Энергамарафонцы выйшлі на старт

- 11:46Навіны рэгіёнаў

536 работ у чатырох намінацыях былі прадстаўлены на абласным этапе Х Рэспубліканскага конкурсу праектаў устаноў адукацыі па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон” у Гродне.

— Аналіз конкурсных матэрыялаў паказаў, што педагогамі ўкараняюцца разнастайныя як традыцыйныя (агітбрыгады, тэматычныя гульні, акцыі, экскурсіі, гульнявыя змены прышкольных лагераў, гутаркі, сустрэчы, рэйды энергапатрулёў), так і нетрадыцыйныя формы і метады выхаваўчай работы па фарміраванні ў навучэнцаў навыкаў энергазберажэння: выязныя доследна-эксперыментальныя практыкі, навуковыя таварыствы навучэнцаў, энергааўдыт, віртуальныя музеі, кансультпункты, тэматычная работа ў сацыяльных сетках, інтэрнэт-форумы, інтэрактыўныя заданні, сайты, блогі, кейс-метады, — расказвае начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Асмалоўская. — Выклікае цікавасць шырокі спектр друкаванай прадукцыі, распрацаванай творчымі групамі педагогаў сумесна з навучэнцамі і іх бацькамі: метадычныя веснікі, школьныя тэматычныя газеты, буклеты, лістоўкі, плакаты, календары, памяткі, казкі, электравіктарыны. Вядзецца работа, якая спалучае розныя віды дзейнасці ў сям’і, соцыуме, установе адукацыі, у тым ліку ў шосты школьны дзень, канікулярны перыяд.

Удзельнікі конкурсу не толькі агітуюць за эканомныя адносіны да рэсурсаў, але і прапаноўваюць свае метады рацыянальнага іх выкарыстання. Так, навучэнцы сярэдняй школы № 10 Слоніма распрацавалі праект “Геліяэлектрычная крыніца энергіі”, сярэдняй школы № 3 Дзятлава — “Прымяненне цеплаперадачы пры абаграванні цяпліц”, сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска — “Простае рашэнне энергазберажэння ў побыце”, сярэдняй школы № 1 Дзятлава — “Энергія сонца і ветру — энергія будучыні”. Макет катэджа са святлодыёдным асвятленнем прадставілі навучэнцы Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Слонімскага раёна, а навучэнцы Ваўкавыскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя — рухомы цеплавы экран.

Абласны этап конкурсу адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, дзе былі прадстаўлены лепшыя распрацоўкі “Энергамарафону”. Асаблівую цікавасць гледачоў выклікалі выступленні ў намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”, у якой выступілі прадстаўнікі чатырох устаноў, і сярод іх самыя юныя ўдзельнікі — выхаванцы ясляў-сада № 85 Гродна. А пераможцай у гэтай намінацыі стала агітбрыгада “Энерджайзер” Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, якая прадставіла цікавую касцюміраваную праграму і ўцягнула ў яе дзеянне гледачоў.

У намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні” перамог навучэнец сярэдняй школы № 27 Гродна Аляксей Тотчык, які прадставіў праект экаэнергазберагальнага жылога корпуса дзіцячага аздараўленчага лагера. У намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” адзначаны відэаролік навучэнца Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну Вячаслава Чубоўскага; лістоўка, выкананая выхаванцамі ясляў-сада № 101 Гродна; плакат навучэнкі сярэдняй школы № 18 Гродна Ганны Паўлавай; малюнак навучэнкі Цэнтра дзіцячай творчасці Бярозаўкі Лідскага раёна Настассі Антончык. Сярэдняя школа № 27 Гродна стала лепшай у намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі”. Дарэчы, у гэтай намінацыі паказалі сваю дзейнасць па эканомным стаўленні да рэсурсаў 28 устаноў адукацыі. А сама больш работ — звыш 400 — было прадстаўлена ў намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.