Эмоцыі і вопыт, якія застануцца з намі назаўсёды

- 15:35Актуально, Апошнія запісы, Рознае

78-ы чэмпіянат свету па хакеі ўжо стаў старонкай гісторыі — яркай і запамінальнай не толькі для заўзятых аматараў хакея, але і тых, хто не вельмі цікавіцца спортам. Асаблівы стан у людзей, асаблівыя эмоцыі, якія наўрад ці магчыма паўтарыць, змадэляваць, — гэта было агульнае свята для ўсіх, падчас якога Мінск гасцям і жыхарам запомніўся як неверагодна гасцінны, адкрыты і прыветлівы горад. І вялікая заслуга ў гэтым належыць валанцёрам — тым маладым людзям, якія па ўласным жаданні на працягу амаль трох тыдняў дапамагалі ў арганізацыі гэтага свята.
Днямі міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч уручыў граматы і падзякі арганізатарам валанцёрскага руху за іх дзейнасць падчас чэмпіянату свету па хакеі.

Валанцёрства — справа для сістэмы адукацыі краіны не новая. Гэты рух далёка не першы год актыўна развіваецца ў школах, універсітэтах. Але мінулы чэмпіянат стаў своеасаблівым выпрабаваннем для тых, хто па ўласным жаданні імкнецца дапамагаць у добрых справах. І трэба адзначыць, што выпрабаванне было пройдзена з годнасцю.
— Падчас падвядзення вынікаў чэмпіянату свету па хакеі на ўзроўні ўрада сярод іншых напрамкаў дзейнасці заўсёды адзначаецца высокі ўзровень работы валанцёраў, — падкрэсліў падчас сустрэчы з арганізатарамі валанцёрскага руху міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.
На гэтую сустрэчу былі запрошаны прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія прынялі найбольш актыўны ўдзел у падрыхтоўцы валанцёраў. Сярод іх — прадстаўнікі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і іншых. З іх непасрэдным удзелам была забяспечана падрыхтоўка інтэрнатаў cтудэнцкай вёскі для пражывання гасцей чэмпіянату. Акрамя таго, былі створаны зоны гасціннасці і іх адміністрацыя, забяспечаны падбор і навучанне дадатковага персаналу і валанцёраў, арганізаваны прыём, рэгістрацыя і размяшчэнне гасцей чэмпіянату і забяспечаны маніторынг грамадскай думкі наконт умоў пражывання і абслугоўвання ў зонах гасціннасці.

Усяго 752 валанцёры з ліку студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі і актывістаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі былі задзейнічаны падчас правядзення чэмпіянату. У лідарах — МДЛУ — 322 чалавекі, Беларускі ўніверсістэт фізічнай культуры — 200 чалавек. З ліку актывістаў “пярвічак” БРСМ устаноў вышэйшай адукацыі былі задзейнічаны студэнты з БНТУ, БДЭУ, БДПУ, БДУ, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Валанцёры працавалі ў цэнтры акрэдытацыі, прэс-цэнтры, сустракалі і праводзілі гасцей на вакзалах і ў аэрапорце, працавалі ў лінгвістычных службах, дапамагалі з правядзеннем пратакола і канферэнцый, абслугоўвалі гледачоў на лядовых арэнах і прылеглых тэрыторыях, былі задзейнічаны ў арганізацыі спартыўнага і медыцынскага сэрвісу арэн, у інфацэнтрах гасцініц, інфармацыйна-турыстычных цэнтрах, цэнтрах абслугоўвання студэнцкай вёскі. Акрамя таго, Мінскай гарадской арганізацыяй БРСМ была праведзена работа па фарміраванні сэрвісных атрадаў. Усяго было створана 29 такіх атрадаў, у іх складзе на аб’ектах харчавання сталіцы, у гасцініцах працавалі амаль 500 чалавек.
Самым жа значным выпрабаваннем стала арганізацыя пражывання гасцей чэмпіянату і дзейнасці зоны гасціннасці ў студэнцкай вёсцы. Усяго за час правядзення чэмпіянату тут пражывала больш за 10 тысяч чалавек. У аб’ектах харчавання абслугоўвалася больш за 230 тысяч чалавек. І практычна ўсе госці адзначалі вельмі добры прыём.

— Дзякуй арганізатарам, валанцёрам — усім тым, хто выконваў асаблівую функцыю падчас чэмпіянату, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Самыя галоўныя ацэншчыкі гэтай дзейнасці — вы самі: вы найлепш можаце ацаніць, як хацелі і маглі зрабіць сваю работу і што атрымалася. Але не менш важна, якую ацэнку гэтай дзейнасці давалі госці чэмпіянату. І ў гэтым плане нараканняў на работу валанцёраў не было. Хацелася б, каб у далейшым гэты вопыт і практыка спатрэбіліся валанцёрам у жыцці.
І, як адзначылі прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, для ўсіх студэнтаў, якія былі задзейнічаны ў правядзенні чэмпіянату, гэта быў незабыўны вопыт.
— У маладых людзей гарэлі вочы, яны вельмі адказна, якасна падышлі да гэтай дзейнасці, — адзначыла С.М.Маліноўская, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДПУ імя Максіма Танка. — Бо гэта эмоцыі і вопыт, якія застануцца з імі назаўсёды.

 

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота аўтара.