Як захаваць гісторыю школы і цікава арганізаваць пазаўрочны час, ці дапамагае штучны інтэлект у вучэбным працэсе і якім чынам правесці перапынак на карысць здароўю — пра гэтае і многае іншае даведаліся журналісты “Настаўніцкай газеты” падчас двухдзённага прэс-туру ў Глускі раён і Бабруйск.
Ад “арт-крох” да рэканструктараў
Ці супадаюць запыты сучасных дзяцей і магчымасці педагогаў у арганізацыі пазаўрочнай дзейнасці ва ўстановах Глуска?

Першая ўстанова, якая ветліва сустрэла прадстаўнікоў выдання, — гімназія Глуска. Яна славіцца разнастайнымі аб’яднаннямі па інтарэсах, факультатывамі і спартыўнымі секцыямі. Усе яны накіраваны на развіццё творчых, інтэлектуальных і фізічных здольнасцей навучэнцаў.
— Мы выхоўваем адукаванага, кампетэнтнага, актыўнага, здольнага да самарэалізацыі чалавека, прытрымліваючыся педагагічных прынцыпаў даверу, павагі і супрацоўніцтва, — падкрэсліў дырэктар установы Сяргей Сяргееў.
У фае гімназіі была створана імправізаваная майстэрня творчага аб’яднання “АРТ-Кроха”, якое працуе ўжо дзявяты год. Яго заснавальніца і кіраўнік — настаўніца выяўленчага мастацтва Алена Пятрова. Дзякуючы ёй мноства хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту пачалі маляваць. Сёння яны пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, удзельнікі розных выстаў краіны.
— Мая галоўная задача — захапіць дзяцей мастацтвам. Мы малюем заўсёды і ўсюды, займаемся не толькі ў школе, але і выязджаем на пленэры, арганізоўваем экскурсіі і арт-вандроўкі, — паведаміла педагог. — У маім аб’яднанні займаюцца 4 групы па 15—20 дзяцей. Аднак і іх бацькі таксама прыходзяць па суботах вучыцца маляваць, бо творчасці падуладны ўсе ўзросты.

Майстар-клас “Брэнды з беларускім акцэнтам” для журналістаў правяла настаўніца працоўнага навучання і чарчэння Аксана Грыгор’ева. Яна сапраўдны дызайнер, які мае нават уласныя брэнды — якасныя і практычныя, арыгінальныя і з тонкім густам. Усім гасцям яна падарыла зробленыя разам з выхаванкамі прыгожыя гальштукі з элементамі беларускіх арнаментаў.
Настаўніца пачатковых класаў Людміла Крук разам са сваімі вучнямі паразважала на тэму “Што такое добра і што такое дрэнна?”.

— Педагогам я працую ўжо 40 гадоў. Мая жыццёвая пазіцыя — прымаць, разумець, дапамагаць і, самае галоўнае, любіць дзяцей. Бо толькі ў такім выпадку ўдасца знайсці агульную мову з сучаснымі вучнямі, — сказала Людміла Мікалаеўна.

У сваю чаргу настаўніца англійскай мовы Наталля Клімовіч прызналася, што для яе класнае кіраўніцтва стала работай для душы:
— Я класная 6 “Б”. Самым важным лічу, каб у вучняў засталіся добрыя ўспаміны пра школьнае жыццё, а для гэтага пазаўрочныя мерапрыемствы павінны быць цікавымі і запамінальнымі. У рамках шостага дня мы праводзім і дні імянінніка, і велапрабегі па памятных мясцінах, і розныя гульні, акцыі. Думаю, менавіта нашы вандроўкі і прыгоды дзеці будуць успамінаць, стаўшы дарослымі.
— Высокі прафесіяналізм педагогаў, іх любоў да сваёй справы і вучняў дазваляюць навучэнцам дасягаць высокіх вынікаў на прадметных алімпіядах і конкурсах рознага ўзроўню. У гімназіі вучыцца больш за 430 чалавек, штогод каля 90% выпускнікоў становяцца студэнтамі ўніверсітэтаў, — акцэнтаваў увагу С.Сяргееў.

А начальнік аддзела па адукацыі Глускага райвыканкама Аляксандр Леўчанка дадаў, што яшчэ ў гімназіі вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю спорту:
— З 2022 года тут рэалізуецца праект “Мой школьны футбольны клуб” сумесна з Беларускай федэрацыяй футбола. Дзеці пачынаюць займацца футболам з 2 класа пад кіраўніцтвам настаўнікаў фізкультуры і здароўя Іны Ляпко і Мікалая Мядзведкі, якія выкарыстоўваюць міжнародную методыку навучання гэтай гульні.
У Глуску і раёне толькі шэсць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, і Аляксандр Аляксандравіч дасканала ведае кожную, а таму і сам можа расказаць усё пра ўсіх.
У глускай сярэдняй школе № 2 імя І.І.Захарэнкі захоўваюць гістарычную памяць і выхоўваюць сапраўдных патрыётаў.

— Нашы педагогі разам з вучнямі ўвесь час займаюцца даследчай і пошукавай дзейнасцю, — адзначыла дырэктар установы Алена Слічэнак. — Усім вядомы выраз “Вайну выйграў савецкі настаўнік”. І сапраўды, дзякуючы той сістэме выхавання, якая была ва ўстановах адукацыі ў даваенны і пасляваенны час, нам сёння ўдаецца захоўваць сваю дзяржаўнасць, ідэнтычнасць і нацыю.
У школе працуюць 36 высокакваліфікаваных і адданых сваёй справе педагогаў. Яны маюць багаты вопыт, пастаянна ўдасканальваюць свае навыкі і выкарыстоўваюць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі.
— Наша школа для ўсіх і кожнага! Гэты дэвіз адлюстроўвае нашу галоўную мэту — стварэнне камфортнага асяроддзя, дзе кожнае дзіця можа раскрыць свой патэнцыял. Педагогі імкнуцца знайсці індывідуальны падыход да ўсіх вучняў, улічваючы іх асаблівасці, інтарэсы і здольнасці. Мы прапануем якаснае навучанне, якое адпавядае сучасным адукацыйным стандартам, шырокі спектр пазаўрочнай дзейнасці. У школе функцыянуюць дзіцячыя і маладзёжныя грамадскія аб’яднанні БРПА і БРСМ, валанцёрскі атрад “Рукі дапамогі” і ваенна-патрыятычны клуб “Бастыён”, — дадала Алена Рыгораўна.

Установа мае выдатны музей гісторыі школы, дзе захоўваецца мноста ўнікальных экспанатаў. Нядзіўна, што школьнікі захоплены даследчай дзейнасцю. Напрыклад, дзесяцікласнік Максім Шчэрба напісаў грунтоўную навуковую работу пра сваю прабабулю, якая ў дзяцінстве трапіла ў нямецкі палон. А браты Міхаіл і Яўген Тычына з’яўляюцца самымі маладымі рэканструктарамі Беларусі. Яны рэгулярна ўдзельнічаюць ва ўзнаўленні ваенных падзей, прычым Міша нават мае нагрудны знак “Юны абаронца Айчыны”. Больш падрабязна пра сённяшніх герояў мы яшчэ раскажам.
Тэрыторыя здароўя без гаджэтаў
Скончылася падарожжа па Глушчыне ў самай вялікай з трох сельскіх школ раёна — Заеліцкай сярэдняй школе, якую наведваюць 91 вучань і 20 дашкалят. Тут мы даведаліся, чым у ходзе рэалізацыі праекта “Школа — тэрыторыя здароўя” педагогі займаюць сваіх падапечных паміж урокамі.

— Тэрыторыяй, свабоднай ад мабільных тэлефонаў, школа стала не ў верасні гэтага года, а значна раней. Ужо другі год запар нашы навучэнцы выдатна абыходзяцца без сваіх гаджэтаў на працягу ўсяго вучэбнага дня. Практычна ўсе перапынкі ў нас рухавыя, — расказвае дырэктар Дзмітрый Махуноў, які ў свае 28 гадоў з’яўляецца адным з самых маладых кіраўнікоў у вобласці.
У пацвярджэнне сказанага, як толькі празвінеў званок з урока, фае двух паверхаў адразу напоўніліся дзецьмі. На першым, дзе займаюцца навучэнцы малодшых класаў, некалькі дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак, разбіўшыся на групы па інтарэсах, захапіліся рухавымі гульнямі.

— Нашы дынамічныя перапынкі дазваляюць дзецям актыўна парухацца, зняць разумовае напружанне, пераключыцца з аднаго віду дзейнасці на іншы, што вядзе да паляпшэння іх працаздольнасці, — адзначае настаўніца пачатковых класаў Юлія Рапіна. — Дзеці бегаюць, скачуць, асвойваюць у гульнявой форме нейрапрактыкаванні, гуляюць у шашкі, тэніс. Комплекс рухавых забаў для малодшых школьнікаў мы назвалі “Рознакаляровы перапынак”, складаецца ён з шасці актыўнасцей. Адна з гульняў, якая падабаецца ўсім, — гэта добра вядомыя не аднаму пакаленню дзяцей “Класікі”. Нейратрэнажор “Змейка” дапамагае трэніраваць каардынацыю рухаў, буйную маторыку, увагу і пераключальнасць паміж заданнямі.

Яшчэ адна ўпадабаная дзецьмі забава — гульня ў шашкі, якія, дарэчы, школьнікі зрабілі сваімі рукамі на ўроках працы з драўляных спілаў. У іх гуляюць і вучні пачатковай школы, і старшакласнікі, развіваючы логіку і ўседлівасць, а таксама стратэгічнае мысленне.
Два віды рухавай дзейнасці, у якой разам са школьнікамі ўдзельнічаюць і настаўнікі, — гэта настольны тэніс і танцавальная размінка, калі перад маніторам і дзеці, і дарослыя выконваюць няхітрыя рытмічныя рухі пад энергічную музыку.

Знаёмства з асаблівасцямі сістэмы адукацыі Бабруйска пачалося ў гарадской гімназіі № 1. Тут дзейнічаюць шэсць профільных класаў, два з якіх інжынернай накіраванасці. Іх вучні на паглыбленым узроўні вывучаюць фізіку і матэматыку, паспяхова працуюць з праграмамі 3D-мадэлявання, трохвымернай графікі і анімацыі. Астатнія старшакласнікі ў гімназіі на павышаным узроўні вывучаюць хімію, біялогію, замежныя мовы і грамадазнаўства.

— Наш вопыт паказвае, што эфектыўная прафарыентацыя пачынаецца задоўга да выпускнога класа. У пачатковых класах праводзяцца заняткі, накіраваныя на выяўленне інтарэсаў дзяцей, знаёмства з рознымі сферамі дзейнасці. Адкрыты LEGO-класы, ёсць дадатковыя заняткі па праграмаванні: ROBOКОД, Scrach, “Новыя гарызонты”. Дзеці займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “Дзіўныя эксперыменты”, — знаёміць з дзейнасцю ўстановы дырэктар гімназіі Ганна Шаціла.
Навучэнцы профільных класаў актыўна наведваюць спецыяльна для іх арганізаваныя заняткі ў БНТУ, БРУ, БДМУ, МДУ імя А.А.Куляшова. Сустрэчы з кіраўнікамі буйных прадпрыемстваў — патэнцыяльнымі заказчыкамі кадраў і прадстаўнікамі розных прафесій — дазваляюць гімназістам лепш спасцігнуць спецыфіку той ці іншай сферы.

— З гімназіяй № 1 супрацоўнічаем больш за 5 гадоў, таму старшакласнікі — частыя госці на нашым прадпрыемстве, — гаворыць дырэктар ААТ “Бабруйсксельмаш” Андрэй Бандарчук. — Мы паказваем ім новае абсталяванне, расказваем, як працуюць сучасныя станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, знаёмім з праграмамі, 3D-чарцяжамі, якімі цяпер можна карыстацца пры распрацоўцы машын. Я часта паўтараю дзецям, што не абавязкова нацэльвацца выключна на вышэйшую ўстанову адукацыі, можна паступіць у каледж, а потым працягнуць навучанне ва УВА, як некалі зрабіў я. Заўсёды запрашаем да сябе па мэтавыя накіраванні.
У інавацыйным фармаце
Педагогі Бабруйска прэзентавалі эфектыўныя распрацоўкі для павышэння якасці адукацыі. Калектывы навучальных устаноў горада наглядна паказалі, што працуюць у бесперапынным рэжыме развіцця.
— Нашы педагогі пастаянна знаходзяцца ў прафесійным пошуку, імкнуцца ісці ў нагу з часам. У вучэбны працэс укараняюцца інавацыйныя падыходы, перадавыя методыкі і тэхналогіі, — паведаміла начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца.
Вопыт выкарыстання штучнага інтэлекту прадставілі журналістам настаўнікі гарадской гімназіі № 3. Тут змаглі зрабіць нейрасеткі лічбавымі памочнікамі. Іх педагогі шырока прымяняюць пры стварэнні разнастайных дыдактычных матэрыялаў, накіраваных на фарміраванне функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў, а таксама ў выхаванні дзяцей, узаемадзеянні з бацькамі, адміністрацыйнай дзейнасці.

— Гімназія — найстарэйшая ўстанова адукацыі ў горадзе. Сёлета святкуем 120-годдзе. За багатай гісторыяй стаяць свае традыцыі, але мы не спыняемся на дасягнутым, развіваемся, крочым наперад. Увесь калектыў працуе ў інавацыйным фармаце. Тон калегам задаюць настаўнікі-метадысты. У нас іх чатыры, — расказала дырэктар Варвара Архіпенка.

У ходзе прэс-туру ва ўстанове правялі своеасаблівы промт-батл. Педагогі генерыравалі заданні, праводзілі экспертызу і аналіз метадычных рашэнняў, афармлялі банк гатовых лічбавых інструментаў. Канкрэтныя практычныя прыклады ўкаранення штучнага інтэлекту ў структуру ўрока паказала настаўніца пачатковых класаў Вікторыя Грамыка. Варыянтамі выкарыстання нейрасетак у выхаваўчай рабоце з дзецьмі падзялілася настаўніца англійскай мовы Алена Саўкова.
Сапраўдны калейдаскоп творчых ідэй прадэманстраваў таксама калектыў 34-й бабруйскай школы. Яркую выставу педагагічных знаходак арганізавала настаўніца фізікі Святлана Здаранкова. Педагог выбудавала ўласную стратэгію актыўнага навучання. Цікавасць вучняў да прадмета яна фарміруе праз выкарыстанне метаду праектаў, смартфоніку, элементы гейміфікацыі.

— Часта з вучнямі на занятках працуем з канструктарамі. Самастойна зрабіла віртуальны кабінет астраноміі, анлайн-рэсурс “ПраПраект”. Для фарміравання камунікатыўных навыкаў вучняў праводжу дэбаты, работу ў парах і групах. Вялікую ўвагу ўдзяляю папулярызацыі фізікі. Ладжу навуковыя пяціхвілінкі, дні навукі, конкурс “Кніга рэкордаў”, адукацыйныя міждысцыплінарныя змены, вяду азнаямленчы курс для пачатковых класаў і школу юных інжынераў для навучэнцаў сярэдняга звяна, — адзначыла педагог.
Адметна, што Святлана Здаранкова з’яўляецца лаўрэатам заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2023”. Педагогі сярэдняй школы № 34 рэгулярна прымаюць удзел у конкурсным руху, мэтанакіравана займаюцца ўдасканаленнем прафесійнага майстэрства.

— Школа новая, была пабудавана ўсяго сем гадоў назад. За гэты кароткі тэрмін агульнымі намаганнямі мы змаглі ператварыць установу ў тэрыторыю магчымасцей. Стварылі прастору, дзе кожны педагог адчувае: яго шлях важны, яго голас чутны, яго ўклад каштоўны. Гэта найлепшым чынам стымулюе настаўнікаў да прафесійнага росту, — падкрэсліла дырэктар Ірына Матузава.
Да выступленняў на конкурсах і фестывалях педагогаў у школе рыхтуюць комплексна і адрасна. У гэтым кірунку тут рэалізоўваюць аўтарскую дарожную карту, якая паступальна вядзе настаўнікаў да раскрыцця прафесійнага і асобаснага патэнцыялу.
Вольга АНТОНЕНКАВА, Марына КУНЯЎСКАЯ, Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





