“Эрудыты” перамагаюць

- 12:09Навіны рэгіёнаў

Абласны этап “Піянерскага КВІЗа”, ініцыіраванага Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыяй, сабраў у Гродзенскім абласным дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі дваццаць лепшых каманд — пераможцаў раённых этапаў інтэлектуальнай гульні.

— “Піянерскі КВІЗ” — гэта аматарскі брэйн-рынг, віктарына ў сучасным выглядзе, — расказвае старшыня Гродзенскага абласнога савета БРПА Ганна Сарасек. — Удзельнікі прадэманстравалі свой інтэлект, кемлівасць, уменне працаваць у камандзе. Юным інтэлектуалам трэба было адказаць на пытанні ў 6 раўндах, а таксама бліснуць эрудыцыяй у рызыка-туры. Тэматыка заданняў шырокая: ад пытанняў пра краіну, знакамітых піянераў розных гадоў, ваенны перыяд гісторыі, да сучасных відэагульняў, пра беларускі спорт, музыку і мастацтва.

Гульня ахапіла ўсіх піянераў — прайшла ва ўсіх навучальных установах, потым лепшыя выступілі на раённых этапах.

— Каб падрыхтавацца да гэтага цікавага спаборніцтва, мы праходзілі тэсты, знаёміліся з інфармацыяй з кніг і інтэрнэту, нават фільм “Цімур і яго каманда” глядзелі, — расказвае Караліна Аўдзей з Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.

Гучыць гонг, і на экране з’яўляецца відэарад, які дапаўняецца пытаннем. Час на роздум — 30 секунд. Пасля кожнага з раўндаў зачытваюцца правільныя адказы, і гэта выклікае бурную эмоцыю ў тых каманд, якія далі правільны адказ. Настрой у зале вельмі ўзняты, эмоцыі зашкальваюць, але строгае журы ўважліва сочыць за вядзеннем гульні, а кіраўнікі каманд назіраюць за яе ходам з балкона.

Найбольшую колькасць балаў набрала каман­да “Эрудыты” з сярэдняй школы № 3 Ашмян. Разам з ёй Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім фінале гульні “Піянерскі КВІЗ” бу­дуць прадстаўляць каманды AURA з піянерскай дружыны сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масо­нава Свіслачы і “Румлёўскія цмокі” з гімназіі № 1 імя Я.Ф.Карскага Гродна.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.