Беларускія і амерыканскія барцы сустрэліся ў Гродне. Тут адбыўся таварыскі матч па грэка-рымскай барацьбе паміж зборнай камандай “Горад Гродна — універсітэт” і прадстаўнікамі нацыянальнай зборнай Злучаных Штатаў Амерыкі.
Арганізатарамі сустрэчы выступілі Гродзенская абласная федэрацыя барацьбы, упраўленне спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Як расказаў загадчык кафедры фізічнага выхавання і спорту ГрДУ імя Янкі Купалы, прафесар, заслужаны трэнер СССР і БССР Вячаслаў Максімовіч, аб правядзенні такога спаборніцтва дамовіліся падчас чэмпіянату свету па барацьбе, які ў жніўні адбываўся ў Парыжы.
І вось, як добрыя знаёмыя, вітаюцца гродзенскія і амерыканскія барцы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Некаторыя з іх ужо сустракаліся на барцоўскім дыване, а пакуль гэта сустрэча не сапернікаў, а таварышаў па спорце.
— Наш універсітэт з’яўляецца класічным, але, нягледзячы на гэта, мы маем вельмі багатыя спартыўныя традыцыі, — вітаючы гасцей, сказала першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. — У ліку нашых студэнтаў — пяць пераможцаў алімпіяд.
На сустрэчу з амерыканскімі гасцямі прыйшлі студэнты, якія актыўна займаюцца спортам, выкладчыкі факультэта фізічнай культуры. Адбылася размова аб тым, як вучацца беларускія студэнты, як яны плануюць сваю кар’еру. Гасцям паказалі відэафільм аб універсітэце і расказалі, як можна тут вучыцца замежным студэнтам.
Трэнер нацыянальнай зборнай ЗША, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў і чэмпіянату свету, чэмпіён Панамерыканскіх гульняў Мэт Ліндлэнд адзначыў, што грэка-рымская барацьба ў ЗША не такая папулярная, як у Еўропе, таму сустрэча з моцнымі беларускімі барцамі — гэта не толькі частка спартыўнай падрыхтоўкі.
— Барацьба — гэта прыгожае мастацтва. Сёння мы хочам не проста паспаборнічаць, а паказаць гледачам спартыўнае шоу, — сказаў Мэт Ліндлэнд.
І шматлікія гледачы ацанілі выступленне беларускіх і амерыканскіх барцоў. А памочнік прэзідэнта інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, вітаючы ўдзельнікаў таварыскага матча, падкрэсліў, што спартыўныя сустрэчы — лепшы від народнай дыпламатыі.
Вынік таварыскага паядынку па грэка-рымскай барацьбе паміж зборнай камандай “Горад Гродна — універсітэт” і прадстаўнікамі нацыянальнай зборнай Злучаных Штатаў Амерыкі — 4:3 на карысць беларусаў. Барцы выступалі ў сямі вагавых катэгорыях, сярод іх як з беларускага, так і амерыканскага боку былі пераможцы чэмпіянатаў свету і Еўропы.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.