Дзень снегу — дзень забаў і смеху

- 12:15Навіны рэгіёнаў

Надвор’е ў нашай краіне зменлівае, “з характарам”. Не кожны год у Сусветны дзень снегу мы снегу можам парадавацца. Але гэта зіма не падвяла і “снежнае свята” адзначалі забавамі на свежым паветры. Цікавыя зімовыя мерапрыемствы праходзілі ў Пухавіцкім раёне.

Сусветны дзень снегу адзначаецца нядаўна — усяго 6 гадоў, але многім гэта дата вельмі палюбілася, бо можна радавацца актыўнаму адпачынку, здароваму ладу жыцця. Гэтай нагодай з задавальненнем скарысталіся на Пухавіччыне. Раённае спартыўнае свята “Сусветны дзень снегу” прайшло на гарадскім стадыёне ў Мар’інай Горцы і аб’яднала навучэнцаў устаноў адукацыі, іх бацькоў і педагогаў.

Каманды ўстаноў адукацыі раёна спаборнічалі ў разнастайных эстафетах: кіданне валёнкаў, перацягванне канату, кіданне снежкаў у кошык, гонкі на санях, камандны бег. За ўдзельнікаў на трыбунах хварэлі сябры і бацькі. Перамогу ў снежнай эстафеце святкавала каманда сярэдняй школы № 4 Мар’інай Горкі. Праўда, спаборніцтвы праходзілі з такой колькасцю эмоцый і пазітыву, што і каманды, якія не перамаглі, ніколькі не засумавалі.

Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню снегу, прайшлі таксама ва ўсіх установах адукацыі Пухавіцкага раёна. Дзеці дэманстравалі сваю хуткасць, спрытнасць, меткасць і атрымлівалі незаменны зімовы зарад бадзёрасці.

Зімовыя мерапрыемствы актыўна праводзяцца па ўсёй Мінскай вобласці. У гэтым годзе працуюць больш за 250 каткоў, хакейных пляцовак, распрацаваны 135 лыжных маршрутаў рознай складанасці, праводзяцца спартыўна-масавыя спаборніцтвы па лыжных гонках, хакейныя сустрэчы, спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” і многае іншае. Дзеці чакаюць новых уражанняў і новых вясёлых зімовых стартаў.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму Пухавіцкага райвыканкама.