Калі поўнасцю і падрабязна пералічваць усе навуковыя і грамадскія заслугі Эмануіла Рыгоравіча Іофе, гэта зойме не адну газетную старонку. За працяглы час навуковай і творчай актыўнай дзейнасці ён праявіў сябе як грунтоўны даследчык, публіцыст, педагог і грамадскі дзеяч. Сёння вядомы гісторык і педагог расказвае нам пра сваё дзяцінства і шлях у вялікую навуку.
Значную частку дзейнасці Эмануіла Рыгоравіча складае вывучэнне маладаследаваных ці недаследаваных аспектаў Вялікай Айчыннай вайны, пошук і папулярызацыя невядомых раней гістарычных фактаў пра выбітных палітычных дзеячаў Беларусі, даследаванні праблем нацыянальных меншасцей. Шматлікія кнігі па гэтай тэматыцы сталі бестселерамі на рускамоўнай чытацкай прасторы. Навуковыя работы Э.Р.Іофе друкаваліся ў Германіі, ЗША, Ізраілі, Польшчы і іншых краінах.
Эмануіл Рыгоравіч з’яўляецца членам Беларускага саюза журналістаў і Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, шмат друкуецца не толькі ў навуковых, але і ў грамадска-палітычных выданнях.
З навуковай і педагагічнай кар’ерай спалучае актыўную грамадскую дзейнасць. З’яўляецца адным з заснавальнікаў Асацыяцыі палітычных навук і Беларускага таварыства палітолагаў. Э.Р.Іофе — акадэмік Міжнароднай акадэміі вывучэння нацыянальных меншасцей, эксперт па нацыянальных адносінах беларускай секцыі Міжнароднага таварыства правоў чалавека, член праўлення Рэспубліканскага гістарычнага таварыства і фонду “Трасцянец”, член рэдкалегій некалькіх навуковых і педагагічных часопісаў.
Эмануіл Рыгоравіч таксама працяглы час з’яўляўся членам трох навуковых саветаў па абароне дысертацый (БДУ, БДПУ і Беларускага НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы) і экспертам фонду фундаментальных даследаванняў Беларусі. Яго вельмі часта запрашаюць у якасці навуковага кансультанта пры падрыхтоўцы гістарычных і энцыклапедычных выданняў. У прыватнасці, ён быў навуковым кансультантам 6-томнай “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” і 18-томнай “Беларускай энцыклапедыі”.
— Эмануіл Рыгоравіч, чым было адметна ваша дзяцінства?
— Калі гаварыць шчыра, пасляваеннае дзяцінства ва ўсіх было аднолькавае. Шмат хто з маіх аднакласнікаў разбіраў руіны, знаходзіў зброю і снарады, з-за чаго многія засталіся без пальцаў, нават без рук. Мяне ў гэтым плане Бог бараніў.
Калі пачалася вайна, мне было 2 гады. Спачатку мы апынуліся ў эвакуацыі ў Тамбоўскай вобласці, а потым — у Казахстане.
— Як увогуле бацькам удалося ў той час выехаць з прыфрантавой зоны?
— Гэта было вельмі цяжка. Нам проста пашанцавала. Калі пачалася вайна, бацька быў у камандзіроўцы. Дапамаглі нам яго калегі. Пасадзілі нас — маці, цяжарную трэцім дзіцем, мяне і старэйшага брата — на нейкую ваенную машыну (памятаю, як старэйшы брат вісеў на падножцы). Гэта нам дазволіла не згубіцца ў патоку бежанцаў. Спачатку даехалі да Магілёва, а потым бацька нас знайшоў, і мы адправіліся далей і, нарэшце, апынуліся ў Казахстане: у калгасе імя 1 Мая Сырдар’інскага раёна Кызылардзінскай вобласці.
Нягледзячы на тое, што тата некалькі разоў прасіўся на фронт, яго не мабілізавалі, бо на той час ён ужо быў інвалідам грамадзянскай вайны (атрымаў цяжкае раненне ў нагу падчас службы ў 1-й Коннай арміі) і з’яўляўся намеснікам начальніка ДЭУ — арганізацыі, што будавала шашэйныя дарогі.
З дзяцінства памятаю шмат цікавых момантаў. Як хварэў на малярыю і мяне выходжвалі. Таксама засталося ў памяці, як адзін калгаснік-казах, які вёз нас на возе, сур’ёзна запытаўся: “Калгас 1 Мая — вялікі калгас, а Масква — большы калгас?” (Смяецца.)
— Першы дзень у школе памятаеце?
— Вярнуліся з эвакуацыі мы вясной 1945 года, а на наступны год я пайшоў у школу. Усе 10 гадоў я вучыўся ў гарадскім пасёлку Беразіно, які потым стаў горадам. Калі я нарадзіўся, ён адносіўся да Магілёўскай вобласці, а ў 1944 годзе — да Мінскай.
1 верасня 1946 года, калі я пайшоў у школу, было па-свойму ўрачыстым. Разумелі, што пачынаецца новы этап у жыцці. Было крыху сумна, што шмат чаго не ставала, не хапала падручнікаў, сшыткаў, нават паперы.
Ды і раскашаваць таксама асабліва сродкаў не было. Жылі мы даволі сціпла, бо маці, Куна Навумаўна, не працавала. У сям’і было трое дзяцей: я, старэйшы за мяне на 4,5 года брат Савул і малодшы на 3 гады Навум, які нарадзіўся ў студзені 1942 года ўжо ў эвакуацыі.
Першыя гады мяне вучыла Соф’я Сяргееўна Ліопа (яе сын быў вядомым у Беларусі дзеячам і дырэктарам Белдзяржпраекта). Да гэтага часу памятаю ўсіх сваіх настаўнікаў. І калі даводзіцца іх успамінаць, ні пра аднаго не кажу ніводнага дрэннага слова.
Калі я вучыўся ў 5—6 класах, рускую мову і літаратуру выкладала Маргарыта Паўлаўна Носава, выпускніца Саратаўскага ўніверсітэта імя М.Г.Чарнышэўскага. Яна стала маёй любімай настаўніцай, і потым, пасля школы, мы доўгі час перапісваліся.
У школе я быў актывістам. Адным з першых мяне прынялі ў піянеры, быў звенавым, старшынёй савета атрада і дружыны, сакратаром камітэта камсамола, галоўным рэдактарам школьнай газеты…
— Наколькі лёгка даўся выбар далейшага шляху ў жыццё пасля школы?
— Калі надышоў час думаць пра паступленне, выбіраў паміж фізматам і гістарычным. Але мяне больш цягнула гісторыя. Так я скончыў гістарычны факультэт. Потым, праз шмат гадоў, дадаткова атрымаў спецыяльнасці палітолага і сацыёлага.
Так што ў галіне адукацыі я фактычна 58 гадоў. Пасля заканчэння Мінскага педінстытута (сённяшняга БДПУ імя Максіма Танка) з 1961 года працаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ў Крамоцкай сярэдняй школе Старадарожскага раёна. У той час гэта была вялікая адзінаццацігадовая школа за 30 кіламетраў ад Старых Дарог. Той школы ўжо даўно няма — яе аб’ядналі з іншымі навучальнымі ўстановамі. Потым гэтае месца апынулася ў Слуцкім раёне Мінскай вобласці, а цяпер знаходзіцца ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай.
Калі я толькі прыйшоў туды працаваць, мне адразу прапанавалі пасаду завуча па вытворчым навучанні. Але я адмовіўся, бо дрэнна ведаў сельскагаспадарчую тэхніку (аўтамабілі, трактары, камбайны) і разумеў, што з такой работай не спраўлюся. Але ўсё роўна мяне загрузілі напоўніцу. Акрамя правядзення ўрокаў, мне прыйшлося выкладаць шмат іншых прадметаў, бо прадметнікаў не хапала. Разам з гісторыяй і грамадазнаўствам вёў і геаграфію, і літаратуру, і шмат што іншае… Ды, відаць, усе прадметы, акрамя фізікі і матэматыкі.
Таксама выконваў шмат грамадскіх даручэнняў. Быў камсоргам калгаса, старшынёй камісіі па вуснай і друкаванай прапагандзе пры Слуцкім райкаме камсамола, нават старшынёй пазаштатнай камісіі па тэхніцы бяспекі райана. За тры гады я прачытаў 300 бясплатных лекцый для жыхароў нашага калгаса “Шлях Ільіча”. Калі ездзіў па раёне, трапляў у розныя сітуацыі і шмат што бачыў. На такіх сустрэчах свінаркам і даяркам даступнай мовай расказвалі пра палітыку партыі і ўрада, пра палітычныя падзеі ў свеце.
Неяк на адну з палітасветных сустрэч з калгаснікамі разам са мной прыехаў мой аднакурснік, які працаваў у абкаме камсамола, і ўбачыў такую карціну: каля фермы, дзе павінна была адбыцца сустрэча, тоўсты слой гною, электрычнасці няма, а вакол фермы ходзіць вартаўнік з газавым ліхтаром. “Во цябе жыццё і загнала”, — здзівіўся сябар.
Аднойчы па лініі таварыства “Веды” (тады яно называлася Таварыствам палітычных і навуковых ведаў) мяне адправілі ў Пухавіцкі раён. Сустрэча праходзіла акурат на полі. Я заўважыў, што жанчыны пачалі між сабой шушукацца і падбіваць сяброўку задаць мне пытанне. “Ён павінен ведаць адказ, бо шмат дзе ездзіць…” І адна з вясковых жанчын, гадоў пад 40, запыталася, ці праўда, што ў Пухавічах адна жанчына нарадзіла дзіця і з’ела яго. Безумоўна, я адказаў, што ўсё гэта плёткі і хлусня і такога не можа быць.
А пасля адной з маіх лекцый пра міжнароднае становішча (у 1962 годзе якраз быў Карыбскі крызіс і назіралася напружанасць у Еўропе) мясцовыя жыхары з нейкага перапуду пабеглі ў магазін і падчысцілі ўсе паліцы. (Смяецца.) На наступны дзень я выпадкова сустрэўся з загадчыкам магазіна. “Ну, дзякуй табе, падмялі ў магазіне ўсё”, — з жартам сказаў ён.
Праз некаторы час мяне хацелі прызначыць дырэктарам школы. Тады я ўжо быў членам партыі і ведаў, што, калі адмовішся ад прапановы, пляма на біяграфіі будзе на ўсё жыццё: партыя сказала — трэба выконваць. Прапаноўвалі пасаду другога сакратара райкама, але я папярэдзіў, каб спачатку ўсё ўзгаднілі наверсе, бо праблема пятай графы існавала і аказвала вялікі ўплыў на лёс многіх людзей.
— Чаму вырашылі пайсці ў навуку?
— Мяне заўсёды вабіла навука, і я вельмі хацеў паступіць у аспірантуру.
У той час было шмат прапаноў. Напрыклад, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў вучылішчы пры камвольным камбінаце. У аддзеле кадраў мне паставілі ўмову: за 10 дзён неабходна было зрабіць мінскую прапіску (без яе на работу не бралі). А дзе ж я яе вазьму? Прыйшлося адмовіцца.
Потым мне прапанавалі работу ў Навагрудскім гандлёвым тэхнікуме, але я шукаў месца, якое было б недалёка ад Мінска, бо планы займацца навукай заставаліся. Так я трапіў у Навапольскі сельскагаспадарчы тэхнікум планавікоў і эканамістаў, што знаходзіўся ў Мінскім раёне, недалёка ад Ракава. Тры гады працаваў там настаўнікам гісторыі, грамадазнаўства і палітэканоміі, займаўся грамадскай работай і праводзіў КВЗ з навучэнцамі. Каб весці палітэканомію, пажадана было мець эканамічную адукацыю, таму я 2 гады завочна вучыўся на эканамічным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
А калі ажаніўся, змог уладкавацца завучам па выхаваўчай рабоце ў 13-ю мінскую школу.
— Ведаю, што ў аспірантуру вы паступілі з вельмі вялікімі цяжкасцямі…
— Так. Аспірантам стаў толькі з дзясятай спробы. Кожны год я добра здаваў уступныя іспыты, але, як мне потым паведамлялі, не праходзіў па конкурсе. Але ж былі і выпадкі, калі я з’яўляўся адзіным прэтэндэнтам на месца ў аспірантуры, аднак і тады не было гладка. Двойчы, калі я паступаў у аспірантуру Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі (сённяшні БДАТУ) і Інстытута народнай гаспадаркі (сённяшні БДЭУ), аб’яўлялі дадатковы набор і бралі любога, абы не браць мяне. І зноў з-за пятай графы.
У 1969 годзе я нарэшце стаў аспірантам-завочнікам аспірантуры Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Пры гэтым яшчэ да паступлення я здаў кандыдацкія экзамены. Скончыўшы аспірантуру ў 1973 годзе, паўтара года чакаў сваёй чаргі, каб абараніцца. Здаецца, свайго аспіранта павінны былі прапусціць наперад, але перада мной па-за чаргой абараняліся людзі з усяго былога СССР. Вучоным сакратаром тады быў вядомы археолаг Леанід Побаль, які, карыстаючыся пасадай і тым, што мой лёс шмат у чым залежаў ад яго, прымушаў мяне праз райана рэалізоўваць “цагліны” — надрукаваныя зборы навуковых прац.
Абарону пераносілі некалькі разоў. І калі, нарэшце, зацвердзілі дату, сталася так, што ў гэты момант я павінен быў паехаць на вайсковыя зборы. На вучэнні і манеўры мяне заўсёды прызывалі ў адзін і той жа танкавы полк 120-й дывізіі — неяк нават даслалі персанальную заяўку на мяне. З-за таго, што я ўжо быў настаўнікам і аспірантам, мяне заўсёды прызначалі старшым сярод “партызан” — тых, каго прызывалі на зборы. Нават прапаноўвалі пасаду прапагандыста палка, але я адмаўляўся, бо звязваць сваё жыццё з арміяй не збіраўся. Аднак на працягу збораў пэўны час быў сакратаром партбюро 1-га гвардзейскага танкавага батальёна, а, дарэчы, сактаратаром 3-га батальёна з’яўляўся будучы першы намеснік міністра культуры Беларусі старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп.
І вось у лютым 1975 года я пайшоў да камандзіра палка прасіцца адпусціць мяне на абарону дысертацыі, і, на маё шчасце, усё склалася: часць выязджала на вучэнні на наступны дзень пасля маёй абароны.
Пятая графа яшчэ шмат разоў псавала мне жыццё. Напрыклад, мяне прадставілі да звання маёра, але праз некаторы час паведамілі, што мае дакументы згубіліся (і гэта ў мірны час!). Дарэчы, з вайсковымі званнямі быў яшчэ адзін смешны выпадак. Калі мне прысвоілі званне старшага лейтэнанта, аказалася, што гэта быў іншы Іофе, і ў мяне адабралі званне, а праз некаторы час зноў прысвоілі.
— Нават у “Вікіпедыі” ёсць звесткі пра тое, што абарона вамі кандыдацкай дысертацыі не была гладкай. У чым была цяжкасць?
— Калі дысертацыя (якая, дарэчы, прысвячалася дзейнасці вядомага гісторыка, акадэміка, першага рэктара БДУ Уладзіміра Іванавіча Пічэты) была гатова, адна за адной пачаліся перадабароны. На кожнай — новыя і новыя заўвагі.
Аўтарэферат я паслаў у тым ліку двум вядомым у СССР гісторыкам-акадэмікам — Льву Уладзіміравічу Чарапніну і Міліцы Васільеўне Нечкінай. Л.У.Чарапнін нічога не адказаў, а ад М.В.Нечкінай прыйшоў імянны водгук на афіцыйным бланку Акадэміі навук СССР. Тое, што М.В.Нечкіна, двойчы акадэмік — Акадэміі навук і Акадэміі педагагічных навук СССР, — даслала станоўчую рэцэнзію на маю кандыдацкую дысертацыю, было незвычайным (нават на доктарскія работы саюзныя акадэмікі рэдка адгукаліся — гэта былі сапраўдныя багі). Папаўзлі чуткі, што яна мая цётка, пачаўся перапалох, але неўзабаве абарона адбылася. Аднак усё было не так проста: яшчэ 11 месяцаў я чакаў пацвярджэння з Масквы, бо ўсе работы праходзілі праз структуры СССР.
Затое доктарская прайшла ў мяне хутка, нібы па рэйках.
— Зусім без цяжкасцей?
— Канечне, цяжкасці былі, але не настолькі крытычныя.
Доктарская дысертацыя прысвячалася гістарыяграфіі сацыяльна-эканамічнага разіцця беларускай вёскі сярэдзіны XVII — першай паловы XIX стагоддзя. Я рыхтаваў яе, паралельна працуючы выкладчыкам.
На вывучэнне маёй дысертацыі кінулі 2 сектары (а гэта 8 кандыдатаў навук), у задачу якіх уваходзіла шукаць у рабоце недакладнасці. Справа была ў тым, што ў нашым Рэспубліканскім савеце толькі адкрылі спецыяльнасць “Крыніцазнаўства” і, як мне здаецца, на думку акадэмічнага кіраўніцтва, першым абароненым доктарам па гэтай спецыяльнасці павінен быў быць беларус. Таму, пакуль не абараніўся Генадзь Каханоўскі, мяне да абароны фактычна не дапускалі. Праз 2 гады з акадэміі патэлефанавалі і прапанавалі падаваць на абарону. І вось тады ўжо ўсё пайшло без перашкод.
— Як складвалася ваша педагагічная кар’ера ў якасці выкладчыка ВНУ?
— Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі тры гады я не мог уладкавацца на работу ў ВНУ — шкада, што столькі часу прайшло марна! Увесь гэты перыяд я працаваў у школе, але марыў пра вышэйшую школу. Шмат дзе былі патрэбны выкладчыкі з навуковай ступенню. Але ўзгадненне кандыдатур выкладчыкаў грамадскіх дысцыплін праходзіла ў партыйных органах, і мне ўвесь час адмаўлялі. На першы погляд, нішто не перашкаджала кіраўніцтву ВНУ ўзяць мяне на работу, але мне не давалі рэкамендацыю ў гаркаме ці абкаме КПСС. Памятаю выпадак, калі я прэтэндаваў на вакансію ў Політэхнічным інстытуце (сённяшнім БНТУ) і мяне, кандыдата навук, не ўзялі, аддаўшы перавагу беларусу без навуковай ступені. Я быў абураны і хацеў прыйсці на вучоны савет, калі разглядалася пытанне аб праходжанні па конкурсе, але тагачасны рэктар Валянцін Дзмітрыевіч Ткачоў па-сяброўску сказаў мне: “Гэта непажадана”.
Я падаваў дакументы на конкурсы ў навучальныя ўстановы і навукова-даследчыя інстытуты, але мяне па-ранейшаму нідзе не бралі. Да таго часу, пакуль я не пайшоў у ЦК партыі да Юрыя Пятровіча Смірнова, які загадваў аддзелам навукі і навучальных устаноў. Дзякуючы яму, мяне ўзялі ў педінстытут імя А.М.Горкага, але не ў штат, а на ўмовах пагадзіннай аплаты. На наступны год тагачасны рэктар інстытута прафесар Аляксандр Цімафеевіч Караткевіч прапанаваў і далей працаваць на тых самых умовах, але мяне гэта не задавальняла. Прыйшлося пайсці да Івана Іванавіча Антановіча, які ў той час з’яўляўся сакратаром Мінскага гаркама партыі па ідэалогіі і закінуў за мяне слоўца. Калі мяне выбіралі па конкурсе, на вучоным савеце 25 прагаласавалі “за” і 19 — “супраць”. Атмасфера была вельмі напружанай. Пра гэта сведчыла яшчэ і тое, што сакратар партарганізацыі інстытута, ставячы мяне на партыйны ўлік, сказаў: “За вас было 19 чалавек супраць. Вам трэба падумаць”. Вось такая ў той час была “інтэрнацыянальная” палітыка. (Смяецца.)
Нарэшце ў жніўні 1978 года я стаў штатным выкладчыкам Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага. Выходзіць, што тут я працую ўжо 41 год — больш, чым палову жыцця.
— Займаліся толькі выкладаннем і навукай?
— Канечне, не. Потым я атрымаў і партыйнае даручэнне: быў кіраўніком сектара палітыка-выхаваўчай і культурна-масавай работы ідэалагічнай камісіі № 11 зоны 2 Маскоўскага райана — займаўся палітычна-культурнай работай па месцы жыхарства. Узначальваў гэты сектар на працягу 10 гадоў. Пасля аднаго з усесаюзных партз’ездаў мяне выклікала саркратар райкама і папрасіла як лепшага супрацоўніка сустрэцца з замежнымі гасцямі, каб запэўніць іх, што яўрэяў у нас не прыціскаюць. На гэтую прапанову я адказаў: “Калі папраўдзе раскажу, што, маючы ступень кандыдата навук, да гэтага часу працую на кафедры асістэнтам, ім больш нічога не трэба будзе”.
У свой час мне прапаноўвалі пайсці працаваць загадчыкам школьнага аддзела ў райкам партыі, а потым — сакратаром парткама вядомага тады і багатага калгаса імя Мікалая Гастэлы. Але я своечасова даведаўся, што гэта быў хітры ход, каб адправіць мяне далей ад Мінска (я быў знаёмы з аўтарытэтным сярод мясцовага насельніцтва сакратаром партарганізацыі гэтага калгаса і разумеў, што яго ніхто знімаць з пасады не збіраецца). Патрэбна была мая прынцыповая згода на такую работу: атрымаўшы яе, я мог быць адпраўлены куды заўгодна.
— Эмануіл Рыгоравіч, вы вельмі часта выступаеце з навуковымі і публіцыстычнымі артыкуламі ў прэсе. Ці лічылі, колькі ў вас публікацый?
— Не палічыце, што я хвалюся, але ні ў аднаго з гісторыкаў-грамадазнаўцаў у нашай краіне няма столькі друкаваных работ, колькі ў мяне — больш за 2 тысячы, сярод якіх амаль палова — навуковыя. Выдадзена 49 кніг, сярод іх 12 манаграфій. І гэта пры тым, што я прыйшоў у навуку дастаткова позна.
— Якая кніга для вас самая дарагая?
— Кнігі, нібы дзеці. Любіш кожную. Шмат хто адзначае маю кнігу пра Лаўрэнція Цанаву, некаму падабаюцца іншыя выданні. Відаць, самай дарагой стала кніга “Абвер, паліцыя бяспекі і СД, таемная палявая паліцыя, аддзел “Замежныя арміі — Усход” у заходніх абласцях СССР. Стратэгія і тактыка. 1939—1945 гады”, якая ўпершыню выйшла ў 2007 годзе. Прыхільна ўспрынятая чытачамі, яна вытрымала 2 выданні. Гэта першае ў свеце выданне пра дзейнасць нямецкіх спецслужбаў на тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны.
Таксама для мяне вялікае значэнне мае 50-я на маім рахунку манаграфія “Ад пакалення да пакалення”, якая хутка выйдзе з друку. Гэта камернае выданне, падрыхтаванае толькі для блізкіх людзей, яно адлюстроўвае сувязь пакаленняў у нашай сям’і.
— Які прафесійны шлях выбралі вашы дочкі?
— Жанна — кандыдат біялагічных навук, працуе на факультэце прыродазнаўства, аўтар больш чым 200 навуковых прац, кіруе шматлікімі даследчымі праектамі. Другая — Галіна — атрымала спецыяльнасць сацыяльнага педагога і псіхолага, зараз жыве ў ЗША, дзе скончыла каледж па фінансавым напрамку, але потым зацікавілася ёгай і вядзе гурток.
У 1996—1997 гадах у мяне была магчымасць эмігрыраваць у ЗША (там зараз жыве дачка з сям’ёй), але, нягледзячы на настойлівую прапанову, вырашыў застацца на радзіме. Я з нараджэння звязаны з Беларуссю, даследую невядомыя старонкі гісторыі краіны. Акрамя таго, я выдатна разумеў, што там наўрад ці каму буду патрэбны.
У мяне ўжо шасцёра ўнукаў: 4 унучкі і 2 унукі. Старэйшай унучцы ўжо 27-ы год, а самай малодшай — чацвёрты.
— А завяршыць справы і адпачыць не хочацца?
— Ды што вы! Я люблю працаваць: шмат усялякіх мерапрыемстваў, мноства ідэй і задумак.
— Карыстаючыся нагодай, дазвольце ад імя калектыву “Настаўніцкай газеты” павіншаваць вас, Эмануіл Рыгоравіч, з юбілеем! Няхай вам шчасціць, няхай не спыняецца ваш творчы пошук і даследчыцкія ідэі! Здароўя і дабрабыту вам і вашай вялікай сям’і!
Гутарыў
Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара і з архіва Э.Р.Іофе.