Эканомія ў дзеянні

- 11:11Дашкольная адукацыя

Вельмі важна з ранняга дзяцінства вучыць майстэрству разумнага і рацыянальнага энергаспажывання, выхоўваць у дзяцей патрэбу актыўна ўдзельнічаць у збераганні энергіі, а таксама прыцягваць увагу бацькоў да праблем расходавання і эканоміі энергарэсурсаў, аховы навакольнага асяроддзя.

Работу па выхаванні ў дашкольнікаў навыкаў рацыянальнага і эканомнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў мы ўяўляем як сістэму, якая ўключае маральна-каштоўнасную арыентацыю выхаванцаў у працэсе авалодання эканамічнымі ведамі і ўменнямі. У групе створана прадметна-развіццёвае асяроддзе, дзе сабраны наглядна-ілюстрацыйны матэрыял, які дапамагае выхаванцам лепш асвоіць эканамічныя паняцці: картасхема прыходу вады ў дом, макет горада “Як электрычнасць у дом прыйшла”, шырмы “Падарожжа Капа і Кропелькі”, “Чароўны агеньчык”, лабірынты “Знайдзі нявыключаны прыбор”, “Эканом электраэнергію”, альбом “Прыроднае багацце Беларусі”.

Работу па выхаванні рацыянальнага і эканомнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў са старэйшымі дашкольнікамі ў нашай групе мы ажыццяўляем у адпаведнасці з распрацаваным перспектыўным планам, які змяшчае раздзелы “Чалавек і прыродныя рэсурсы”, “Электрычнасць”, “Вада”, “Цяпло”. Падчас рэалізацыі гэтага плана былі распрацаваны канспекты тэматычных заняткаў, падабраны дыдактычныя гульні.

Эканамічнае выхаванне адбываецца пераважна ў гульнявой форме. Такую магчымасць нам даюць сюжэтна-ролевыя гульні (“Сям’я”, “Дзіцячы сад”, “Фірма”, “Калгас”), тэматычныя заняткі (“Урокі Берагошы”, “Праменьчык”, “Кропелька”, “Водны свет Энергазнайкі”, “Урокі Гнома Эканома”, “Што такое цяпло?”, “Абагравальныя прыборы”), тэматычны вольны час разам з бацькамі (“Смяецца кропелька адна”, “Ведайце, Каці і Алёшы, нашы дзеці — берагошы”, “І свеціць, і грэе”).

На занятках мы ў гульнявой форме вучым дзяцей быць сапраўднымі гаспадарамі сваёй краіны. Вучым беражліва і эканомна выкарыстоўваць усё, што дае нам прырода, дзяржава. Даём уяўленні пра тое, што, эканомячы ваду, электраэнергію, газ, кожны з нас эканоміць працу многіх людзей, памнажае багацце нашай радзімы, умацоўвае яе энергетычную і эканамічную бяспеку.

Веды па эканоміцы дашкольнікі атрымліваюць таксама і ў іншых відах дзейнасці: гутаркі, праца, доследы і самыя простыя эксперыменты, назіранні, экскурсіі, работа з кнігай, энцыклапедыяй; выкарыстанне ў свабоднай дзейнасці дашкольнікаў элементаў, накіраваных на выхаванне навыкаў эканомных і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, а таксама аналіз у штодзённым жыцці тых ці іншых учынкаў выхаванцаў, падчас якіх удакладняюцца іх уяўленні пра дабрыню, справядлівасць, беражлівасць, набываецца станоўчы вопыт паводзін у дашкольнай установе і дома.

Арганізоўваючы работу па фарміраванні ў старэйшых дашкольнікаў карысных навыкаў і звычак, мы выкарыстоўваем усе магчымасці, звязаныя з выхаваннем культуры паводзін у побыце і агульнай выхаванасцю: выключыць святло, калі выходзіш з памяшкання (выкарыстанне схемы ўключанай і выключанай лямпачкі), не рабіць вялікі напор вады пры ўмыванні, шчыльна зачыняць дзверы ў памяшканне і г.д. Вялікую ролю адводзім чытанню мастацкай літаратуры, што істотна пашырае кругагляд дзяцей. Так, у групе падабраны бібліятэчкі маленькага Эканома, дзе змешчаны казкі на эканамічныя тэмы, а таксама фальклор аб працы, прафесіях, чалавечых якасцях (“Урокі Берагошы”, “Дашкольнікам — пра эканоміку”, “Што было да…”, “Фядорына гора”, “Муха-цакатуха”, “Тры парсючкі”, “Хаўрошачка”, казкі ў вершах “Чароўны пярсцёнак”, “Тры капейкі на пакупкі” Ш.Галіева, творы С.Маршака і С.Міхалкова, казкі “Чырвоная Шапачка”, “Кот у ботах”, “Дзюймовачка”, “Кошчын дом”, “Марозка”, “Пра рыбака і рыбку” і г.д., прыказкі, прымаўкі, задачы і загадкі эканамічнага характару).

Дашкольнікі любяць маляваць, ляпіць, выразаць і наклейваць, канструяваць, атрымліваючы пры гэтым магчымасць перадаць тое, што іх усхвалявала, што выклікала ў іх цікавасць, выказаць свае адносіны падчас самастойнай мастацкай творчай дзейнасці да значных сацыяльных сітуацый у жыцці дзяцей і дарослых. Напрыклад, пасля таго як дзеці даведаліся, як і дзе выпрацоўваецца электрычны ток, як ён паступае ў дамы, ім прапанавалі прымяніць свае веды, уражанні ў канструктыўнай дзейнасці — стварыць макет вуліцы і паказаць паступленне току ў дом і ўстановы. Падчас канструявання дзецьмі выкарыстоўваўся як драўляны будаўнічы, так і непрыдатны матэрыял.

Вялікія магчымасці для набыцця эканамічных ведаў дае арганізаваная пошукавая і пазнавальная практычная дзейнасць. У нашай групе арганізаваны куток эксперыментавання, у якім выхаванцы праводзяць захапляючыя доследы і даследаванні. Дашкольнікі даведваюцца, што такое статычная электрычнасць і як яна ўтвараецца, праводзячы даследаванні “Чароўныя шарыкі”, “Ловім электрычнасць у валасах”, “Злаві матылька”, знаёмяцца з электрычнымі батарэйкамі і праводзяць дослед з лямпачкай. Пасля таго як дзеці сістэматызавалі свае веды пра электрапрыборы і крыніцы току, пра прызначэнне электрапрыбораў і іх прымяненне чалавекам у побыце, мы пазнаёмілі іх з правіламі бяспечнага абыходжання з электрапрыборамі.

Важным у справе выхавання ў дашкольнікаў навыкаў рацыянальнага і эканомнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў мы лічым цеснае ўзаемадзеянне з сям’ёй. Для гэтага выкарыстоўваюцца разнастайныя формы работы: кансультацыі “Карысныя навыкі і звычкі ў побыце — таксама эканоміка”, конкурсы на тэму “Я ў краіне сваёй жыву — святло і ваду берагу”, даследчыя акцыі ў сям’і “Эканомія ў дзеянні ў нашай сям’і”. Для бацькоў выхаванцаў мы праводзім спецыяльныя заняткі, на якіх мамы і таты вучацца дамашняй эканоміі. Разам з дзецьмі яны ўдзельнічаюць у правядзенні практычных работ дома: “Аб’ём выкарыстанай вады для ранішняга ўмывання”, “Аналіз расходавання электраэнергіі, вады і газу ў сям’і па паказаннях лічыльнікаў”, “Разлік электраэнергіі, якая спажываецца сям’ёй за суткі”.

Значным у плане набыцця ведаў і творчым па форме рэалізацыі стаў конкурс сумесных малюнкаў дзяцей і бацькоў на тэму “Я ў краіне сваёй жыву — святло і ваду берагу”, удзельнікі якога змаглі праявіць фантазію і выказаць адносіны да навакольнага свету. Дашкольнікі і іх бацькі былі вельмі зацікаўлены і захоплены стварэннем малюнкаў і плакатаў, а потым і афармленнем выставы і прэзентацыяй плакатаў, вырабленых дома.

Мы ўпэўнены, што праз эканамічнае выхаванне ў дашкольнікаў фарміруецца цэласнае ўяўленне пра навакольны свет, усведамленне адзінства чалавека і прыроды, адказнасць за захаванне яе рэсурсаў.

Таццяна АПАНАСЁНАК,
выхавальніца ясляў-сада № 8 Смаргоні.