Дзе “растуць” грошы

- 11:16Навіны рэгіёнаў

Сучасныя дзеці рана знаёмяцца з роляй грошай. Важна, каб яны разумелі, што грошы не растуць на дрэвах, і бацькам трэба працаваць, каб іх зарабіць, а для правільнага планавання даходаў і расходаў патрэбны спецыяльныя веды. Урокі фінансавай дасведчанасці неабходны ўжо ў малодшым школьным узросце.

Гэтая актуальная і цікавая тэма знайшла адлюстраванне ў даследчым праекце “Грашовая азбука” навучэнцаў 3 “Б” класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні. Праект складаўся з 4 блокаў: “Як з’явіліся грошы”, “Беларускія грошы”, “Грошы свету”, “Беражлівасць і эканомія”.

Для таго каб наглядна паказаць стартавы ўзровень фінансавай дасведчанасці дзяцей, мы намалявалі дрэва, на якім адлюстравалі толькі некалькі лісточкаў. Гэта тое, што яны ведалі пра грошы ў пачатку праекта.

Скарбонку ведаў па тэме нашага праекта мы пачалі папаўняць падчас падрыхтоўкі сумесных прэзентацый “Як з’явіліся грошы”, “Грошы свету”, “Цікавыя факты пра грошы”. Трэба адзначыць, што ўжо на гэтым этапе ў работу ўключыліся бацькі, таму найбліжэйшы бацькоўскі сход быў праведзены ў форме кансультацыі “Кішэнныя грошы і малодшыя школьнікі”. Падчас давернай гутаркі дарослыя знайшлі адказы на хвалюючыя іх пытанні, а ў канцы нашай сустрэчы бацькі атрымалі буклеты з парадамі псіхолагаў па гэтай тэме.

Пазнавальнай стала экскурсія ў Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей. Нашай увазе былі прадстаўлены самыя цікавыя экзэмпляры грашовых адзінак — усяго больш за 220 узораў. Пасля экскурсіі ў банк многія вучні захацелі там працаваць. Кансультант банка ў даступнай форме патлумачыла, як пакласці грошы на тэлефон, як карыстацца банкаматам.

Пры вывучэнні беларускіх грашовых купюр было вырашана пазначыць на карце Беларусі ўсе архітэктурныя помнікі краіны, адзначаныя на банкнотах. Калі карта запоўнілася грашовымі наміналамі, навучэнцы выявілі, што кожная з банкнот прысвечана аднаму з рэгіёнаў Беларусі.

Працуючы над праектам, мы не пакінулі без увагі інтэрнэт-рэсурсы. На сайце Нацыянальнага банка знайшлі шмат пазнавальнай інфармацыі. Займальнай стала інтэрактыўная гульня “Лесмаркет”. Асабліва цікава было назіраць за малюнкам банкнот ва ўльтрафіялетавым і інфрачырвоным рэжыме, а таксама яшчэ раз убачыць усе ступені абароны ў ходзе інтэрактыўнай пазнавальнай вучэбнай гульні “Ведай свае грошы”.

На працягу года ўдзельнікі праекта былі ўцягнуты ў розныя віды дзейнасці. Напрыклад, эксперымент “Жаданае і неабходнае” навучыў дзяцей выдаваць грошы на патрэбныя рэчы, а даследаванне “Самы танны магазін” — параўноўваць цэны ў розных гандлёвых кропках. Вельмі пазнавальнай атрымалася класная гадзіна “Сямейны бю-джэт”. Малодшыя школьнікі замацавалі веды аб фарміраванні сямейнага бюджэту, а таксама набылі навыкі эканамічнасці, беражлівасці.

Удзельнікі праекта з задавальненнем назіралі, як на нашым дрэве фінансавых ведаў з кожным новым этапам з’яўляліся новыя лісточкі. Рэалізаваны праект стаў прызёрам раённай канферэнцыі “Юны даследчык”.

Наталля СЕМЯНОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні.