Дыялогі на рускай мове

- 10:35Навіны рэгіёнаў

Беларускія школьнікі і педагогі прынялі ўдзел у міжнародным форуме, які сабраў зацікаўленых у вывучэнні і выкладанні рускай мовы. Педагогі Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна прапанавалі свае цікавыя думкі і ідэі. Навучэнцы школы аказаліся ў ліку пераможцаў Міжнароднага маладзёжнага конкурсу з цыкла “Дыялогі на рускай мове”.

У Маскве адбылася VII канферэнцыя Міжнароднага педагагічнага таварыства ў падтрымку рускай мовы. У рабоце канферэнцыі прымалі ўдзел кіраўнікі адукацыйных устаноў і педагогі школ, дзейнасць якіх накіравана на падтрымку рускай мовы і рускай культуры. Усяго ў расійскай сталіцы сабраліся прадстаўнікі 45 краін свету.

Праграма мерапрыемства ўключала пленарныя пасяджэнні, міжнародны круглы стол, дыскусіі, работу навукова-метадычных секцый, знаёмства з сістэмай адукацыі Масквы. Удзельнікі канферэнцыі разам шукалі адказы на актуальныя для педагогаў-русістаў пытанні: як сфарміраваць у сучасных падлеткаў матывацыю да вывучэння рускай культуры і гісторыі, як эфектыўна рыхтаваць маладых спецыялістаў, гатовых захоўваць і развіваць адукацыю на рускай мове ў сучасным свеце.

Свой вопыт работы на міжнароднай канферэнцыі прадставіла настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Іна Рычардаўна Віннік. Яе выступленне на тэму “LEGO-канструяванне як метадычны прыём настаўніка-славесніка” прагучала ў рамках секцыі “Сучасныя методыкі і практыкі выкладання рускай мовы ў замежнай школе”. Педагог расказала, як выкарыстоўвае канструктар для складання схем пры навучанні мове і для кантролю ведаў вучняў на ўроках літаратуры.

На канферэнцыі былі таксама падведзены вынікі V Міжнароднага маладзёжнага конкурсу з цыкла “Дыялогі на рускай мове”. Конкурс праводзіцца з мэтай прыцягнення ўвагі моладзі да вывучэння рускай мовы і фарміравання здольнасці да асэнсавання гістарычнага вопыту і культурных каштоўнасцей Расіі. Да ўдзелу запрашаюцца навучэнцы ва ўзросце ад 14 да 19 гадоў, якія вывучаюць рускую мову і цікавяцца рускай літаратурай, гісторыяй, культурай. На конкурс прадстаўляюцца творчыя даследаванні, масмедыйныя праекты, праекты сацыяльна значных мерапрыемстваў і ініцыятыў па 4 намінацыях.

У адборачным туры конкурсу прынялі ўдзел 1200 школьнікаў краін Еўропы, Азіі, Аўстраліі і Паўночнай Амерыкі. Дыпломамі фіналіста былі ўзнагароджаны 34 навучэнцы. Сярод іх — вучні Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна. Мікіта Каліноўскі атрымаў дыплом у намінацыі “Руская мова — мова адукацыі” за даследчую работу “Трансфармацыя фразем у назвах медыятэкстаў як актуальная лінгвістычная з’ява”. Работа Ілоны Русаловіч “Вобраз настаўніка ў сучасным кінематографе” была адзначана дыпломам у намінацыі “Расія сёння: погляд збоку”. Абодва даследаванні праводзіліся пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Іны Рычардаўны Віннік.

— Мікіта вывучае трансфармацыі ўжо не першы год, прадстаўляў свае даследаванні на шматлікіх канферэнцыях. Гэтая моўная з’ява выклікае ў яго ўстойлівую зацікаўленасць: ён шукае новыя прыклады, новыя падыходы і новы ракурс яе вывучэння, — расказвае Іна Рычардаўна. — Работа Ілоны ўяўляе сабой прамежкавы жанр — паміж даследчай работай і водгукам. Ідэя прыцягнуць увагу да такой актуальнай тэмы ўзнікла дзякуючы факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, які наведвае дзяўчына. Мікрадаследаванне праводзілі ўсе навучэнцы педагагічнай групы нашай школы, але менавіта Ілона правяла яго найбольш глыбока і дасканала.

Узнагародай для вучняў стала не толькі высокая ацэнка кампетэнтнага міжнароднага журы, але і шырокая культурная праграма з наведваннем тэатра імя Яўгена Вахтангава, падарункі-фаліянты, а таксама ўшанаванне пераможцаў у Доме рускага замежжа імя А.І.Салжаніцына.

Школьныя даследаванні даюць вучням магчымасць прыйсці да новых ведаў праз адкрыццё, павысіць камунікатыўную культуру, удасканаліць рытарычнае майстэрства, інтэграваць веды розных галін навукі і мастацтва. Удзел у форумах, канферэнцыях — гэта не толькі зносіны з равеснікамі з розных краін, але і адкрыццё ў сабе новых здольнасцей і талентаў, спазнаванне свету ва ўсёй яго шматграннасці.

Дар’я РЭВА.