Дзеці Міншчыны — за дарогі без аварый

- 14:57Навіны рэгіёнаў

Усім хочацца, каб дзеці нашы ніколі не траплялі ў небяспеку. Аднак знаходзіцца побач з імі кожную секунду, каб засцерагчы, немагчыма. Таму адна з найважнейшых задач, што стаіць перад дарослымі, — навучыць дзяцей бяспечным паводзінам. Шмат мер прымаецца ў гэтым кірунку. На Міншчыне праводзіцца мноства мерапрыемстваў, незвычайных акцый, накіраваных на прафілактыку дарожна-транспартнага траўматызму. Так, напрыклад, штогод дзецям прапануюць узяць удзел у алімпіядзе па правілах дарожнага руху.

Алімпіяда па правілах дарожнага руху стала традыцыйным спаборніцтвам, накіраваным на фарміраванне ў школьнікаў навыкаў бяспечных паводзін на дарозе. Сёлета яна прайшла ў Мінскай вобласці 12-ы раз.

Алімпіяда стартавала на ўнутрышкольным узроўні — у кожнай установе адукацыі вызначылі пераможцаў у паралелях 5—7 класаў. Трое прадстаўнікоў установы, аб’яднаўшыся ў каманду, прадставілі сваю школу ці гімназію на раённым спаборніцтве. Завяршаў алімпіяду абласны этап, куды прыехалі па тры прадстаўнікі кожнага раёна Міншчыны і Жодзіна (усяго 69 хлопчыкаў і дзяўчат). Лепшыя знаўцы ПДР сабраліся ў Беразіне.

Па-за конкурсным мерапрыемствам стаў творчы конкурс “Дзеці Мінскай вобласці — за дарогі без аварый!”. Прадстаўнік каманды або каманда цалкам рыхтавалі і здымалі на мабільны тэлефон кароткае сэлфі-відэа аб правільных паводзінах на дарозе, дзе фінальным слоганам гучалі словы “Я выконваю правілы, а ты?”. Ствараць конкурсны ролік дзеці павінны былі пад кантролем дарослага кіраўніка. У якасці лепшых журы адзначыла каманды Мінскага, Бярэзінскага і Крупскага раёнаў.

У першым туры алімпіяды яе ўдзельнікам індывідуальна былі прадастаўлены білеты з пытаннямі па ПДР — патрабавалася даць адказы не толькі правільна, але і максімальна хутка. Другі тур прадугледжваў калектыўныя спаборніцтвы — кожная каманда рашала задачы “Дарожная сітуацыя”.

Пераможцы вызначаліся ў асабістым і камандным заліку. 1-е месца алімпіяды па ПДР заняла каманда Барысаўскага раёна, на 2-м месцы — Салігорскага, на 3-м — Смалявіцкага раёна.

У асабістым заліку перамогу святкаваў шасцікласнік з Жодзіна Данііл Саковіч, на другой прыступцы п’едэстала гонару — Максім Несцяровіч, прадстаўнік Бярэзінскага раёна, навучэнец 7 класа, “бронзу” алімпіяды заваяваў сямікласнік Нестар Саламонаў — прадстаўнік Уздзенскага раёна.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымак прадастаўлены Мінскім абласным упраўленнем ДАІ.