Электроніка далася ў рукі

- 11:14World Skills

Максім Ступакевіч, які прадстаўляў на рэспубліканскім конкурсе прафесійную кампетэнцыю “Электроніка”, прайшоў складаны шлях адбору, першы чым трапіць на пляцоўку рэспубліканскага конкурсу.

Спачатку прайшоў адборачны этап на базе прадпрыемства “Інтэграл”, дзе акрамя Максіма прымалі ўдзел яго аднакурснікі — студэнты 3 курса фізіка-тэхнічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Інфармацыйна-вымяральная тэхніка” Дзяніс Клышэвіч і Аляксей Скрабец. Хлопцы выконвалі заданні па схематэхніцы, распрацоўцы друкаваных плат і праграмаванні мікракантролераў. Кіраўніком студэнтаў быў старшы выкладчык кафедры “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” В.Ю.Ступакевіч. На чэмпіянаце Валерый Юзэфавіч выступіў у ролі эксперта ў гэтай кампетэнцыі. Пазней на базе Рэсурснага цэнтра электронікі і прыборабудавання БДУІР падвялі вынікі праведзенага адбору па кампетэнцыі “Электроніка”, дзе адным з пераможцаў стаў Максім Ступакевіч. Хлопец прыняў удзел у фінале IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020.

Удзельнікі кампетэнцыі “Электроніка” выконвалі заданне, якое складалася з трох незалежных адзін ад аднаго модуляў: дызайн друкаванай платы і рашэнне схематэхнічных задач; мантаж і зборка ўстройства; праграмаванне ўбудоўваемых сістэм.

Удзельнікам неабходна было выканаць некалькі схематэхнічных заданняў, затым выканаць дызайн друкаванай платы па прынцыповай схеме з улікам зададзеных патрабаванняў у сістэме САПР, ажыццявіць мантаж друкаванай платы па прадстаўленай дакументацыі метадам ручной пайкі, выканаць заданне па праграмаванні (або зборцы на макетнай плаце і далейшым праграмаванні) устройства, выкарыстоўваючы зададзенае асяроддзе распрацоўкі. Мова праграмавання C.

— У сувязі з пастаянным з’яўленнем новых распрацовак у галіне тэхнікі будучыя інжынеры-электронікі павінны ўвесь час праяўляць ініцыятыву ў павышэнні ўласнай кваліфікацыі, каб іх навыкі і веды былі сучаснымі і адказвалі галіновым стандартам, — расказаў В.Ю.Ступакевіч. — Спецыялістам па электроніцы трэба будзе працаваць з шырокім спектрам інструментаў, спецыялізаваным высокатэхналагічным абсталяваннем і новымі матэрыяламі. Усё часцей у работу ўкараняюцца камп’ютары і спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне для інфармацыйных тэхналогій, таму акрамя тэарэтычных ведаў, якія студэнты атрымліваюць у сценах універсітэта, ім неабходны практычныя ўменні і навыкі, якія яны набываюць, удзельнічаючы ў розных праектах і конкурсах.

Па словах эксперта, WorldSkills — гэта рух, мэтай якога з’яўляецца павышэнне статусу прафесійнай адукацыі і стандартаў прафесійнай падрыхтоўкі па ўсім свеце. Яго місія — развіццё прафесійных кампетэнцый і павышэнне прэстыжу высокакваліфікаваных кадраў, дэманстрацыя важнасці уменняў і навыкаў для эканамічнага росту і асабістага поспеху.

Валерый Юзэфавіч Ступакевіч — старшы выкладчык кафедры “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. Ён скончыў гродзенскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Радыёфізіка” і з таго часу тут працуе. Валерый Юзэфавіч займаў пасады інжынера навукова-даследчага сектара, выкладчыка, старшага выкладчыка, намесніка начальніка цэнтра інфарматызацыі і аўтаматызацыі, начальніка цэнтра тэлебачання і відэавытворчасці. Ён чытае студэнтам дзённай, вячэрняй і завочнай форм навучання наступныя дысцыпліны: радыётэхнічныя ланцугі і сігналы, вымяральныя пераўтваральнікі неэлектрычных велічынь. Валерый Юзэфавіч з’яўляецца пастаянным членам журы абласнога конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці моладзі “ТэхнаІнтэлект” і міжнароднага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “Таленты XXI стагоддзя”.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.