“Дзень ценяў”: дапамога ў выбары прафесіі

- 11:14Навіны рэгіёнаў

Зразумець, хто ты ёсць, — задача не з лёгкіх. Некаторым людзям для гэтага патрэбна ўсё жыццё, а іншыя, здаецца, нараджаюцца з гатовым веданнем. Мінае час, але механізм узнікнення ўстойлівай матывацыі да авалодання прафесіяй застаецца нязменным: цікавасць абуджаецца, калі малады чалавек можа прымерыць яе на сябе.

Каб дапамагчы старшакласнікам з выбарам будучай прафесіі, у Браслаўскай гімназіі была выкарыстана незвычайная форма прафесійнай арыентацыі школьнікаў — “Дзень ценяў”, які вельмі папулярны ў Латвіі. Мэта такой акцыі — пазнаёміць гімназістаў з патрабаваннямі да розных прафесій і сфер прафесійнай дзейнасці, каб дапамагчы ў выбары будучай спецыяльнасці, навучыць арыентавацца на рынку працы, а таксама прадэманстраваць сувязь адукацыі і кар’еры, заахвоціць больш сур’ёзна і адказна ставіцца да сваёй адукацыі. Фарміруючы супрацоўніцтва паміж гімназіяй, грамадствам і працоўным асяроддзем, акцыя спрыяе інтэграцыі моладзі ў грамадства. Дзякуючы супрацоўніцтву з мясцовымі ўстановамі, арганізацыямі і прадпрыемствамі, гімназісты змаглі пабыць “ценямі” розных прафесіяналаў у рэдакцыі газеты “Браслаўская звязда”, навуковым і турыстычным аддзелах Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”, Браслаўскім філіяле Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната, бухгалтэрыі і гандлёвых кропках раённага спажывецкага таварыства, Браслаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, яслях-садах №№ 2 і 3, лабараторыі радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, Браслаўскай ЦБС і ў ЦБП № 205 ААТ “АСБ Беларусбанк”.

Дзелячыся сваімі ўражаннямі ў гімназіі, многія навучэнцы адзначылі, што з радасцю б выбралі тую прафесію, за якой назіралі, хаця некаторыя ўдзельнікі акцыі ўпершыню звярнулі сваю ўвагу на тое, што такія прафесіі, як выхавальнік дзіцячага сада, прадавец і работнік радыелагічнай лабараторыі, даволі складаныя і патрабуюць вялікай увагі і цярпення. Негатыўных водгукаў мы не атрымалі, бо для кожнага гэты дзень стаў знамянальным і чымсьці дапамог у выбары будучага роду дзейнасці. Такая акцыя з’яўляецца неацэннай магчымасцю для кожнага вучня на дзень акунуцца ў працоўныя будні абранай прафесіі.

Вольга ЛУКША,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.