Дзяржузнагароды ўручаны за працу на карысць Радзімы

- 10:33Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па даручэнні кіраўніка дзяржавы ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны.

У спісе ўзнагароджаных 95 чалавек. Гэта вучоныя, сацыяльныя работнікі, урачы, выкладчыкі, работнікі прамысловасці, лясной галіны, аграрыі, будаўнікі, нафтавікі, прадстаўнікі падатковых органаў, дзяржаўныя служачыя, творчая інтэлігенцыя. Яны ўдастоены высокіх узнагарод за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, высокі прафесіяналізм.

Сярод узнагароджаных — вялікая група медыцынскіх работнікаў. Андрэй Кабякоў адзначыў, што цяпер у ахове здароўя краіны выкарыстоўваюцца лепшыя дасягненні сусветнай і айчыннай медыцыны. “Апошнія гады айчынная ахова здароўя значна рушыла наперад, па якасці аказання медыцынскіх паслуг Беларусь выходзіць на перадавыя пазіцыі ў свеце. У краіне выбудавана дакладная сістэма аказання меддапамогі на ўсіх узроўнях”, — падкрэсліў ён.

Прэм’ер-міністр звярнуў увагу, што асаблівых поспехаў краіна дасягнула ў галіне аховы здароўя маці і дзіцяці. “Сёння ў краіне нараджальнасць перавышае смяротнасць. Патэнцыял айчыннай медыцыны значны. І цяпер пастаўлена задача выкарыстоўваць яго ў поўнай меры. Неабходна нарошчваць аб’ёмы экспарту медыцынскіх паслуг”, — заявіў Андрэй Кабякоў і нагадаў, што толькі ў бягучым годзе перад галіной стаіць задача атрымаць не менш як $40 млн ад экспарту сваіх паслуг.

Высокія ўзнагароды атрымалі і прадстаўнікі сферы адукацыі — педагогі і кіраўнікі ўстаноў розных узроўняў. “Яны ўнеслі значны ўклад у развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў і выхаванне моладзі, павышэнне якасці навучання за кошт укаранення ў практыку сучаснага метадычнага забеспячэння і выкарыстанне новых адукацыйных тэхналогій. Разам з тым прэзідэнт паставіў дакладныя задачы, якія неабходна вырашыць у найбліжэйшы час. У першую чаргу гэта ўзмацненне сістэмы прафарыентацыі ў нашай адукацыі. Немалаважным застаецца і пытанне павышэння якасці падручнікаў”, — растлумачыў Андрэй Кабякоў.

Падзякі прэзідэнта за актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны былі ўручаны групе работнікаў прафсаюзаў. “Вашы ініцыятывы і прапановы маюць канструктыўны характар і адпавядаюць духу часу. Узяць, напрыклад, прапанову аб узмацненні абароны правоў асоб, якія працуюць па кантракце, і заканадаўчае ўзмацненне адказнасці наймальніка за выкананне абавязацельстваў перад работнікамі. Актыўна абмяркоўваецца ініцыятыва прафсаюзаў і па пытанні аб скарачэнні страхавога стажу для мнагадзетных маці і былых ваенных”, — звярнуўся да прадстаўнікоў прафсаюзаў прэм’ер-міністр.

Высокія ўзнагароды атрымалі і работнікі будаўнічай галіны. “Для захавання тэмпаў жыллёвага будаўніцтва, у тым ліку з дзяржпадтрымкай, урад працягвае работу над вырашэннем шэрага пытанняў. Сярод іх — уключэнне ў жыллёвае будаўніцтва крэдытных рэсурсаў усіх камерцыйных банкаў краіны, а таксама паступовае зніжэнне ўзроўню працэнтных ставак па банкаўскіх крэдытах, якія будуць прадастаўляцца на агульных умовах”, — акцэнтаваў увагу Андрэй Кабякоў.

Сярод узнагароджаных таксама група дарожных рабочых, дзякуючы намаганням якіх у краіне актыўна ідзе рэканструкцыя аўтадарог, работнікі Магілёўскага завода ліфтавага машынабудавання.

За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны ўклад у патрыятычнае выхаванне і падрыхтоўку моладзі да воінскай службы і працоўнай дзейнасці работнікам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь” таксама былі ўручаны падзякі прэзідэнта.

Заслужаныя ўзнагароды былі ўручаны прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, спартсменам, дзяржслужачым.

Прэм’ер-міністр сардэчна павіншаваў усіх узнагароджаных і адзначыў, што тое, што сённяшняя цырымонія праходзіць напярэдадні Дня Перамогі, вельмі сімвалічна. “Таму завяршыць сваё выступленне хацеў бы словамі маршала СССР Георгія Жукава: “Час не мае ўлады над веліччу ўсяго, што мы перажылі ў вайну, а народ, які перажыў аднойчы вялікія выпрабаванні, будзе і далей чэрпаць сілы ў гэтай перамозе”, — рэзюмаваў кіраўнік урада.

Фота Аксаны МАНЧУК,
БелТА.