Новы навучальны год абяцае быць яркім і цікавым для навучэнцаў устаноў адукацыі Міншчыны. Аб гэтым пераканаўча сведчаць мерапрыемствы Тыдня дадатковай адукацыі.
Як паведаміла Т.А.Цвірко, начальнік цэнтра выхаваўчай работы Мінскага абласнога ІРА, старт Тыдню дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Мінскай вобласці быў дадзены падчас правядзення абласнога вэбінара, арганізаванага МАІРА. Фармат інтэрактыўных зносін дазволіў прыцягнуць шырокую аўдыторыю педагогаў дадатковай адукацыі і бацькоў, зацікаўленых ва ўсебаковым гарманічным развіцці сваіх дзяцей.
— Сёння мала проста распрацаваць змястоўную праграму аб’яднання па інтарэсах і пасіўна чакаць, калі ў дзверы цэнтра творчасці пастукаюцца бацькі і дзеці. Трэба заяўляць пра сябе, працаваць над стварэннем іміджу ўстановы, быць канкурэнтаздольнымі ў сферы адукацыйных паслуг, — лічыць Таццяна Анатольеўна Цвірко. — Тыдзень дадатковай адукацыі — своеасаблівы экзамен сістэмы, па выніках якога стане зразумела, ці прыйдуць да нас дзеці.
Больш за 55 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак Мінскай вобласці штогод знаходзяць сабе занятак па душы ў клубах, секцыях і аб’яднаннях. Сёлета такіх магчымасцей у іх будзе яшчэ больш: у цэнтрах творчасці адкрыты новыя кірункі работы. Так, у Вілейскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’явіліся аб’яднанні па інтарэсах “Дзівосны свет эканомікі”, “Прававы эрудыт”. У ЦДТ Нясвіжскага раёна запрашаюць аб’яднанні “Асновы прадпрымальніцтва”, “Юны мадэльер” і інш. Быць прыгожымі знешне і ўнутры навучаць юных салігарчан у “Школе моды”, макіяж-студыі “Імідж”, аб’яднанні “Культурныя людзі”. У Крупках дзяцей навучаць графічнаму дызайну, а аб’яднанні для юных аматараў камп’ютараў з’явіліся адразу ў некалькіх цэнтрах. Запатрабаваным аказаўся і фізкультурна-спартыўны кірунак работы. Напрыклад, у ЦТДіМ Барысаўскага раёна адкрыта адразу некалькі такіх аб’яднанняў: па змешаных адзінаборствах, скандынаўскай хадзьбе, валейболе, дзіцячай аэробіцы.
Каб быць канкурэнтаздольнымі, цэнтры дадатковай адукацыі імкнуцца адпавядаць патрабаванням часу і выкарыстоўваць сучасныя формы работы. Актыўна наладжваецца сеткавае ўзаемадзеянне, адбываецца рэклама паслуг дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праз сацыяльныя сеткі, групы. Падчас правядзення Тыдня дадатковай адукацыі былі прадэманстраваны новыя цікавыя падыходы да арганізацыі мерапрыемстваў.
Крупскі цэнтр дзіцячай творчасці запрасіў дзяцей у фальклорныя экспедыцыі і на аўкцыёны ведаў “Гуляючы, пазнаём свет”. Акрамя таго, тут прайшлі парад мастацтва і творчасці “Чароўны куфэрак”, святочная праграма “Дзверы адчыняюцца — свята пачынаецца”, квест-гульня “Краіна захапленняў і ведаў”. Каб ахапіць увагай як мага больш дзяцей ва ўсіх куточках раёна, былі праведзены акцыі “ЦДТ — сельскай школе”.
“Дадатковая адукацыя. Мы адкрыты для ўсіх!” — пад такім дэвізам прайшоў тыдзень у Капыльскім раёне. Тут вялікую ўвагу ўдзялілі рабоце з бацькамі — была наладжана работа кансультацыйных пунктаў для дзяцей і іх законных прадстаўнікоў. Усе жадаючыя пазнаёміліся з перасовачнай выставай “Даведайся пра цэнтр творчасці за адзін дзень”. Свае аб’яднанні ЦДТ рэкламаваў падчас PR-кампаніі “Заўсёды вам рады”, свята “Дом, дзе вас любяць і чакаюць” і гульнявой праграмы “Свет творчасці і фантазіі”.
У Жодзіне прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства: этнапанарама “З народных вытокаў”, гістарычны экскурс “Зямля з блакітнымі вачыма” і экспрэс-заняткі “Лега-робат”. Педагогі і выхаванцы Цэнтра творчасці, турызму і экскурсій Жодзіна не толькі запрасілі гасцей да сябе, але і самі адправіліся ў госці — у горадзе правялі святы мікрараёнаў “АДУ-маркет”. А ў дзень адкрытых дзвярэй дзяцей запрасілі на фотавернісаж, майстар-класы і ў фітабар.
Папуры займальных доследаў NAUKA+ прадэманстравалі патэнцыяльным выхаванцам у Вілейскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Таксама для наведвальнікаў правялі экскурсію-гульню ў жывым кутку “У гасцях у братоў нашых меншых”, выставу-гутарку “Тэхнамайстэрня”. Кульмінацыяй тыдня стаў фестываль творчасці “IDEA-ART”, у рамках якога ладзілася канцэртная праграма “Музычнае канфеці”, працавалі творчыя пляцоўкі “Тэрыторыя творчасці”, выступалі юныя спартсмены.
ЦТДіМ “Світанак” Пухавіцкага раёна аганізаваў гарадское свята, на якое былі запрошаны ўсе жадаючыя. Асарці-канцэрт, горад майстроў, выстава і вясёлы флэшмоб “Мы адзіныя ў горадзе” сталі яркімі падзеямі свята.
— Відавочна, што сур’ёзная падрыхтоўчая работа, праведзеная ва ўстановах дадатковай адукацыі цэнтральнага рэгіёна, па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, прыцягненні кваліфікаваных творчых педагогаў, распрацоўцы ўнікальных запатрабаваных праграм дае свой плён: ідзе актыўны набор у гурткі і секцыі розных профіляў, — падводзіць вынікі тыдня Т.А.Цвірко. — Асаблівай папулярнасцю карыстаецца спартыўны кірунак, тэхнічная творчасць, турызм і краязнаўства, мастацка-дэкаратыўная творчасць. Кожная з 48 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінскай вобласці здзіўляе навінкамі і нестандартным падыходам да рэкламнай кампаніі, актыўна ўкараняе сучасныя PR-тэхналогіі і элементы event-менеджменту.
Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.