Дзеля памяці і міру

- 11:43Культура

“Беларусь памятае. У імя жыцця і міру” — так называецца серыя кніг выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. 10 кастрычніка ў сталічным Доме кнігі “Светач” прайшла прэзентацыя ўнікальных выданняў, якія расказваюць пра гісторыю партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, жыццё мірнага насельніцтва пад акупацыяй, лёс дзяцей вайны, ваеннапалонных чырвонаармейцаў.

Выданне серыі — гэта вынік плённай сумеснай работы супрацоўнікаў выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Кнігі будуць цікавыя і карысныя не толькі для навукоўцаў, але і для ўсіх, каго хвалюе лёс нашага народа ў гады ваеннага ліхалецця, у тым ліку для настаўнікаў і вучняў.

Сярод іншых настольным для настаўнікаў павінна с­таць выданне “Маленькія салдаты вялікай вайны”. У ім прадстаўлены матэрыял пра амаль 250 дзяцей і падлеткаў, якія зрабілі свой, ні з чым не параўнальны, уклад у агульную перамогу, здзейснілі по­дзвігі, якія былі не пад сілу дарослым. У 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на аснове матэрыялаў кнігі юныя краязнаўцы могуць падрыхтаваць матэрыялы пра сваіх землякоў, дзіцячыя гады якіх апаліла вайна.

На думку начальніка ўпраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзіміра Андрыевіча, у час інтэрнэту, пашырэння так званай кліпавасці, з’яўлення псеўдагістарычных публікацый вельмі важна зацікавіць маладога чытача тэмай Вялікай Айчыннай вайны, данесці да яго праўду пра падзеі амаль 80-гадовай даўнасці. Для гэтага неабходна стварыць візуальнае ўражанне. Важна афармленне, падбор тэксту, фотаздымкаў, дызайнерская праца, таму што сучасная моладзь успрымае кнігу па знешнім выгля­дзе, толькі потым учытваецца ў тэкст, аналізуе яго.

— Мы вырашылі пака­заць Вялікую Айчынную вайну эмацыянальна. “Беларусь партызанская”, “Нельга за­быць. Нельга зразумець. Нельга апраў­даць”, “Хатынь. Трагедыя беларускіх вёсак”, “Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы”, “Боль і гнеў. Халакост і супраціўленне ў Навагрудку” — у гэтых выданнях сёння на прэзентацыі прадстаўлена шырокая палітра тэм. На тэрыторыі Беларусі супраць акупантаў змагаліся не толькі беларусы. Важна паказаць, што Перамога — адна на ўсіх, здабыта тымі людзьмі і тымі народамі, якія жылі разам у скла­дзе Савецкага Саюза. Таму і з’явілася выданне “Перамога адна на ўсіх. Беларусь — Узбекістан”. Тут упершыню публікуюцца больш за тысячу імён узбекаў, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі і пахаваны на нашай зямлі, — паведаміў Уладзімір Уладзіміравіч.

З гэтымі цудоўнымі выданнямі, безумоўна, варта азнаёміцца настаўнікам і вучням, яны павінны стаць настольнымі кнігамі для ўсіх, хто захоўвае памяць пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.