На Міншчыне вызначылі пераможцаў абласнога этапу маладзёжнага марафону “Дыялог культур — адзіны свет”. Навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў творчых і даследчых работах адлюстравалі сваё ўяўленне аб разнастайнасці культур, талерантнасці да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, усведамленне каштоўнасці роднай культуры і культуры іншых народаў.
Маладзёжны марафон “Дыялог культур — адзіны свет” праводзіцца з мэтай вывучэння і папулярызацыі беларускай культуры і культур іншых дзяржаў — удзельніц СНД. На абласны этап маладзёжнага марафону навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі адукацыі вобласці прадставілі 42 работы ў трох намінацыях.
Высокае майстэрства і арыгінальнасць ідэй прадэманстравалі канкурсанты ў намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”. Першае месца раздзялілі паміж сабой адразу тры конкурсныя работы: кампазіцыя “Свята сяброўства”, створаная Алесяй Ахрамовіч, навучэнкай Любанскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя пад кіраўніцтвам В.Р.Гарэлькі; кампазіцыя “Дзве сястры — Беларусь і Расія” творчай групы “Вытокі”, што дзейнічае ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы пад кіраўніцтвам В.А.Самаль і М.Я.Собаль; мастацкая кераміка “Адзінае сонца свету”, вырабленая Кірылам Скрыганам і Міхаілам Грышановічам, прадстаўнікамі Мар’інагорскага ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічнага каледжа імя У.Е.Лабанка пад кіраўніцтвам М.У.Муратавай.
Актуальныя, змястоўныя работы прадставіла моладзь у намінацыі “Даследчыя і інфармацыйныя праекты”. Лепшымі сярод іх журы прызнала дзве работы: даследаванне “Калыханкі ў беларускай, армянскай і англійскай культурах” Тацэвік Грыгаран, навучэнкі Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, якое дзяўчына здзейсніла пад кіраўніцтвам А.М.Рацкевіч, і інфармацыйны праект “Беларусь мая святая — ты мне маці родная”, навучэнкі Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Аліны Паўловіч, створаны пад кіраўніцтвам М.А.Вронскай.
Уменне раскрыць адвечныя ісціны з дапамогай сучасных тэхналогій праявілі канкурсанты ў намінацыі “Інфармацыйныя рэсурсы”. Яны стваралі сайты, вэб-старонкі, блогі, групы ў сацыяльных сетках, кантэнт якіх накіраваны на фарміраванне і развіццё талерантнага стаўлення да прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Безумоўнымі лідарамі ў гэтай намінацыі сталі навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. Данііл Флер’яновіч пад кіраўніцтвам У.Я.Сухавея і С.Г.Якіменкі стварыў вэб-сайт “Нясвiжскiя лыжачнікі”, а Мікіта Дапкус пад кіраўніцтвам Т.А.Цвірко і Л.І.Кіпець прадставіў на конкурс электронную інтэлектуальную гульню “Коласазнаўца”.
— Мы задаволены, што падлеткі актыўна ўключыліся ў конкурс і паказалі шчырую зацікаўленасць яго тэмай, — расказвае Ларыса Уладзіміраўна Лышчык, метадыст Цэнтра прафесійнай адукацыі Мінскага абласнога ІРА. — Канкурсанты праявілі не толькі свае творчыя, інтэлектуальныя здольнасці, але і паважлівае стаўленне да беларускай нацыянальнай культуры, а таксама традыцый і каштоўнасцей іншых народаў, талерантнае стаўленне да людзей.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі,
спорту і турызму Любанскага райвыканкама і МАІРА.