Эфектыўную сістэму работы па экалагічным выхаванні дзяцей наладзілі ў Ходасаўскай сярэдняй школе

- 14:46Образование

Ходасаўскую сярэднюю школу Мсціслаўскага раёна звязвае шматгадовае плённае супрацоўніцтва з мясцовым лясгасам. Сумесна са спецыялістамі лясной гаспадаркі педагогі стварылі эфектыўную сістэму работы па экалагічным выхаванні навучэнцаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Адукацыйны працэс імкнёмся выбудоўваць на прынцыпах устойлівага развіцця. Фарміраванню экалагічнай культуры вучняў удзяляем прыярытэтную ўвагу. У сучасных рэаліях вельмі важна, каб дзеці разумелі значнасць беражлівых адносін да прыроды роднага краю, мелі навыкі рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, — расказала дырэктар школы Кацярына Барысенка.

Паводле яе слоў, ужо з пачатковых класаў педагогі право­дзяць для дзяцей тэматычныя заняткі і пазакласныя мерапрыемствы. Вучні сярэдняга і старшага звяна актыўна прыцягваюцца да карысных практычных спраў ва ўзае­ма­дзеянні з Горацкім лясгасам.

— Летась у нас адкрылася першае ў раёне школьнае лясніцтва. Гэта вывела супрацоўніц­тва на новы ўзровень. Дзеці з энтузіязмам удзельнічаюць у акцыях, займаюцца інфармацыйнай асветай насельніцтва аграгарадка. Вучні таксама сочаць за чысцінёй лясных масіваў і вадаёмаў, дапамагаюць аднаўляць лясы і нават самі вырошчваюць саджанцы дрэў з насення, — расказала Кацярына Віктараўна.

Летась збор насення падштурхнуў школьнікаў на незвычайны даследчы праект. Пад куратарствам педагогаў яны вырашылі поўнасцю самастойна змяніць адзін з участкаў на прышкольнай тэрыторыі.

— Падрабязна вывучылі варыянты вырошчвання хвойных раслін. Вырасцілі маладыя ялінкі і туі. Патроху пачынаем іх высадку. У планах — дапоўніць дрэвы кветкавымі насаджэннямі. Мы ўжо распрацавалі адпаведны ландшафтны дызайн. Гэтая работа была адзначана пераможным дыпломам на конкурсе “Квітней, мой лес”. У будучыні думаем вырошчваць елкі ў кадках для наступнай рэалізацыі, — патлумачыла настаўніца працоўнага навучання Іна Сазановіч.

У бізнес-праект у навучальнай установе плануюць ператварыць і невялікую пакуль плантацыю буякоў. Высадка карыснай ягады адбылася на школьным агародзе ў маі.

— Пакуль у нас дваццаць кустоў. Але дзякуючы дапамозе спецыялістаў лясгаса і выкананню ўсіх тэхналогій догляду, буякі добра прыжыліся. У наступным годзе разлічваем істотна павялічыць іх колькасць, — адзначыла Іна Міхайлаўна.

Экалагічная дзейнасць Ходасаўскай школы не застаецца не заўважанай. За ўклад у рэспубліканскую акцыю “Адновім лясы разам” педагогі і вучні былі ўзнагароджаны дыпломам і важкім грашовым сертыфікатам. Пераможныя дыпломы і каштоўныя падарункі навучэнцы атрымалі на маладзёжным медыяфестывалі па ўстойлівым развіцці і конкурсе дзіцячых навукова-даследчых праектаў эколага-біялагічнай тэматыкі.

У перыяд летніх канікул дзеці тут не перастаюць дапамагаць лясгасу. Штогод у школе арганізуюць лагер працы і адпачынку з экалагічнай накіраванасцю. Старшакласнікі працуюць на праполцы саджанцаў дрэў у лесагадавальніку.

— Жадаючых трапіць у лагер заўсёды шмат. Сёлета для задавальнення запыту кіраўніцтва лясгаса дадаткова прыняло вучняў на індывідуальную занятасць, — заўважыла дырэктар.

Летам вучні займаюцца таксама валанцёрствам. Экалагічны дэсант пільна сочыць за парадкам у лясах вакол вёскі.

— Стараемся самі адказна ставіцца да навакольнага асяроддзя і вучыць гэтаму іншых, — падзяліліся шасцікласніцы Аліна Кавалёва, Настасся Алданава і Сняжана Завадская.

Юныя лесаводы ўпэўнены, што зберагчы прыгажосць беларускай прыроды можна толькі праз свядомасць кожнага чалавека.

 Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара