Дзіця праяўляе сябе, калі ёсць давер

У сярэдняй школе № 57 Гомеля ў рамках практыка-арыентаванага педагагічнага савета “Даследчая дзейнасць вучняў як адзін з фактараў развіцця асобы вучня” прайшла шостая школьная канферэнцыя даследчых работ навучэнцаў 5—11 класаў.

Правядзенне канферэнцыі ўжо стала традыцыяй у школе. Кожны з сапраўднай цікавасцю ставіцца да свайго праекта і з нецярпеннем чакае канферэнцыі, каб прадставіць яго. Тут ніхто нікога не прымушае. Дзеці матываваныя не толькі добрымі адзнакамі і ўзнагародамі, яны атрымліваюць задавальненне ад самой працы, ад сваіх выступленняў і, зразумела, ад выніку. Мабыць, таму з кожным годам мерапрыемства становіцца багацейшым на добрыя працы.

Што чакае ад нас грамадства сёння? Выхавання новага чалавека, які ўмее вучыцца хутка, эфектыўна авалодваць ведамі, які ўмее працаваць у камандзе, творча выкарыстоўваць свае веды і ўменні.

— Вучэбна-даследчая дзейнасць — ідэальная форма работы па выхаванні чалавека новага пакалення, — адзначыла дырэктар школы Ларыса Каперцехава. — Менавіта праз даследаванні, толькі крок за крокам можна навучыць дзіця па крупінках збіраць новую інфармацыю, думаць самастойна, навучыць аналізаваць і супастаўляць, а ў выніку атрымліваць новыя веды, а разам з тым і ўпэўненасць у сваіх сілах.

Гэта і ёсць галоўная задача створанага ў школе таварыства даследчых работ навучэнцаў “Праметэй”, якое плённа працуе ўжо шмат гадоў. Тут хлопцы і дзяўчаты абмяркоўваюць тэмы даследчых работ, атрымліваюць дапамогу ў зборы інфармацыі, яе апрацоўцы і падрыхтоўцы. За гэтыя гады навучэнцамі былі напісаны разнастайныя работы, паднята мноства цікавых і актуальных тэм. Так, разам з настаўнікамі англійскай мовы школьнікі вывучаюць менталітэт англамоўных краін, іх культуру, звычаі і традыцыі, спрабуюць даведацца, чаму такое захапленне, як сэлфі, можа быць небяспечным, спрабуюць адказаць на вечныя пытанні накшталт “быць ці не быць?”, “бацькі і дзеці” і інш.

Разам з настаўнікамі гісторыі, грамадазнаўства, геаграфіі вучні падарожнічаюць па славутых мясцінах нашай краіны, вывучаюць гісторыю заснавання Гомеля, даследуюць узнікненне мікрараёнаў, а таксама знаёмяцца з таямнічым светам псіхалогіі.

З настаўнікамі матэматыкі і інфарматыкі дзеці паказваюць магічны ўплыў лікаў на лёс чалавека, разглядаюць геаметрыю ў архітэктуры, гавораць пра ролю працэнтаў у штодзённым жыцці, знаходзяць простыя спосабы рашэння алімпіядных задач, выяўляюць праблемы ўплыву камп’ютара, а таксама камп’ютарных гульняў на здароўе навучэнцаў, ствараюць праграму па падрыхтоўцы навучэнцаў да самастойных, кантрольных работ, а таксама іспытаў, ствараюць дызайн-праект фае школы, вучацца мець зносіны ў сацыяльных сетках, выкарыстоўваючы камп’ютарны слэнг.

Запаўняць “белыя плямы” ў вывучэнні сучаснай беларускай прозы, збіраць інфармацыю пра родных і продкаў, расшыфроўваць “код” Ефрасінні Полацкай, акунацца ў дзівосны свет паэзіі, звяртацца да вытокаў стараславянскай азбукі і нават вывучаць праблемы выкарыстання другасных рэсурсаў навучэнцам дапамагаюць настаўнікі-філолагі.

Цікавыя і актуальныя даследаванні праводзяць дзеці з настаўнікамі біялогіі і хіміі, фізікі. Напрыклад, вывучаюць якасць пітной вады, уласцівасці сокаў, уплыў алюмініевага посуду на якасць прадуктаў.

Вучнёўская канферэнцыя нікога не пакідае ўбаку. Нават тыя, хто любіць нешта ствараць сваімі рукамі, нясуць сваё майстэрства на суд удзельнікаў і журы школьнага мерапрыемства. З настаўнікамі выяўленчага мастацтва, працоўнага навучання дзеці выразаюць цудоўныя карціны, прыдумляюць загадкавыя ўзоры, лепяць, пераўтвараюць звычайныя рэчы ў аб’екты арт-дэкору, дэманструюць аўтарскі стыль.

— Несумненна, за гэтыя гады творчасць з’яднала нас усіх: педагогаў, вучняў, бацькоў, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 57 Святлана Малай. — Яна захапіла, акрыліла, натхніла, навучыла супрацьстаяць цяжкасцям і перамагаць. А яшчэ даказала, што дзіця праяўляе свае магчымасці толькі тады, калі давярае, верыць, любіць. Усе гэтыя дзеясловы “працуюць”, калі мы, педагогі, ставімся да сваёй справы не як да непасільнай працы, а як да любімага творчага занятку. І тады нашы агульныя магчымасці становяцца нашым агульным вынікам.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *