Эксперымент дзеля здароўя

- 10:57Навіны рэгіёнаў

Складаныя фізкультурныя практыкаванні з мячом, скакалкай, абручамі, гульня ў баскетбол — і ўсё ў хуткім тэмпе, прафесійна. Калі б сама не пабывала на прэзентацыі фізкультурна-аздараўленчай работы ў дзіцячым садзе № 39 Гродна, якую арганізавалі для бацькоў выхаванцаў, нават і не ўявіла б, што гэта ўсё могуць выконваць дзеці 5—6 гадоў.

А нагодай для такога мерапрыемства стала падвядзенне вынікаў работы за год у эксперыментальным праекце “Апрабацыя тэхналогіі кіравання функцыянальным станам дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі фізічнага выхавання”. Навуковае кіраўніцтва праекта ажыццяўляецца кафедрай спартыўных дысцыплін факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

— Наш дзіцячы сад мае добрыя фізкультурныя традыцыі і добрую матэрыяльную базу — басейн, спартыўную залу, абсталяваныя пляцоўкі для заняткаў на вуліцы. Фізічная падрыхтоўка дзяцей — адзін з важных элементаў работы, — расказвае загадчыца садка Вера Марцулевіч. — Таму з цікавасцю адгукнуліся на прапанову прыняць удзел у праекце. Галоўныя яго мэты — распрацаваць заняткі фізічнымі практыкаваннямі для дзяцей розных груп з улікам іх фізічнай падрыхтаванасці і працаздольнасці, правесці дыягностыку і абгрунтаваць такую сістэму фізічнай падрыхтоўкі, якая б забяспечвала аптымізацыю функцыянальнага стану і павышэнне ступені гатоўнасці дзяцей да навучання ў школе.

Падрыхтоўчы перыяд прыйшоўся на восень мінулага года. Адным з галоўных этапаў была работа з бацькамі, якіх пазнаёмілі з умовамі і мэтамі эксперымента, атрымалі пісьмовую згоду на ўдзел іх дзяцей у ім. Пасля тэсціравання дзетак, якое ўключала некалькі кірункаў — фізічныя, псіхалагічныя, паводзінскія характарыстыкі, у групу па эксперыменце ўвайшлі 39 выхаванцаў сярэдніх груп і 67 — старэйшых. Першапачаткова толькі адна мама адмовілася ад удзелу свайго дзіцяці ў праекце, але праз некаторы час папрасілася ў эксперымент, таму што на гэтым настаяла само дзіця, убачыўшы, як цікава стала на фізкультурных занятках.

— На падрыхтоўчым этапе была прапанавана арыгінальная сістэма дыягностыкі, — расказвае кіраўнік фізічнага выхавання Ганна Петрулевіч. — Акрамя стандартных тэстаў, былі выкананы кардыяграма, таксама спіраметрыя — вымярэнне аб’ёмных і хуткасных паказчыкаў дыхання. За год удзелу ў эксперыменце паказчыкі фізічнага здароўя дзяцей значна палепшыліся. Так, калі раней пульс пасля фізічнай нагрузкі ў дзяцей прыходзіў у норму пасля 2,5—3 хвілін, то зараз — за паўтары хвіліны.

— Навізна эксперыментальнага праекта заключаецца ў тым, што прапанавана арыгінальныя дыягностыка і прагназаванне фізічнага стану дзяцей ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі, тэхналогія кіравання іх фізічнай падрыхтоўкай накіравана на доўгатэрміновую аптымізацыю фізічнага стану ў працэсе навучання і выхавання, — расказвае старшы выкладчык кафедры спартыўных дысцыплін Сяргей Кесель. — Новаўвядзенне арыентавана на фарміраванне здароўезберагальнага складніка адукацыйна-выхаваўчага працэсу дзяцей дашкольнага ўзросту.

Эксперыментальныя комплексы ўключаны ў змест заняткаў па фізічным выхаванні ў выглядзе 10—12-хвіліннага развіццёвага модуля, а таксама інтэграваныя ў змест дадатковых заняткаў у рамках гурткоў “Школа мяча” ў дзіцячым садзе № 39 ці танцавальна-гульнявой рытмічнай гімнастыкі ў ДЦРД № 60 Гродна. Сфарміравана 6 эксперыментальных і адна кантрольная група. У праекце ўдзельнічаюць таксама яслі-сады №№ 52 і 54 Гродна.

Як паведаміў загадчык кафедры спартыўных дысцыплін доктар педагагічных навук Віталь Храмаў, за год работы атрыманы наступныя вынікі: распрацаваны комплексы фізічных практыкаванняў развіццёвай накіраванасці для дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту, якія валодаюць розным узроўнем фізічнай працаздольнасці; на ўсіх эксперыментальных пляцоўках ажыццёўлена зыходная і выніковая дыягностыка паказчыкаў, якія адлюстроўваюць розныя аспекты функцыянальнага стану дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту; праведзена падрыхтоўка педагогаў да выкарыстання эксперыментальных комплексаў фізічных практыкаванняў на фізкультурных занятках, кіраўнікі фізічнага выхавання асвойвалі прыёмы выкарыстання рознаўзроўневага падыходу ў працэсе комплекснага развіцця рухальных здольнасцей дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту; рэалізаваны планы ўкаранення зместу эксперыментальнай дзейнасці ў сістэму фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў дашкольнай установы з улікам абавязковага выканання патрабаванняў вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

Актыўны ўдзел у эксперыменце прымаюць таксама студэнты 3-га і 4-га курсаў факультэта фізічнай культуры, якія прымаюць удзел у рэалізацыі дыягнастычных працэдур з выкарыстаннем дакладных інструментальных методык — спіраметрыі, варыяцыйнай кардыярытмаграфіі, стэп-эргаметрыі. Атрыманыя вынікі эксперыментальнай дзейнасці выкарыстоўваюцца ў рамках навукова-даследчай работы студэнтаў кафедры спартыўных дысцыплін, а таксама пры выкананні курсавых работ па спецыяльнасці “Фізічная культура” і спецыялізацыі “фізкультурна-аздараўленчая і турыстычна-рэкрэацыйная дзейнасць”.

Эксперыментальная работа павінна завяршыцца ў канцы гэтага года. Яшчэ адным важным яго вынікам Ганна Петрулевіч і яе калега Наталля Стасевіч лічаць тое, што індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці стварае для яго сітуацыю поспеху, зацікаўлівае да заняткаў. А ім самім таксама вельмі цікава ўдзельнічаць у эксперыменце, бо ён дазваляе павысіць педагагічны ўзровень, атрымаць новы досвед у рабоце.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.