Дзе на Гродзеншчыне адкрылі новыя дзіцячыя сады ў 2022 г. і будуюць яшчэ ўстановы адукацыі

- 9:40Актуально

Вынікі работы сістэмы адукацыі рэгіёна ў мінулым годзе і задачы на 2023-­і абмеркавалі на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

А пачыналі мерапрыемства навучэнцы. Менавіта яны ра­зам са сваімі настаўнікамі прадстаўлялі на выставе-прэзентацыі дасягненні сістэмы адукацыі Гродзеншчыны — ад фарміравання асноў маральных уяўленняў і паводзін выхаванцаў дашкольных устаноў, праектаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання да сучаснага Smart-цэнтра астраноміі і астрафізікі і высокіх спартыўных дасягненняў.

Па-ваеннаму дакладна паказана была дзейнасць Гродзенскага абласнога кластара ваенна-патрыятычнага выхавання, які пачаў работу 1 верасня 2022 года, ярка прадставілі 25-гадовую гісторыю Слонімскага кадэцкага корпуса навучэнцы сярэдняй школы № 9 Слоніма.

У такім жа дзелавым і дакладным рэжыме прайшло і пасяджэнне калегіі. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Руслан Абрамчык і намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк, адзначыўшы дасягненні і падзякаваўшы кіраўнікам сістэмы адукацыі, настаўнікам, педагагічным работнікам за іх адданую працу, засяро­дзілі ўвагу на кірунках работы і задачах 2023 года.

Па словах Р.Ю.Абрамчыка, асноўныя намаганні сістэмы адукацыі ў мінулым го­дзе былі накіраваны на павышэнне якасці адукацыі, эфектыўнасці выхаваўчай і ідэалагічнай работы, рэалізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных Году гістарычнай памяці, пашырэнню ўзаемадзеяння з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. У 2022 годзе 624 установы агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі атрымалі ліцэнзіі на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці.

У параўнанні з 2021 годам павялічылася колькасць устаноў адукацыі — з 309 да 355, дзе арганізавана апрабацыя і ўкараненне метадаў навуковых даследаванняў у масавую адукацыйную практыку праз эксперыментальныя і інавацыйныя праекты. На міжнародных прадметных алімпіядах навучэнцы і выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гро­дзеншчыны заваявалі 7 медалёў. Але падрыхтоўка навучэнцаў да ўдзелу ў прадметных алімпіядах і навуковых конкурсах патрабуе новых падыходаў.

У Год гістарычнай памяці працягвалася работа па прысваенні ўстановам адукацыі імёнаў вядомых асоб, герояў Вялікай Айчыннай вайны. У 2022 годзе імя прысвоена 26 установам адукацыі, а ўсяго на Гро­дзеншчыне 48 устаноў носяць ганаровае імя.

У мінулым годзе адкрыты два новыя дзіцячыя сады — на 230 месцаў у Гродне і 190 месцаў у Скідзелі. Працягваецца будаўніцтва двух дзіцячых садоў у Слоніме і Лідзе. 20 лютага пачалося будаўніцтва дашкольнай установы ў Ашмянах. У буйным жылым мікрараёне абласнога цэнтра Грандзічы доўгачаканай падзеяй стане ўвод школы да новага навучальнага года. Установа стане цэнтрам сацыякультурнага жыцця мікрараё­на, дзе будуць адкрыты разнастайныя гурткі і спартыўныя секцыі, басейн, тут будуць працаваць і педагогі дадатковай адукацыі цэнтра творчасці “Спектр”.

— Сістэма адукацыі вобласці працуе ўстойліва, фінансуецца дастаткова, — адзначыў Віктар Пранюк. — У нас сапраўды ёсць чым ганарыцца, але ёсць і над чым працаваць. Упэўнены, што да цэнтралізаванага экзамену ў маі выпускнікі школ рэгіёна будуць падрыхтаваныя.

На высокім арганізацыйным узроўні прайшлі ў вобласці мерапрыемствы ў рамках Года гістарычнай памяці. Працягвалася работа па прысваенні ўстановам адукацыі імёнаў вядомых асоб, герояў Вялікай Айчыннай вайны. У 2022 годзе імя прысвоена 26 установам адукацыі, а ўсяго на Гро­дзеншчыне 48 устаноў, якія носяць ганаровае імя. Значная ўвага ўдзялялася ідэалагічнаму, грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў, фарміраванню інфармацыйнай культуры, прафілактыцы супрацьпраўных паводзін.

Акрэсліўшы прыярытэтныя кірункі дзейнасці на 2023 год, Руслан Абрамчык адзначыў, што ў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці ёсць патэнцыял, каб выканаць усе пастаўленыя задачы.

Пацвярджэннем гэтых слоў стала ўзнагароджанне калектываў адукацыі, якія сталі лепшымі па выніках работы за мінулы год. Сярод іх гімназія № 1 Астраўца, Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Мастоўскага раёна, дзіцячыя сады аграгарадка Ёдкі Лідскага раёна і № 2 Дзятлава, Бераставіцкі і Навагрудскі дзяржаўныя каледжы, Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя Івана Шчаснага, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Мастоў, Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі. Сярод раёнаў лепшымі прызнаны аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна і ўпраўленне адукацыі Мастоўскага райвыканкама.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ
Фота аўтара