная пастанова ад 9 жніўня 2022 года № 83 “Аб парадку правядзення дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва” прызнаецца страціўшай сілу.

Па матэрыялах Pravo.by падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота pixabay.com