Электронная энцыклапедыя Маларыты

- 7:46Навіны рэгіёнаў

У жыцці часта бывае так: чалавек нарадзіўся, вырас, атрымаў адукацыю і пакінуў куток маленства. Але ў памяці назаўсёды застаюцца тыя мясціны, дзе знаходзіцца бацькоўскі дом і дзе спазнаў многія таямніцы і дзівосы роднага краю. Хочацца іншы раз пабываць там, але да яго дзясяткі ці нават сотні кіламетраў. Тады на дапамогу прыходзяць розныя даведнікі, фотаальбомы, фотаздымкі…

Шмат карыснай інфармацыі пра Маларытчыну змешчана ў гісторыка-дакументальнай кнізе-хроніцы раёна “Памяць” (1998), фотаальбомах “Маларыта і яе ваколіцы” (2008), “Маларыта і ваколіцы” (2010), “Некалькі дзён на Маларытчыне” (2014), а таксама ў фотагалерэі сайта раённай газеты “Голас часу”. Звесткі пра літаратурнае жыццё раёна можна атрымаць, пагартаўшы, напрыклад, “Літаратурную карту Берасцейшчыны” (2008) ці зазірнуўшы на сайт Маларыцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

— Звесткі на шматлікіх інтэрнэт-рэсурсах разрозненыя і вельмі часта згрупаваныя па пэўных галінах жыццядзейнасці паасобку, — гаворыць настаўніца геаграфіі Таццяна Аляксееўна Мартынюк з Маларыцкай раённай гімназіі. — Таму ўзнікла ідэя рэалізаваць краязнаўчы інфармацыйны праект “Электронная энцыклапедыя Маларыты”, дзе ўсё было б сабрана разам і комплексна. За яго ажыццяўленне некалькі месяцаў назад узяліся адзінаццацікласнікі Мікіта Бакунін і Лізавета Саўчук. Па выніках ХІІ раённай вучнёўскай навукова-даследчай канферэнцыі “Дзеці. Творчасць. Інтэлект” гэты праект быў адзначаны дыпломам І ступені. Азнаёміцца з “Электроннай энцыклапедыяй Маларыты” можна па адрасе: http://www.gor-gorod.ru.

На галоўнай старонцы размешчаны каляндар, надвор’е ў анлайн-рэжыме, прагноз надвор’я на некалькі дзён і некалькі закладак: “Візітоўка”, “Гісторыя горада і раёна”, “Прырода”, “Сацыяльная сфера”, “Нашы землякі”, “Яшчэ…”. У апошняй закладцы можна азнаёміцца з рубрыкамі “Што паглядзець”, “Галерэя”, “Гэта цікава”, “Геалакацыя” і “Зваротная сувязь”.

Інтэрнэт-рэсурс карысны для гасцей горада. Гэта вельмі зручна, бо ў адным месцы сабрана неабходная інфармацыя пра расклад руху аўтобусаў і цягнікоў ад мясцовай станцыі, аптэкі, бальніцы, пункты грамадскага харчавання, АЗС, пункты абмену валюты, наяўнасць і браніраванне месцаў у гасцініцы. Энцыклапедыя падкажа, што паглядзець у горадзе і дзе можна адпачыць.

Унізе галоўнай старонкі ёсць спасылкі на інтэрнэт-парталы дзяржаўных устаноў і арганізацый. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выкліча 3D-тур па цэнтры горада, гарадскім парку і ваколіцах Маларыты.

— Сваю работу мы прымеркавалі да 450-годдзя горада, — расказвае Мікіта Бакунін. — Упершыню Маларыта згадваецца ў 1566 годзе ў акце рэвізіі Берасцейскага староства як каралеўская вёска Рыта Малая Палескай воласці ў Брэсцкім павеце і ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. “Электронная энцыклапедыя Маларыты” — своеасаблівы падарунак роднаму гораду да юбілею.

— Работа па стварэнні інтэрнэт-рэсурсу яшчэ не закончана, — працягвае Лізавета Саўчук. — Ён будзе пастаянна папаўняцца новымі матэрыяламі. У нас шмат задум. Упэўнена, што пад кіраўніцтвам настаўніцы Таццяны Аляксееўны мы ажыццявім іх, і “Электронная энцыклапедыя Маларыты” стане энцыклапедыяй у пэўным сэнсе гэтага слова.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.