Дзяржаўны сцяг Беларусі ў надзейных руках

- 11:08World Skills, Актуально, Апошнія запісы

У суботу ў Мінскай гарадской ратушы адбылася сустрэча намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь В.І.Жарко, міністра адукацыі І.В.Карпенкі, намесніка старшыні Мінгарвыканкама І.В.Юркевіча з нацыянальнай камандай нашай краіны, якая прыме ўдзел у Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills у сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі сістэмы адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый, навучэнская моладзь.

Нездарма гэтая ганаровая сустрэча адбылася ў знамянальным месцы — цэнтры рамёстваў і гандлю старажытнага Мінска, дзе славутыя майстры Міншчыны на працягу вякоў дэманстравалі сваё прафесійнае майстэрства і гандлявалі сваімі вырабамі. Сёння Мінск і іншыя рэгіёны Беларусі прадстаўляюць нашым дзецям усё новыя і новыя магчымасці для развіцця іх творчых талентаў і далейшай паспяховай рэалізацыі ў жыцці.

В.І.Жарко шчыра павітаў удзельнікаў каманды, якія праз некалькі дзён накіруюцца ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе будуць прадстаўляць сваю краіну. Ён падкрэсліў, што нацыянальную зборную склалі лепшыя прадстаўнікі моладзі, якія ўсвядомлена зрабілі прафесійны выбар у бок рабочай прафесіі, сваёй упартай працай і ведамі дасягаюць выдатных вынікаў, дэманструючы якасць і майстэрства ў засваенні прафесійных навыкаў.

— Вам аказаны высокі давер прадстаўляць нашу Беларусь на сусветных форумах прафесійнага майстэрства, — падкрэсліў Васіль Іванавіч. — І гэта дарагога варта. Таму для перамогі трэба мабілізаваць усе сілы, каб дастойна прадставіць нашу краіну на міжнароднай арэне.

Сёння мы па праве ганарымся тым, што не толькі змаглі захаваць лепшыя традыцыі прафесійнай адукацыі, але прыдалі ёй новы, эвалюцыйны імпульс з улікам сучасных патрабаванняў, эканомікі краіны і рынку працы.

У Беларусі, як і ва ўсім свеце, вельмі запатрабаваны высокакваліфікаваныя спецыялісты. Прэзідэнт нашай краіны паставіў задачу ўдасканальваць і павышаць якасць адукацыі, у тым ліку і мадэрнізаваць сістэму прафесійнай адукацыі. Ад узроўню падрыхтоўкі рабочых кадраў у многім залежыць рост прамысловага патэнцыялу нашай краіны, прыцягнення інвестыцый у эканоміку з боку міжнарожных інвестараў. На сённяшні дзень у ліку занятых работнікаў у эканоміцы і сацыяльнай сферы нашай краіны кожны пяты мае прафесійна-тэхнічную адукацыю, а кожны другі — сярэднюю спецыяльную і вышэйшую. Выпускнікам устаноў прафесійнай адукацыі гарантавана першае рабочае месца.

На Рэспубліканскім педагагічным савеце, які прайшоў у канцы жніўня з удзелам кіраўніка дзяржавы, пытанні падрыхтоўкі кадраў, павышэння прэстыжу рабочых прафесій сталі аднымі з цэнтральных у абмеркаванні стратэгіі развіцця нацыянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі.

Сёння падрыхтоўцы кадраў з боку дзяржавы ўдзяляецца вялікая ўвага, укладваюцца істотныя дзяржаўныя сродкі, каб узровень падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў адпавядаў запатрабаванням вытворчасці і сацыяльнай сферы. Актыўна абнаўляецца вучэбна-матэрыяльная база навучальных устаноў, набываецца сучаснае абсталяванне, ствараюцца рэсурсныя цэнтры, адкрываюцца новыя прафесіі. Усе гэтыя захады дазваляюць нашай краіне паспяхова інтэгравацца ў сусветныя працэсы, адпавядаць міжнародным стандартам прафесійнай адукацыі, удзельнічаць у міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства.

— Зусім хутка вы як удзельнікі нацыянальнай зборнай прымеце ўдзел у 44-м чэмпіянаце WorldSkills, дзе будуць спаборнічаць 1200 канкурсантаў з 77 краін свету, — адзначыў віцэ-прэм’ер. — Гэта своеасаблівыя алімпійскія гульні рабочых рэсурсаў, якія праводзяцца з мэтай папулярызацыі і прэстыжу рабочых прафесій, уда-сканалення прафесійнага майстэрства. Удзел у такіх прэстыжных форумах — гэта магчымасць абмену вопытам, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва з іншымі краінамі, незабыўныя сустрэчы і, безумоўна, вялікая адказнасць. Але я ўпэўнены, што Дзяржаўны сцяг — сімвал Рэспублікі Беларусь — будзе ў надзейных руках маладых прафесіяналаў і прыдасць вам сілы і волю да перамогі і да дасягнення высокіх вынікаў.

Вы як лепшыя прадстаўнікі прафесійнай эліты ўнесяце свой пачэсны ўклад ва ўмацаванне пазітыўнага стаўлення да прафесійнай адукацыі ў маладога пакалення нашай краіны.

Васіль Іванавіч перадаў Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь капітану нацыянальнай зборнай Дзмітрыю Пісараву.

У час сустрэчы сваімі ўражаннямі ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах пад эгідай WorldSkills падзяліліся майстар вытворчага навучання Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці Вольга Закрэўская, эксперт каманды загадчык кафедры тэхналогіі і дызайну вырабаў з драўніны БДТУ С.В.Шэцька, іншыя ўдзельнікі нацыянальнай зборнай. Свае пажаданні ў адрас беларускай каманды выказалі прадстаўнікі генеральнага партнёра нацыянальнай зборнай WorldSkills Belarus Пріорбанка, БРСМ і іншыя ўдзельнікі сустрэчы.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.