Дзённік універсіяды: агонь запалены!

- 11:18Актуально
Сёння ў Казані адбылася цырымонія адкрыцця XXVII Сусветнай летняй універсіяды, на якой прысутнічаў прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. “Адлюстраванне” — так назвалі яе арганізатары. За некалькі гадзін перад гледачамі і ўдзельнікамі сусветных  студэнцкіх спаборніцтваў пранеслася гісторыя Расіі. 45 тысяч чалавек сталі не толькі сведкамі грандыёзнага шоу, але і яго непасрэднымі ўдзельнікамі. Спецыяльны падарунак чакаў кожнага, хто прыйшоў на стадыён “Казань-арэна”: белыя рукзакі з наборам “інструментаў”, якія дапамагалі стварыць атмасферу незабыўнай казкі.

Пачалася цырымонія адкрыцця з шэсця народаў Расіі, якое ўяўляла сабой тэатралізаваныя містэрыі. Яркія вобразы, міфы і легенды больш чым 180 народнасцей, што насяляюць тэрыторыю сучаснай краіны, уразілі гледачоў сімвалічнасцю і непаўторнасцю. Галоўны герой шоу — чалавек. А шэсце народаў Расіі стала яе адлюстраваннем, тварам, які складаецца з сотняў фрагментаў.
Зразумела, што не абышлі ўвагай стваральнікі шоу і гісторыю самой Казані. Згодна з легендай пра яе заснаванне, межы горада ахоўвае крылаты дракон Зілат, выява якога ўпрыгожвае герб і сцяг Казані. Атмасфера старажытнага горада была перададзена ў фарбах золата. Нацыянальны арнамент, залатыя россыпы і казанскі крэмль — менавіта такой запомніцца сталіца Татарстана тысячам гасцей з усяго свету.
Што аб’ядноўвае людзей у шматнацыянальнай краіне, якія размаўляюць на розных мовах і тэрытарыяльна раздзелены сотнямі кіламетраў? Ну вядома ж, дзіцячыя казкі. Яны ажылі на сцэне “Казань-арэны”, пакінуўшы прыемны шлейф таямніцы. Тут у самым прамым сэнсе слова ажывалі старонкі кніг. “Жар-Птушка”, “Іван-Царэвіч і шэры воўк”, “Казка пра мёртвую царэўну і сем волатаў”…
“Усе мы расцём у свеце казак і фантазій, з дзяцінства ведаючы, што такое добра і што такое дрэнна, і гэтае веданне адзінае для ўсіх. Мы трацім цэлае жыццё на тое, каб стварыць гармонію нашай рэальнасці і ўнутранага свету” — галоўная ідэя гэтай часткі паказу.
Маштабныя сцэны ілюстравалі гісторыю расійскай навукі. Гледачы маглі ўбачыць увасабленне паравоза Чарапанавых, шлюпа “Усход”, самалёта Мажайскага.
Росквіт рускага мастацтва ў XIX стагоддзі, знакамітыя на ўвесь свет імёны класікаў літаратуры. І вось ужо перад гледачамі ажываюць героі Пушкіна, Гогаля, Дастаеўскага. Неспакойныя часы рэвалюцыі. Першыя трывожныя акорды палацавых вальсаў, якія хутка становяцца ўсё больш гучнымі. Вайна. Звон тысяч званочкаў разнёсся па ўсім стадыёне ў гонар тых, дзякуючы каму гісторыя павярнула свой ход у мірнае рэчышча.

Гагарын — імя, якое ведаюць далёка за межамі Расіі. Першы палёт чалавека ў космас адбыўся прама на сцэне, уражваючы сваёй магутнасцю і ігрой колераў.
Дваццатае стагоддзе за плячыма. Што гэта было? Важная старонка сусветнай гісторыі, час вялікіх змен. Арганізатары шоу падкрэсліваюць, што азіраліся назад без папрокаў. Гісторыя — поўны драматызму спектакль.
Апошняй часткай шоу, зразумела ж, стала будучыня з яе інфармацыйнымі тэхналогіямі, з новай свядомасцю. Галоўная ідэя ў тым, што сёння зямля стала маленькай, а людзі блізкімі, як ніколі. Інтэрнэт сцірае межы і дазваляе ўсім быць разам.
Падрабязнасці цырымоніі адкрыцця да апошняга моманту трымаліся ў сакрэце. Яе галоўны рэжысёр — член Акадэміі Расійскага тэлебачання і ўладальнік прэміі “ТЭФІ” Аляксей Сечанаў. Галоўны балетмайстар цырымоніі — харэограф многіх расійскіх тэлевізійных шоу Жанна Шмакава.
Аднымі з галоўных удзельнікаў шоу сталі прадстаўнікі казанскіх танцавальных калектываў. Доўгія рэпетыцыі дапамаглі ім падарыць гасцям універсіяды паказ, які ўжо называюць гістарычным. Унікальная цэнтральная сцэна “Казань-арэны” ўразіла сваёй мабільнасцю. Дарэчы, агульная вага металаканструкцый для сцэны склала 470 тон. А ў мантажы дэкарацый прынялі ўдзел больш за 400 чалавек.
Частка цырымоніі праходзіла ў фармаце 3D, падчас якой гледачы выкарыстоўвалі спецыяльна падрыхтаваныя 3D-акуляры. Ілюмінацыю падчас асобных сцэн цырымоніі стваралі самі госці стадыёна. Валанцёры, каманда якіх працавала непасрэдна на трыбунах, дапамагалі ўсім прысутным скарыстацца ліхтарыкамі. Усяго ў правядзенні шоу было задзейнічана больш за 4 тысячы чалавек. Больш як 5 тысяч працавалі над цырымоніяй у ходзе яе падрыхтоўкі. На стадыёне было ўстаноўлена больш за 2 тысячы светлавых прыбораў.
Традыцыйнай часткай цырымоніі стала шэсце спартыўных дэлегацый. 166 каманд прайшлі круг гонару. І кожная з іх была адметнай сваім нацыянальным каларытам. Усе, пачынаючы ад самых буйных дэлегацый, такіх як каманды ЗША, Расіі, Бразіліі, Аўстраліі, Кітая да самых маленькіх, якія складаліся толькі з аднаго чалавека, шчырымі прывітаннямі сустракалі казанцы і госці горада.

Трэба адзначыць, што каманду Беларусі сустракалі ў Казані з асаблівай цеплынёй. Трыбуны выбухнулі апладысментамі, калі на круг гонару вышлі нашы спартсмены. Дарэчы, з няменшай сімпатыяй сустракалі і каманду Уругвая, якая выйшла на стадыён з транспарантам “Дзякуй, Казань! Уругвай любіць цябе!”. Мексіканцы ў традыцыйных самбрэра, прадстаўнікі Шры-Ланкі, якія ўзялі за аснову сваёй формы класічны еўрапейскі дзелавы касцюм і дабавілі нацыянальныя элементы ў жаночыя спадніцы, спартсмены Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у кашулях-гандурах і хустках-гутру… У Казані сабраўся ўвесь свет!
Салісты Марыінскага тэатра, народныя артысты Татарстана суправаджалі цырымонію бліскучым вакалам. Узняў дух тысяч гледачоў знакаміты спявак Дзмітрый Хварастоўскі. І нават расійскія касманаўты перадалі прывітанне ўдзельнікам і гасцям універсіяды.
Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін выказаў словы прывітання ўсім ад імя гасціннай Расіі.
“Казань — адзін з самых прыгожых гарадоў нашай вялікай шматнацыянальнай краіны, — адзначыў ён. — Сёння тут сабраліся маладыя паспяховыя спартсмены. Сябры, вы прадстаўляеце розныя краіны і кантыненты. Але ў гэтыя хвіліны вас аб’яднала сусветная летняя ўніверсіяда, маштаб якой можна смела параўнаць з Алімпійскімі гульнямі. Мы зрабілі ўсё магчымае, каб удзельнікі гэтага свята адчувалі сябе, як дома, і маглі прадэманстраваць высокія вынікі, вытрымаць напружанне спаборніцтваў і складаную барацьбу. Зразумела, што перамога дастанецца мацнейшым, але атмасфера, сам дух універсіяды назаўсёды застануцца з вамі. Усіх вас аб’ядноўвае любоў да спорту, яго высокія ідэалы, надзея на поспех. У гэтыя ўрачыстыя хвіліны вашы сэрцы б’юцца ва ўнісон, вы разам плячом да пляча і аб’яднаны агульнымі пачуццямі і агульнымі ідэямі. Жадаю ўсім вам пераадолець сябе, дабіцца новых асабістых рэкордаў! Няхай гэтыя хвіліны барацьбы і трыумфу будуць яркімі і запамінальнымі! І няхай яны застануцца з вамі на ўсё жыццё!”
Агонь універсіяды-2013 будзе гарэць над чашай стадыёна “Казань-арэна” яшчэ два тыдні. 17 ліпеня спартменаў і гасцей універсіяды чакае не менш грандыёзная цырымонія закрыцця студэнцкіх спартыўных гульняў.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота аўтара.