Тры насычаныя дні, сотні кіламетраў, шматлікія знаёмствы і мноства ўражанняў — на мінулым тыдні Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы запрасіў беларускіх журналістаў у чарговы прэстур. На гэты раз — па Маскве і Калужскай вобласці.
Інтэграцыя навукі, космасу і адукацыі
Прэс-тур пачаўся экспертна-медыйным форумам “Прамысловае і тэхналагічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Навука. Космас. Адукацыя”, які прайшоў у Маскве на пляцоўцы медыягрупы “Расія сёння”. Эксперты — прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў дзвюх краін, дзяржкарпарацыі “Раскосмас”, рэктары вядучых расійскіх і беларускіх УВА, вучоныя, інжынеры, лётчыкі-касманаўты і журналісты — абмеркавалі супрацоўніцтва ў касмічнай сферы, навуцы і адукацыі.
Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец нагадаў, што айчыннымі ўніверсітэтамі і навуковымі ўстановамі праводзяцца даследаванні практычна ва ўсіх асноўных галінах ведаў і напрамках навукі: лічбавых, інфармацыйна-камунікацыйных, хімічных і біялагічных тэхналогіях, у сферы энергетыкі, будаўніцтва, экалогіі, машынабудавання. Важным складнікам застаюцца даследаванні ў галіне касмічных тэхналогій.
На палях форуму старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў расказаў, што вядзецца работа па стварэнні беларуска-расійскага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, а таксама паводле дамоўленасцей паміж “Раскосмасам” і НАН Беларусі працягваецца сумесная работа па арганізацыі палёту беларускага касманаўта восенню 2023 года.
“Мы павінны прадставіць групу нашых прэтэндэнтаў у складзе 20 чалавек у найбліжэйшыя дні. У Расіі яны пройдуць медыцынскае абследаванне, а далей — падрыхтоўка. І тут найвялікшая дапамога Расіі па ўсіх пытаннях. Думаю, што і асноўным касманаўтам, і дублёрам стане дзяўчына. Стварэнне сумеснага спадарожніка звышвысокага разрознення 0,35 м і касмічнай сістэмы на яго аснове плануем распачаць ужо 1 студзеня 2023 года. А завершыцца падрыхтоўка да яго запуску арыенціровачна ў 2028 годзе”, — дадаў Уладзімір Рыгоравіч.
Дарэчы, беларускі бок працуе над оптыка-электроннай апаратурай для гэтага спадарожніка. І тут неацэнны ўклад унеслі маладыя вучоныя вядучых УВА нашай краіны.
Дырэктар Мядынскай школы Рэна Прокшына:
“Тут вялікія магчымасці і вялікія перспектывы для развіцця нашых дзетак. Радуецца душа, што ў нас ёсць такая школа“.
“Сапраўдная інтэграцыя пачынаецца тады, калі школьнікі і студэнты Беларусі і Расіі могуць свабодна ўдзельнічаць у розных праектах, праграмах, абменах, знаёміцца не толькі з культурай, але і з дасягненнямі абедзвюх краін”, — заявіў міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі Валерый Фалькоў.
Па яго словах, ужо два гады дзейнічае праграма для выпускнікоў школ і студэнтаў Беларусі на базе расійскіх універсітэтаў. Колькасць беларускіх школьнікаў, якія паступаюць у расійскія УВА ў апошнія гады, ці застаецца стабільнай, ці павялічваецца. Таксама сёлета распачаўся новы сумесны адукацыйны праект БНТУ і Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, што перамог сярод 89 універсітэтаў у конкурсе “Перадавыя інжынерныя школы” Мінадукнавукі Расійскай Федэрацыі.
Мядынская супершкола
Другі дзень прэс-туру стаў асабліва насычаным. Спачатку дэлегацыя журналістаў адправілася ў горад Мядынь Калужскай вобласці. Там, дзякуючы намаганням беларускіх будаўнікоў, 1 верасня адкрыла дзверы суперсучасная школа на тысячу месцаў. “Гэтую ўстанову адукацыі нам пабудавалі прадстаўнікі “Белбудцэнтра”. Мы вырашылі, што будзе правільным павесіць перад школай не толькі расійскі, але і беларускі сцяг. Бачыце пчолку на фасадзе будынка? Гэта не малюнак — гэта мазаіка ад “Кераміна”. Назва Мядынь паходзіць ад слова “мёд”, вось беларусы і зрабілі нам такі падарунак”, — патлумачыў кіраўнік адміністрацыі Мядынскага раёна Мікалай Казлоў.
Усяго за апошнія 5 гадоў у Калужскім рэгіёне нашымі будаўнікамі ўзведзены пяць школ і столькі ж дзіцячых садоў, а ў планах да канца 2025 года — яшчэ тры школы. “Мядынская школа па маштабнасці, добраўпарадкаванні тэрыторыі, напаўненні, мабыць, самы выбітны праект, які мы рэалізавалі ў Калужскай вобласці”, — адзначыў генеральны дырэктар “Белбудцэнтра” Вячаслаў Тураў.
Сапраўды, гэты аб’ект уражвае сваімі маштабамі! Уявіце сабе, тэрыторыя школы — 8,3 га! Плошча будынка — 30 тысяч кв. м. Ён складаецца з трох блокаў: для пачатковай школы, сярэдняй і старшакласнікаў, кожны — з прасторнымі холамі і зручнымі класамі, абсталяванымі па апошнім слове тэхнікі. Ёсць тут і класы галаграфіі, 3D-мадэлявання, робататэхнікі, цэнтр дзіцячых ініцыятыў для творчых заняткаў, прасторны інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, фота- і кінастудыя, актавая зала на 450 месцаў, сталовая на 360 чалавек, што дазваляе пакарміць усіх вучняў за два перапынкі. А яшчэ — два басейны (маленькі для малодшых школьнікаў і вялікі з 25-метровымі дарожкамі для старэйшых), спартыўная, гімнастычная і трэнажорная залы. Да таго ж на вуліцы ля школы размешчаны футбольнае поле, стадыён, пляцоўкі для варкаўта, баскетбола і валейбола, тэнісны корт, дзіцячыя гульнявыя комплексы — усяго не пералічыць.
“Тут вялікія магчымасці і вялікія перспектывы для развіцця нашых дзетак. Радуецца душа, што ў нас ёсць такая школа. Пры яе праектаванні ўлічваліся ўсе нашы пажаданні”, — паведаміла дырэктар Мядынскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Рэна Прокшына.
У Мядынскай школе функцыянуюць агракласы. Будаўнікі падарылі сертыфікат на міні-трактар. “Наладжваецца супрацоўніцтва з ТАА “Калужская ніва”, каб яго супрацоўнікі агітавалі школьнікаў займацца сельскай гаспадаркай, — дадала Рэна Клаўдзіеўна. — Сёлета мы набралі і педагагічныя класы — вывучылі вопыт беларускіх калег і вырашылі, што гэта вельмі добры варыянт. Тым больш што школа новая і необходны новыя кадры. А яшчэ ёсць кадэцкія класы, з двух выпускаў больш за 20 чалавек паступілі ў ваенныя вучылішчы”.
Папяровая мануфактура і музеі касманаўтыкі
Уражвае і школьная храмакейная з найноўшым абсталяваннем. Яна тут створана невыпадкова. Як сказаў кіраўнік раёна, было б недарэчна не арганізаваць кінашколу, калі пад бокам ёсць кінакомплекс “ВаенФільм-Мядынь”. На тэрыторыі больш за 90 га пабудаваны маштабныя дэкарацыі вёскі, выкапана і запоўнена вадой рака, размешчаны ангары з ваеннай тэхнікай, ёсць магчымасць для размяшчэння і ўзвядзення дэкарацый і арганізацыі піратэхнічных рашэнняў любой складанасці. Узначальвае “ВаенФільм-Мядынь” заслужаны артыст Расіі, рэжысёр і прадзюсар Ігар Угольнікаў. Сустрэць яго ў Мядынскай школе было вельмі нечакана.
Міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі Валерый Фалькоў:
“Сапраўдная інтэграцыя пачынаецца тады, калі школьнікі і студэнты Беларусі і Расіі могуць свабодна ўдзельнічаць у розных праектах, праграмах, абменах“.
“Для мяне гэтая школа — фантастыка. Я бачыў, як яна будавалася, зараз у левай секцыі абсталёўваецца тэле- і кінастудыя. І праз нейкі час у старшакласнікаў пачнуцца тут заняткі. Хацелася б прывіць ім цікавасць да нашай прафесіі. Нехта, магчыма, пасля стане рэжысёрам, акцёрам, нехта будзе займацца камп’ютарнай графікай, стане касцюмерам, каскадзёрам або піратэхнікам. Няхай яны паглядзяць, як ствараецца кіно. На кінакомплексе вучні будуць стажыравацца, каб пасля самыя таленавітыя маглі паступіць у профільныя УВА”, — падзяліўся планамі Ігар Станіслававіч.
Зараз на кінастудыі “ВаенФільм” здымаюцца сцэны новай карціны “Па поклічы сэрца” пра народнае апалчэнне, а таксама 4-серыйны фільм “Франтавая разведка. Пазыўны “Жураўлі”. “Здымкі будуць да 1 лістапада, а далей мантаж, камп’ютарная графіка, штосьці пакажам мядынскім школьнікам, каб яны зразумелі кінатэхналогію. Плануем прэм’еру зрабіць 9 мая ў нашых абедзвюх краінах, — дадаў Ігар Угольнікаў.
Пасля наведвання кінапляцоўкі журналісты зазірнулі на адно з найстарэйшых прамысловых прадпрыемстваў Расіі — Палатняна-Заводскую папяровую мануфактуру ў Дзяржынскім раёне, заснаваную ў 1718 годзе па ўказе Пятра I.
А затым госці пабывалі ў Дзяржаўным музеі гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага ў Калузе. Гэта першы ў свеце і найбуйнейшы ў Расіі музей касмічнай тэматыкі, створаны пры непасрэдным удзеле Сяргея Каралёва і Юрыя Гагарына. Функцыянуе ён з 3 кастрычніка 1967 года. Унікальныя экспазіцыі знаёмяць з гісторыяй паветраплавання, авіяцыі, ракетна-касмічнай тэхнікі ад першага штучнага спадарожніка Зямлі да сучасных арбітальных станцый. Завяршыўся трохдзённы
прэс-тур наведваннем Музея гісторыі касмічнага навукова-вытворчага цэнтра імя М.В.Хрунічава.
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.