Экашкола ў Чавусах: перазагрузка

- 11:45Навіны рэгіёнаў

Сярэдняя школа № 2 Чавус з нядаўняга часу функцыянуе з прыстаўкай “эка”. У навучальнай установе паспяхова рэалізавалі адпаведную ініцыятыву.

Як расказала дырэктар экашколы Наталля Кірпічова, да гэтага звання ўстанова ішла мэтанакіравана. На працягу шэрага гадоў фарміраванне экалагічнай культуры вучняў тут у прыярытэце ўсёй выхаваўчай работы.

— Эколага-краязнаўчае выхаванне навучэнцаў займае цэнтральнае месца ў адукацыйным працэсе. Нягледзячы на тое, што асобнага прадмета “Экалогія” ў школе няма, пытанні экалагічнай адукацыі разглядаюцца на ўроках і ў пачатковых, і ў старшых класах. Пэўная ўвага гэтаму напрамку ўдзяляецца і падчас пазакласнай дзейнасці, — паведаміла Наталля Сцяпанаўна.

Паводле яе слоў, вучні разам з педагогамі даўно займаюцца вырошчваннем расады кветак. Да гэтай працы далучаны ўсе класы. Дзеці актыўна ўдзельнічаюць у вырошчванні саджанцаў. Такая нескладаная работа фарміруе неабходныя навыкі і веды адносна экалагічнай культуры.

— Тры гады назад мы ўжо рэалізавалі праект па ўкараненні сістэмы экалагічнага менеджменту ва ўстановах адукацыі. Ён дазволіў навучыць дзяцей рэсурсазберажэнню. Зараз, падаючы заяўку на ўдзел у конкурсе ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, што фінансуецца Еўрасаюзам і рэалізоўваецца ПРААН, мы хацелі павысіць узровень экалагічнай культуры падрастаючага пакалення. Ініцыятыва “Экашкола № 2 Чавус: перазагрузка” была накіравана таксама на паляпшэнне ўзаемадзеяння школы з мясцовай уладай, установамі і арганізацыямі, на развіццё зацікаўленасці вучняў у жыцці грамадства, — адзначыла Наталля Кірпічова.

На рэалізацыю праекта са спецыяльнага фонду ПРААН другой чавускай школе было выдзелена звыш 7 тысяч еўра. На гэтыя і ўласныя сродкі менш чым за паўгода была праведзена рэканструкцыя школьнай цяпліцы. Будынак, які доўгі час пуставаў, цяпер можа выкарыстоўвацца па прызначэнні.

— Раней расаду кветак мы вырошчвалі на падаконніках. Магчымасці адноўленай цяпліцы дазволілі значна пашырыць асартымент саджанцаў, павялічыць іх рэалізацыю. Акрамя таго, зараз мы пачалі вырошчваць агародніну, — сказала Наталля Сцяпанаўна.

Адметна, што ініцыятыва была накіравана таксама на далучэнне школьнікаў да прыродаахоўнай і практыка-арыентаванай дзейнасці па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі школы і горада ў цэлым.

— У рамках праекта нашы дзеці маглі вучыцца ландшафтнаму дызайну. Да таго ж яны атрымалі ўнікальную магчымасць прымяніць веды, атрыманыя ў галіне экалогіі, на практыцы. Кожны вучань змог распрацаваць праект, накіраваны на азеляненне і добраўпарадкаванне роднага горада. Надоечы мы разгледзелі работы школьнікаў. Было шмат цікавых ідэй, — расказала Наталля Сцяпанаўна.

І сапраўды, навучэнцы здзівілі сваёй крэатыўнасцю і творчым падыходам да справы. Самыя неардынарныя праекты ўжо з’явіліся на вуліцах Чавус. Школьнікі добраўпарадкавалі вялікую тэрыторыю вакол аўтавакзала, шматлікіх іншых сацыяльна значных аб’ектаў горада. За сваю працу ўсе юныя ландшафтныя дызайнеры атрымалі каштоўныя падарункі ад мясцовай улады.

Педагагічны калектыў школы перакананы: падобнае заахвочванне вельмі матывуе моладзь на ўдзел у грамадскім жыцці. Такім чынам, праект “Экашкола” не толькі павышае экалагічную культуру дзяцей, але і стымулюе іх да сацыяльнай актыўнасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.