Дзеліцца сакрэтамі майстэрства

- 7:42Навіны рэгіёнаў

Педагог дадатковай адукацыі фарміруе ўстойлівыя прафесійныя інтарэсы і схільнасці ў творчых дзяцей, актыўна далучае іх да мастацкай, тэхнічнай і спартыўнай дзейнасці. Міжасобасныя адносіны ва ўстанове дадатковай адукацыі будуюцца на аснове творчага ўзаемадзеяння дзяцей і дарослых. Арганізацыя гэтага працэсу патрабуе ад педагогаў спецыяльнай падрыхтоўкі, часу і майстэрства, якое неабходна пастаянна ўдасканальваць.

Сучасны педагог дадатковай адукацыі павінен валодаць добрымі камунікатыўнымі якасцямі, імкнуцца да партнёрскіх адносін з выхаванцамі, умець выкарыстоўваць розныя педагагічныя сродкі і прыёмы, накіраваныя на развіццё здольнасцей дзяцей. Усімі гэтымі якасцямі валодае адзін з самых вопытных педагогаў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Камянца Надзея Мікалаеўна Лысковіч. На працягу больш як 20 гадоў дыпламаваны тэхнолаг швейнай вытворчасці дзеліцца сакрэтамі свайго майстэрства з дзецьмі.

Не адно пакаленне навучэнцаў прайшло праз швейныя гурткі Н.М.Лысковіч. Дзякуючы ёй, многія дзеці не толькі атрымалі першапачатковыя веды і ўменні ў швейнай справе, але і сталі затым добрымі спецыялістамі ў ёй: прафесійнымі швачкамі, краўцамі, раскройшчыкамі, закройшчыкамі, мадэльерамі і г.д.

Надзея Мікалаеўна — надзвычай адкрыты, шчыры, таварыскі, уважлівы і працавіты чалавек, які заўсёды з аптымізмам глядзіць на свет. Для многіх выхаванцаў яна з’яўляецца не проста таленавітым педагогам, але і добрым суразмоўцам, сябрам і нават бабуляй. Не заўсёды родныя могуць навучыць таму рамяству, якому вучыць Н.М.Лысковіч.

Аднымі з найбольш папулярных гурткоў у цэнтры з’яўляюцца швейныя, дзе навучэнцы прышываюць гузікі, вырабляюць лялькі, аксесуары і нават шыюць для сябе адзенне. Надзея Мікалаеўна вядзе два гурткі — “Майстэрня лялек” і “Маладзёжная мода”. На іх занятках дзеці шыюць уборы для лялек, цацкі, падарункі і сувеніры для родных і блізкіх. Асвоіўшы азы швейнай справы, хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім азартам пачынаюць шыць больш складаныя рэчы, у тым ліку адзенне.

Удзячныя навучэнцы праз многія гады прыходзяць да любімага педагога, каб падзяліцца набытымі ведамі і дасягненнямі, поспехамі і навінамі. Надзея Мікалаеўна з радасцю чакае такія сустрэчы. Асабліва радуе, калі колішнія выхаванцы прыводзяць у гурткі сваіх дзяцей. Цэнтр — гэта не толькі месца, дзе можна атрымаць карысныя веды і ўменні, але і знайсці новых сяброў, падзяліцца з імі творчымі ідэямі. Вопыту, энергіі, ведаў і цікавых задум Н.М.Лысковіч хопіць яшчэ не на адзін год работы. Галоўнае — перадаць іх маладому пакаленню.

Ірына ШАЛЯТУН,
метадыст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Камянца.