Дзень рэгіёнаў

- 12:36Навіны рэгіёнаў, Рознае

Форум міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Магілёўскай і Бранскай абласцей у сферы маладзёжнай палітыкі ў рамках Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі адбыўся днямі ў горадзе на Дняпры.

Мерапрыемства сабрала разам больш за 170 чалавек. Сярод іх кіраўнікі двух рэгіёнаў, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, маладзёжных арганізацый, устаноў адукацыі і навукі, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Удзел у сустрэчы прынялі таксама члены Федэральнага сходу Расіі і Нацыянальнага сходу Беларусі.

Выступаючы перад прысутнымі на адкрыцці форуму, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў яго значнасць і актуальнасць.

— Падчас Трэцяга форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі кіраўнікі дзвюх дзяржаў даручылі максімальна задзейнічаць рэзервы рэгіянальнага супрацоўніцтва. Пастаўленая задача выконваецца. Ужо намечаны і рэалізоўваецца шэраг сумесных мерапрыемстваў, галоўнае ў якіх — гарманізацыя нарматыўна-прававых актаў і правапрымяняльнай практыкі, прыярытэт эканамічнага супрацоўніцтва, уцягванне ў гэты працэс моладзі, а таксама апора на рэгіянальныя праекты і ініцыятывы. Магілёўская і Бранская вобласці з’яўляюцца піянерамі ў арганізацыі рэгіянальнага супрацоўніцтва на прынцыпова новых умовах. Гэты форум мае канкрэтны прыкладны характар, эканамічны ўхіл, а значыць, ён пачатак вялікай сумеснай работы. Таму гэтая сустрэча, якую можна назваць днём рэгіёнаў, настолькі актуальная і значная. На ўзроўні рэгіянальных сувязей яна актыўна садзейнічае актывізацыі інтэграцыйных працэсаў, — адзначыў Міхаіл Уладзіміравіч.

Праграма форуму была насычанай. Работа вялася па чатырох тэматычных секцыях. Першая была прысвечана развіццю ўзаемаадносін у сферах турызму, спорту і мала-дзёжнай палітыкі на прыкладзе прыгранічных тэрыторый двух рэгіёнаў. На другой гаворка ішла пра перспектывы супрацоўніцтва органаў улады і грамадскіх аб’яднанняў у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. На трэцяй гаварылі пра варыянты рэалізацыі двухбаковых пагадненняў паміж заканадаўчымі і выканаўчымі органамі дзяржаўнай улады Бранскай і Магілёўскай абласцей. А парадкам дня чацвёртай секцыі сталі магчымасці супрацоўніцтва ў сферы культуры, адукацыі, духоўна-маральнага і грамадзянска-патрыя-тычнага выхавання моладзі.

Секцыям, прысвечаным моладзі, арганізатары надавалі асаблівую важнасць. На думку Міхаіла Мясніковіча, выканаўчая і заканадаўчая ўлада павінны зрабіць усё, каб стварыць моладзі нашых краін базавыя ўмовы для сумеснай актыўнай дзейнасці. Таму беларуска-расійскае адзінства неабходна напаўняць новымі сучаснымі формамі су-працоўніцтва, каб маладое пакаленне працягнула брацкія ўзаемаадносіны.

Адказнасць у гэтым кірунку ў многім ляжыць на ўстановах адукацыі. Менавіта таму сумесная дзейнасць у сферы адукацыі, духоўна-маральнага і грамадзянска-патрыя-тычнага выхавання моладзі актыўна развіваецца.

— Установы адукацыі Браншчыны і Магілёўшчыны даўно плённа супрацоўнічаюць. Але неабходна надаць новы імпульс нашаму ўзаемадзеянню, скаардынаваць работу па ўсебаковым супрацоўніцтве. Патэнцыял для развіцця адносін ёсць, — заўважыў у ходзе работы секцыі начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.

І сапраўды, перспектыў для развіцця супрацоўніцтва дастаткова. Так, рэктар Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ірына Старавойтава прапанавала расійскім калегам заняцца арганізацыяй навуковых школ па даследаванні і вырашэнні адукацыйных праблем.

— Адным з напрамкаў сумеснай дзейнасці можа быць прадастаўленне ўзаемных метадычных, навукова-вучэбных і іншых кансалтынгавых паслуг. Актуальным з’яўляецца ўдзел навукоўцаў і педагогаў у беларуска-расійскіх практычных праектах. Цікавасць уяўляе таксама магчымасць абмену зборнікамі навуковых работ, вучэбна-метадычнымі комплексамі, вучэбнымі дапаможнікамі, матэрыяламі па вучэбна-нарматыўным і навукова-метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу, інфармацыяй аб інавацыйным вопыце работы. Такія крокі дазволяць істотна ўдасканаліць наша ўзаемадзеянне, — лічыць Ірына Анатольеўна.

Цалкам салідарны з ёй у гэтым плане дырэктар Дэпартамента адукацыі і навукі Бранскай вобласці Уладзімір Абаротаў.

— Нашы сістэмы адукацыі ў многім падобныя. Дастаткова ў нас і сумесных адукацыйных мерапрыемстваў. Тым не менш іх колькасць неабходна павялічваць. Асаблівы ўпор пры гэтым варта зрабіць на мерапрыемствы для моладзі. Калі ідэю адзінства Беларусі і Расіі захавае падрастаючае пакаленне, наша ўзаемадзеянне будзе доўжыцца яшчэ шмат стагоддзяў, — выказаў свой пункт гледжання Уладзімір Мікалаевіч.

Кіраўнік адукацыйнай сістэмы Браншчыны выступіў з прапановай аб пашырэнні супрацоўніцтва па патрыятычным выхаванні моладзі, а таксама палічыў мэтазгодным заключыць адпаведны дагавор паміж Магілёўскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і Бранскім інстытутам павышэння кваліфікацыі работнікаў адукацыі.
Як рэзюмаваў пасля заканчэння канструктыўнага дыялогу дырэктар дэпартамента ўнутранай палітыкі Бранскай вобласці Андрэй Казорын, плённая сумесная дзейнасць ажыццяўляецца, але ўзаемадзеянне павінна развівацца далей.

— Наша супрацоўніцтва трэба напаўняць новымі праектамі, новымі метадамі работы. Пэўнае ўзаемадзеянне ўжо наладжана, цяпер неабходна яго ўсяляк умацоўваць, — адзначыў Андрэй Аляксандравіч.

Непасрэднае ўмацаванне міжрэгіянальных сувязей адбывалася на пленарным пасяджэнні форуму. Падчас яго была абвешчана выніковая рэзалюцыя мерапрыемства, а таксама падпісаны шэраг дагавораў і пагадненняў аб далейшым бесперапынным і шматпланавым супрацоўніцтве.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.