Эмодзі замест слоў, ці Як пераадолець залежнасць ад смартфона

- 12:34Образование, Приложение, Психолог в школе

Сучаснае грамадства з прычыны паўсюднай інфарматызацыі мала ўвагі ўдзяляе міжасобасным зносінам, дзякуючы якім фарміруецца эмацыянальны складнік асобы чалавека. У большасці сваёй яны зводзяцца да зносін праз гаджэты.

STOP PHUBBING

Фабінг — залежнасць ад гаджэтаў, праблема XXІ стагоддзя. Гэта прывычка ўдзяляць мабільнаму тэлефону больш увагі, чым свайму суразмоўніку. Фабінг абясцэньвае асабістыя зносіны, спрашчае выказванне пачуццяў і звужае спектр эмоцый. Па ўсім свеце аб новым слове даведаліся дзякуючы аўстралійскай кампаніі па барацьбе з фабінгам STOP PHUBBING.

Залежнасць ад мабільнага тэлефона можа прыводзіць да страты цікавасці адно да аднаго, калі два суразмоўнікі або кампанія ўвесь час адцягваюцца на пабочныя дзеянні ў смартфонах або зносіны анлайн. Рассейваецца ўвага — чалавек адцягваецца на смартфон падчас важных дзелавых сустрэч, нарад, вучобы і прапускае або хутка забывае частку важнай інфармацыі. Залежнасць ад тэлефона і інтэрнэту прыводзіць да маларухомага ладу жыцця. Замест таго, каб растлума­чыць свой пункт гледжання або раска­заць нейкую навіну, чалавек адпраўляе спасылку або адказвае коратка: “Загуглі!”

Пры фабінгу падлеткі большую частку часу ўдзяляюць гаджэтам. Прыметы фабінгу:

— падчас зносін з сябрамі, бацькамі падлетак адцягваецца на гаджэты;

— аддае перавагу зносінам у са­цыяльных сетках, месенджарах;

— гаджэт размяшчае так, каб заўсёды бачыць экран;

— грэбуе сном, доўга перад сном седзячы ў гаджэтах;

— тэлефон кладзе побач або трымае ў руках падчас прыёму ежы, прагулак, выканання дамашняга задання і любой іншай дзейнасці;

— любое гукавое апавяшчэнне становіцца сігналам, каб адразу ж адцягнуцца на тэлефон, нягледзячы на гутарку;

— нешта глядзіць у тэлефоне падчас хадзьбы;

— для разнастайнасці вольнага часу выкарыстоўвае новыя дадаткі на тэлефоне;

— схільны адкладаць важныя справы, урокі, каб заняцца чым-небудзь на гаджэце.

Не магу выказаць пачуцці

Адным з фактараў, якія садзейніча­юць узнікненню парушэнняў у сферы эмоцый, з’яўляецца алексітымія — няздольнасць чалавека называць эмоцыі, якія перажываюцца ім самім або іншымі людзьмі, гэта значыць, пераводзіць іх у вербальны план. Даслоўна алек­сітымія азначае “недахоп слоў для выказвання пачуццяў”.

Эмацыянальны інтэлект — гэта здольнасць разумець і кіраваць сваімі і чужы­мі эмоцыямі. Падлеткавы перыяд — найважнейшы этап жыцця, які шмат у чым вызначае наступны лёс чалавека. Падлетак спрабуе асэнсаваць самога сябе, сваіх сяброў, бацькоў, грамадскія каштоўнасці.

Псіхолагі вывучаюць феномен фабінгу як фактар развіцця алексітыміі і зніжэння эмацыянальнага інтэлекту ў падлеткаў. Падчас аднаго з даследаванняў рэспандэнтаў падзялілі на дзве групы: падлеткі з высокім узроўнем фабінгу і падлеткі з нізкім узроўнем фабінгу. Атрымалі цікавыя вынікі. Агульны ўзровень эмацыянальнага інтэлекту ў групы падлеткаў з фабінгам ніжэйшы, чым у падлеткаў, не схільных да залежнасці ад гаджэтаў. Узровень эмацыянальнага інтэлекту ў дзяўчынак вышэйшы, чым у хлопчыкаў. Верагодна, гэты факт можна растлумачыць тым, што выхаванне дзяўчынак і хлопчыкаў з ранняга дзяцінства мае свае асаблівасці. У прыватнасці, хлопчыкаў выхоўваюць больш жорстка, без залішняй пяшчоты і эмацыянальнасці, пастаянна акцэнтуюць увагу на палавой прыналежнасці (“цярпі, ты ж мужык”), забараняюць плакаць і скар­дзіцца, тым самым блакіруючы важны эмацыянальны складнік развіцця асобы.

Падлеткі, у якіх не выяўлены фабінг, адносяцца да неалексітымічнага тыпу асобы. Яны здольны да вербалізацыі ўласных пачуццяў і эмоцый, могуць факусіравацца на ўнутраных перажываннях, маюць эмацыянальную адчувальнасць у адносінах да іншых людзей. У большай ступені алексітымія выяўлена ў хлопчыкаў, чым у дзяўчынак.

Пры фабінгу спектр эмоцый звужаецца да тых, якія прадстаўлены ў наборах смайлікаў эмодзі або сацыяльных сетках, гэта значыць, падлеткі выказваюць пачуцці і эмоцыі ў выглядзе смайлікаў. Зносіны па відэасувязі не дазваляюць у поўнай меры ацаніць невербальныя сіг­налы: міміку, позу, паставу, становішча рук і цела суразмоўніка. Сапраўдная сувязь пры зносінах па тэлефоне страчваецца. Камунікацыя па тэлефоне парушае ўспрыманне і разуменне эмоцый і адчуванняў іншых людзей.

Эмацыянальнымі падзеямі, сваім меркаваннем, поглядамі падлеткі дзеляцца з іншымі ў сацыяльных сетках у выглядзе відэаролікаў, фатаграфій, пастоў, афарызмаў. Зваротную сувязь атрымліваюць у выглядзе лайка, каментарыяў. Акрамя таго, патрэба ў атрыманні такой зваротнай сувязі ўзрастае.

У фабераў выяўленая алексітымія. Перавага анлайн-зносін, злоўжыванне гаджэтамі, прывычка адцягвацца на тэлефон падчас жывых зносін прыводзяць да парушэння міжасобасных камунікацый. Чалавек, які сядзіць насупраць, успрымае пастаяннае знаходжанне ў гаджэце як нежаданне чуць, слухаць, разумець, спачуваць, паважаць і г.д. Узрастае колькасць абязлічаных кантактаў, якія не патрабуюць асобаснай уключанасці.

Намі распрацаваны рэкамендацыі для навучэнцаў па пераадоленні фабінгу (залежнасці ад гаджэтаў).

Рэкамендацыі, як пераадолець залежнасць ад смартфона

1. Для пачатку заматывуйце сябе. Вазьміце ліст паперы, падзяліце яго на дзве калонкі. У левай частцы напішыце: “Чаго я пазбаўляю сябе, калі “завісаю” ў смартфоне”. Прывядзіце як мага больш прыкладаў: не адчуваю смаку ежы, не паспяваю зрабіць важныя справы, спазняюся, сваруся з блізкімі, прапускаю міма вушэй тое, што мне гавораць, і г.д.

У правай частцы адзначце: “Што я набуду, калі адмоўлюся ад смартфона”. Напрык­лад, больш вольнага часу, добрыя адносіны з блізкімі, жывыя зносіны з сябрамі, новае захапленне. Прааналізуйце табліцу, якая атрымалася. Заўважылі, як многа забірае ў вас смартфон? Тады робім наступны крок.

2. Абмяжуйце для сябе час карыстання гаджэтамі. Для гэтага ад вас патрэбна будзе сіла волі, але ў выніку вы не толькі зноў пачняце атрымліваць задавальненне ад жывых зносін, але і набудзеце больш вольнага часу. Абмежаванне можа быць розным: напрыклад, раз на дзень выдзеліць 30—40 мінут на прагляд паведамленняў, навін, сацсетак ці кожныя 3 гадзіны па 5—10 мінут. Тут галоўнае — дакладна сачыць за часам і не ператвараць 10 мінут у 30, а 30 — у 60.

3. Вызначце месца для свайго смартфона і не насіце яго з сабой па ўсёй кватэры. Не выкладвайце яго на стол падчас яды.

4. Зрабіце чыстку свайго гаджэта — выдаліце лішнія дадаткі і гульні, адпішыцеся ад бескарысных і непатрэбных рассылак і груп.

5. Паспрабуйце забыць смартфон дома, калі ненадоўга выходзіце ў магазін ці на прагулку.

6. Час, які вызваліўся ад смартфона, абавязкова трэба заняць нечым цікавым. Знай­дзіце сабе захапленне, якое не дазволіць зноў адцягвацца на гаджэт.

7. Калі цяжка пазбавіцца прывычкі самастойна, папрасіце блізкіх нагадваць вам аб вашым імкненні кожны раз, калі вы бераце ў рукі смартфон. Дзякуйце ім за такія напаміны.

8. Калі раптам вы сарваліся і замест запланаваных 30 мінут правялі з гаджэтам 2 га­дзіны, не лайце сябе, а прааналізуйце, на што іменна вы патрацілі гэты час і якія з вашых планаў з-за гэтага пацярпелі. Зрабіце выснову: магчыма, вам варта правесці дадатковую чыстку гаджэта ці адказней ставіцца да часавых рамак, ставіць таймер, напрыклад.

9. Абавязкова ўзнагародзьце сябе за поспех. Напрыклад, калі вы два тыдні трымаліся ў рамках, парадуйце сябе чым-небудзь смачным або купіце тое, што вельмі хацелі, але ўвесь час адкладвалі.

10. І памятайце: рэальнае жыццё значна больш цікавае, чым віртуальнае.

Анкета “Залежнасць ад гаджэтаў”

1. Не магу дзень правесці без камп’ютара, смартфона, іншых тэхнічных сродкаў.

2. Калі я не выкарыстоўваю гаджэт, я пачынаю нервавацца.

3. Не магу абмяжоўваць час заняткаў, заўсёды сяджу са смартфонам больш, чым планую.

4. Хлушу бацькам, колькі часу праводжу са сваімі гаджэтамі.

5. Мару застацца сам-насам са сваім смартфонам, пастаянна хачу яго выкарыстоўваць.

6. Адкладваю важныя справы, урокі, каб заняцца чым-небудзь на гаджэце.

7. Калі я ўдзяляю час камп’ютару, смартфону, у мяне добры настрой, адчуваю пачуццё эйфарыі.

8. Патрабую ад бацькоў пакупкі (устаноўкі) новых версій гульняў, іншых сучасных устройстваў.

9. Часам пасля праведзенага часу за тэхнічнымі ўстройствамі ў мяне баліць галава, рэжуць і слязяцца вочы, расстройваецца сон (адказваць сцвярджальна, калі ёсць хаця б адна прымета).

10. Аддаю перавагу гульні на камп’ютары, смартфоне замест сустрэчы з сябрамі, прагулкі.

Падвесці вынік проста. Палічыце адказы “ТАК”: 1—4 — няма прычын для трывогі; 5—6 — тэндэнцыя да залежнасці (фабінгу); 7—10 — назіраецца залежнасць ад гаджэтаў (фабінг).

Алена БЛІЗНЕЦ,
педагог-псіхолаг
сярэдняй школы № 32 Гомеля