Дзіцячы тэхнапарк роўных магчымасцей адкрыўся на базе сярэдняй школы № 1 імя С.І. Грыцаўца Баранавіч

- 17:34Образование

Перавагі дзіцячага тэхнапарка змаглі ацаніць не толькі вучні школы, але і старшакласнікі з Баранавіч, Брэста, Пінска, Івацэвіч, Ганцавіч, Лунінца, Маларыты. Арганізатарамі хакатону выступілі ўпраўленне па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама, БарДУ і Брэсцкі навукова-тэхнічны парк, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Размясціўся тэхнапарк у адным са школьных блокаў і ўключае ў сябе 8 лабараторый: робататэхнікі, механікі і электронікі, мадэлявання і прататыпавання, віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, інжынернай экалогіі і альтэрнатыўнай энергетыкі, тэхналогіі БПЛА, практычнага праектавання і цэнтр ранняй прафесійнай падрыхтоўкі. Адначасова займацца ў ім могуць 40—45 чалавек, у тым ліку навучэнцы з асаблівасцямі ў развіцці. Для гэтага ёсць неабходныя рэсурсы. Так, напрыклад, для лабараторыі зялёнай энергетыкі набылі мурашыную ферму, яе даглядаюць вучні 3-га класа, сярод якіх ёсць дзіця з аўтызмам.

Як расказала дырэктар сярэдняй школы № 1 Баранавіч Марына Купцова, займацца ў тэхнапарку могуць дзеці рознага ўзросту. Дарэчы, часткова лабараторыі ўжо працуюць. У іх займаюцца адораныя навучэнцы, якія ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, НПК, разнастайных конкурсах.

У лабараторыі робататэхнікі вучні пазнаёмяцца з мовамі і сістэмамі праграмавання прамысловых робатаў, навучацца рашаць задачы па электроніцы і схематэхніцы, праектаваць і канструяваць корпусныя дэталі і механічныя вузлы. У лабараторыі практычнага праектавання даследаванні можа праводзіць любы настаўнік са сваімі выхаванцамі. А ў цэнтры ранняй прафесійнай падрыхтоўкі пазнаёмяць з рынкам прафесій, з асаблівасцямі асваення той ці іншай спецыяльнасці.

Разглядаем тэхнапарк у школе як першую прыступку падрыхтоўкі для навучання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, — адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Шастак. — На аснашчэнне лабараторый выдаткавана 70 тыс. рублёў, з якіх 53 тыс. — пазабюджэтныя сродкі і 17 тыс. — спонсарскія. Нам аказалі дапамогу два прадпрыемствы: аўтаагрэгатны завод і аўтобусны парк.

Плануецца, што ў тэхнапарку будуць займацца не толькі вучні 1-й школы, але і з лета такая магчымасць з’явіцца ў іншых школьнікаў Баранавіч. Педагогі зацікаўлены і ў цесным супрацоўніцтве з Брэсцкім тэхнапаркам.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена ўпраўленнем па адукацыі
Баранавіцкага гарвыканкама