Дзеці вучацца ва ўніверсітэце

- 10:30Выбар прафесіі

Вучэбны цэнтр “Школа дакладных навук” факультэта матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы вядзе свой пачатак з канца пяцідзясятых гадоў ХХ стагоддзя. З 1957 па 1989 год тут дзейнічала Школа юных матэматыкаў. У 1999 годзе пачала працаваць Школа дакладных навук. У 2011 годзе створаны вучэбны цэнтр, які працягвае лепшыя традыцыі работы са школьнікамі на факультэце, развівае іх таленты і ўвогуле цікавасць да дакладных навук.
Пра школу, якая ўсяго на тры гады маладзейшая за факультэт (20 кастрычніка ён адзначыць сваё 70-годдзе), расказвае начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Юрый Раманоўскі. Юрый Яцантавіч выкладае ў Школе дакладных навук з 2003 года і ўзначальвае тут секцыю матэматыкі.

— З першых дзён існавання школы выкладчыкі ставілі задачай не толькі выявіць і падтрымаць таленавітых школьнікаў, развіць іх матэматычныя здольнасці, але і развіць цікавасць да даследаванняў, пазнаёміць з дасягненнямі матэматычнай навукі, — расказвае Ю.Я.Раманоўскі. — Такіх прынцыпаў прытрымліваліся Ігар Канстанцінавіч Жук, Аляксандр Васільевіч Карлюкоў, Валерый Канстанцінавіч Бойка.
Сёння іх справу працягваюць кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, загадчыца кафедры сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі Ірына Аляксандраўна Карлюкова; старшы выкладчык кафедры алгебры, геаметрыі і методыкі выкладання матэматыкі Ірына Уладзіміраўна Трыфанава. Яны выкладаюць у секцыі матэматыкі. Хачу адзначыць самаадданасць усіх выкладчыкаў і асабістую ролю І.А.Карлюковай у станаўленні і развіцці не толькі школы, але і сістэмы матэматычнай падрыхтоўкі школьнікаў, удзелу іх у алімпіядах.
Секцыю інфарматыкі ў 2004 годзе арганізавала і доўгі час тут працавала дацэнт кафедры інфарматыкі і камп’ютарнага мадэлявання кандыдат педагагічных навук Ніна Пятроўна Макарава. Зараз у секцыі працуюць старшы выкладчык кафедры сістэмнага праграмавання і камп’ютарнай бяспекі Яўген Уладзіміравіч Дзірвук і прадстаўнікі кампаніі EPAM Systems. У секцыі інфарматыкі навучаюцца школьнікі 5—10 класаў. Яны павышаюць узровень камп’ютарнай граматнасці, засвой-ваюць інтэрнэт-тэхналогіі, асновы алгарытмізацыі і праграмавання.
У школе вучацца дзеці з Гродна і Гродзенскага раёна. Вопыт работы, аналіз запатрабаванняў школьнікаў паказаў, што неабходна арганізацыя заняткаў у пяці узроставых групах: 5, 6, 7, 8 і 9 класы. Заняткі праводзяцца па нядзелях, працягласць адных групавых заняткаў — дзве акадэмічныя гадзіны. У рабоце прымяняецца рашэнне задач на розныя тэмы: развіццёвай, займальнай, лагічнай, алгарытмічнай матэматыкі (у разнастайных камбінацыях і рознага ўзроўню складанасці). Гэта робіцца з мэтай развіцця нестандартнага мыслення, навыкаў прымянення розных ідэй і метадаў рашэння задач. Напрыклад, прапаноўваюцца для рашэння задачы-галаваломкі, задачы тыпу “Ці можна?..”, заданні па займальнай камбінаторыцы: латарэі, шчаслівыя білеты.
Некаторыя школьнікі вучацца на працягу некалькіх гадоў, таму важным прынцыпам з’яўляецца бесперапыннасць і пралангаванасць. Гэта значыць, што праграма заняткаў у старшых групах улічвае і працягвае праграму заняткаў папярэдніх груп.
У межах секцыі “Матэматыка” арганізуюцца вочныя алімпіяды сярод вучняў 5—7 класаў. У гэтым годзе адбылася 14-я алімпіяда. Удзел у ёй прынялі 585 школьнікаў з Гродзенскай, Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей.
У 2011 годзе быў дадзены старт новаму праекту — дыстанцыйнай алімпіядзе па матэматыцы сярод вучняў 5—7 класаў. У ёй удзельнічалі 1753 вучні з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці. На наступны год алімпіяду правялі ў тры этапы. Удзел у ёй прынялі ўжо 3000 школьнікаў. У 2013/2014 навучальным годзе ў дыстанцыйнай алімпіядзе спаборнічалі школьнікі з усёй Беларусі, і нават былі вучні з Казахстана, з Байканура. У трох этапах прынялі ўдзел адпаведна 3029, 2576 і 1997 чалавек. У наступным годзе, 17 мая, будуць падведзены вынікі ўжо 15-й алімпіяды.
Інфармацыя пра вучэбны цэнтр “Школа дакладных навук”, дыстанцыйныя алімпіяды, расклад і змест заняткаў размешчана на сайце math.grsu.by.
— І хоць сёння можна пачуць, што цікавасць да дакладных навук сярод школьнікаў падае, нашы навучэнцы абвяргаюць гэтае меркаванне, — гаворыць Юрый Яцантавіч. — Мы прывабліваем дзяцей магчымасцю вучыцца ва ўніверсітэцкіх выкладчыкаў і прадстаўнікоў ІТ-кампаній, удзельнічаць у трох бясплатных турах дыстанцыйнай алімпіяды з аналізам вынікаў і статыстыкай, правядзеннем вочнага тура з прызамі і адзнакамі, атмасферай творчасці і зносінамі з аднадумцамі. Што дае гэта нам, выкладчыкам, і ўвогуле ўніверсітэту? Па-першае, магчымасць работы з высокаматываванымі і зацікаўленымі ў вывучэнні матэматыкі і інфарматыкі дзецьмі. Па-другое, пошук новых форм работы, самаадукацыю не толькі па прадмеце і методыцы яго выкладання, але і па псіхалогіі, інфармацыйных тэхналогіях. Па-трэцяе, удзячнасць вучняў і іх бацькоў, іх радасць за высокія вынікі на гарадскіх, раённых і абласных алімпіядах.
Дарэчы, рабоце са школьнікамі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ўдзяляецца значная ўвага, і вопыт Школы дакладных навук факультэта матэматыкі і інфарматыкі пераймаецца на іншых факультэтах. Так, з сакавіка 2014 года на факультэце біялогіі і экалогіі пачалі працаваць групы для школьнікаў па хіміі і біялогіі. На педагагічным факультэце створаны адукацыйны інавацыйны цэнтр для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, дзе арганізаваны камп’ютарныя курсы, курсы развіцця камунікатыўных здольнасцей і арт-студыя.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.