Дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям Беларусі

- 9:31Актуально, Апошнія запісы

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па даручэнні кіраўніка дзяржавы 1 лістапада ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны.

У спісе ўзнагароджаных — 94 чалавекі. Гэта работнікі будаўнічай галіны, прамысловасці, падатковых органаў, аховы здароўя, сродкаў масавай інфармацыі, адукацыі, навукі і культуры. Яны ўдастоены ўзнагарод за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, высокі прафесіяналізм.

Сярод узнагароджаных — шмат медыцынскіх работнікаў. Адзначаючы іх дасягненні, Андрэй Кабякоў звярнуў увагу на тое, што ўпершыню за апошнія 20 гадоў у Беларусі нараджальнасць перавысіла смяротнасць. “Гэта стала магчымым дзякуючы комплексным паслядоўным мерам дзяржаўнай палітыкі, — падкрэсліў ён. — Натуральны прырост толькі за 9 месяцаў бягучага года назіраецца адразу ў 85 са 113 гарадоў, а таксама ў кожным трэцім пасёлку гарадскога тыпу. За гэтыя ж 9 месяцаў у краіне нарадзіліся амаль 90 тысяч маленькіх беларусаў. Гэта на паўтысячы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Прычым большасць з іх — другія і наступныя дзеці”.

Дзяржава ўдзяляе ўсебаковую ўвагу пытанням стварэння спрыяльных умоў для нараджэння і выхавання дзяцей. Так, з 2007 года ў Беларусі рэалізоўваецца ўжо трэцяя праграма дэмаграфічнай бяспекі. “Дзейнічае разгалінаваная сістэма дзярждапамог — сістэма стабільная і эфектыўная. Яна сёння ахоплівае адразу 11 відаў дапамог, якія атрымлівае кожнае трэцяе дзіця, — нагадаў прэм’ер-міністр. — З сённяшняга дня павялічыліся дапамогі, што выплачваюцца бацькам, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў”.

Прэм’ер-міністр таксама адзначыў дасягненні работнікаў сферы культуры. Асаблівую важнасць іх заслугі маюць у Год культуры. “Дзякуючы прафесійнаму майстэрству артыстаў, на сцэнах лепшых тэатраў краіны створаны запамінальныя вобразы герояў, якія палюбілі і дзеці, і дарослыя. Многія спектаклі, дзе задзейнічаны артысты, атрымалі спецыяльныя прызы і прэміі на прэстыжных тэатральных фестывалях”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Падзякі кіраўніка дзяржавы атрымалі і трэнеры за шматгадовую плённую працу па развіцці і папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, падрыхтоўку спартсменаў высокага класа. “Вы ўнеслі значны ўклад у выхаванне і падрыхтоўку плеяды спартсменаў, якія сталі чэмпіёнамі і прызёрамі Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў і першынстваў Беларусі, Еўропы і свету, — адзначыў прэм’ер-міністр. — Чакаем, што, дзякуючы вашым намаганням, нашы спартсмены дастойна выступяць на Еўрагульнях-2019, якія пройдуць у Беларусі. Такія буйныя спаборніцтвы, што ўключаюць у сябе больш за дзесяць відаў спорту, пройдуць у нашай краіне ўпершыню. Мы прыкладзём усе намаганні і магчымасці для правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў на самым высокім узроўні. Асаблівую значнасць будзе мець спартыўны форум, які адбудзецца ў 2019 годзе, і таму, што Еўрагульні пройдуць за год да летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа і стануць для многіх атлетаў пропускам на галоўныя старты чатырохгоддзя”.

Андрэй Кабякоў выказаў удзячнасць узнагароджаным за прафесіяналізм і працавітасць.

Па матэрыялах БелТА.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.